Аграмэгаполіс
3815 / 0
07.07.2014

Аграмэгаполіс жыве, а žygimont VAZA — ужо не

žygimont VAZA дапісаў сваю гісторыю пра краіну страчаных магчымасьцяў і спыненага часу.

«Аграмэгаполіс» — нечаканы рэліз ад гурта, які па сутнасьці не існуе ўжо гадоў шэсьць. Праца над ім пачалася, калі падавалася, што каманда перажывае другую маладосьць: толькі выйшаў дыск «Distortion», у якім упершыню сьпяваў ня лідэр і аўтар усіх песень Скрыпа, а Вольга Самусік. Гурт тады паказаў частку песень з гэтага альбому на фэсьце Be Free-2008 у Львове. На жаль, гэта аказаўся іх апошні выхад на сцэну. Новы матэрыял, запісаны пры дапамозе ўдзельнікаў гурта IQ48, быў пакладзены на паліцу. Выдадзены (дакладней, выкладзены) ён толькі цяпер. Але ад таго актуальнасьці ня страціў ані.

Ад часоў альбому «Шыба 48» Сяргей Скрыпнічэнка нібы распавядае адну-адзіную гісторыю пра краіну з слаўнай гісторыяй, шэрай і змрочнай цяпершчынай і няяснай будучыняй. Зь цягам часу згадкі пра мінуўшчыну і будучыню сталі радзейшымі, пакуль ня зьніклі зусім. Застаўся толькі наш час. Які спыніўся. У якім «надвячоркам бухаюць будаўнікі, лётаюць побач вароны, шпакі» («Краіна»), дзе «лятуць у небе самалёты, ляжыць нехта шчасьлівы пад плотам» («Аграмэгаполіс»). Гэты альбом — апошні разьдзел у аповесьці пра краіну страчаных магчымасьцяў і спыненага часу.

Цалкам лягічна, што апавядальнік гэтай гісторыі, якая цягнецца два дзесяцігодзьдзі, абраў раз і назаўсёды ў якасьці суправаджэньня максымальна манатонную цягучую музыку (у дадзеным выпадку на аснове блюз-року). Свайму стылю ад часоў той жа «Шыбы 48» žygimont VAZA ня здраджвае, і надта цяжка зблытаць іх гук з кімсьці яшчэ на беларускай сцэне. У «Аграмэгаполісе» ён выкрышталізаваўся дарэшты. Загалоўная песьня па настроі і атмасфэры нібы працягвае «Лякарню» з альбому «Каін» (2004).

У альбоме žygimont VAZA ёсьць якраз тая глыбіня, якой цяпер так бракуе маладзейшым рок-выканаўцам, асабліва беларускамоўным. Зусім ня хочацца верыць, што на «Аграмэгаполісе» сканчаецца гісторыя гэтага незвычайнага гурта.

žygimont VAZA — Аграмэгаполіс, 2014

Спампаваць альбом можна на сайце Скрыпы ці па наўпроставай спасылцы на Google Drive

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by