Апошні золак
6977 / 0
18.08.2014

«Апошні золак». Прастрэлены навылёт

Удзельнікі гэтага шыкоўнага праекту павярнулі кола гісторыі назад. Прычым адразу ў двух вымярэньнях.

Пасьля няўдалага фіналу вельмі моцнага праекту «Скрыпка дрыгвы» (2001), які рабіўся на хвалі эўфарыі пасьля посьпеху трыплету «Народны альбом» —  «Сьвяты вечар» — «Я нарадзіўся тут», але так і ня быў даведзены да выданьня, увесь імпэт «музычнай супольнасьці» згас і кожны ўладкаваўся ў гэтым сьвеце неяк пааасобку. Вядома ж, былі спробы тую «супольнасьць» перазагрузіць і вярнуць, калі беларускія музыкі зьбіралася разам дзеля дабрачыннасьці, Новага году, канцэрту «Крамбамбулі» ці акцыі «Салідарны зь Беларусьсю». Але па сутнасьці, каб выйсьці вось так — адзіным фронтам — ды акрэсьлена і ясна выказацца на зададзеную тэматыку з прадуманай канцэпцыяй, дакладным пасылам, адпрацаванай драматургіяй і да канца давершаным постпрадакшнам, то такога за апошняе дзесяцігодзьдзе пэўна што не было.

Вось чаму карціць далучыць «Апошні золак» да таго лягічнага шэрагу супольных праектаў, зробленых на мяжы стагодзьдзяў (толькі што гэты запісаны ўжывую падчас онлайн-прэм’еры і пасьля ўжо дапрацаваны ў студыі). Балазе самыя дасьведчаныя ўдзельнікі прызнаюць, што ён вярнуў іх у тую самую атмасфэру супольнасьці. Вядома ж, склад удзельнікаў гэтага праекту істотна асьвяжыўся, некаторыя зь вядомых беларускіх музыкаў не ўзялі ўдзелу з аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў. Кульлінковіч і Міхалок, напрыклад, не падзяляюць ідэю адмовы ад сьмяротнага пакараньня. За музычнае суправаджэньне тут адказвае ўжо не N.R.M., а Chiefs Band, да якога далучыліся чароўныя дзяўчаты з струннага квартэту Anima. Фактычна на сцэне прысутнічаў цэлы аркестар ­— у некаторых нумарах задзейнічаныя ажно да 14 чалавек! Урэшце, да заўсёднікаў такіх праектаў Вольскага, Вайцюшкевіча і Памідорава далучыліся ня менш яскравыя асобы — Хітрык, Дзянісаў, Шпакоўская і Рудэнка. Нароўні з музыкамі адпрацавала таксама мастачка Наста Шастак, якая візуалізавала з дапамогай пясочнага шоў кожны трэк падчас жывой прэзэнтацыі і адмыслова да выданьня (пясочныя кліпы можна паглядзець, калі запусьціць дыск у DVD-прайгрывальніку з дапамогай функцыі Multiangle). Драматургічную лінію выдатна адбудавалі рэжысэры Павал Бандзіч і Яўген Шапчыц. Па сутнасьці, можна лічыць, што да праекту таксама далучыліся такія асобы, як айцец Аляксандар Надсан, Стынг (!), Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Адам Глёбус, Валянцін Стэфановіч, якія між песьнямі ў відэавэрсіі выказваюць сваю пазыцыю адносна тэматыкі праекту.

Зь іншага боку, праект адпачатку ня меў шанцаў здабыць тую любоў, якую займелі ранейшыя акцыі нашых музыкаў. Канцэпцыю, скажам, «Сьвятога вечара» аспрэчыць практычна немагчыма. Тэма сьмяротнага пакараньня, якую ўздымае «Апошні золак», у гэтым пляне менш выйгрышная з пункту гледжаньня заваёвы сымпатыі масаў. Мяркуючы з камэнтароў у сеціве, умоўная большасьць патэнцыйнай аўдыторыі яўна не на баку ўдзельнікаў праекту. Але далёка ня кожны з тых, хто крытыкуе, асэнсаваў, што менавіта зрабілі ўдзельнікі «Апошняга золку».

Тут адбыўся паварот кола гісторыі яшчэ ў адным зрэзе — глябальным. Пры ўдумлівым праслухоўваньні і праглядзе «Апошняга золку» шырыня мысьленьня можа сапраўды ўразіць. У гэтых песьнях абыгрываюцца вызначальныя падзеі ў сусьветнай гісторыі, часам вельмі канкрэтныя. Удзельнікі праекту зазіраюць у тыя часы, калі гільятына была звыклай справай і гэты інструмент у выглядзе цацкі быў у кожнай сям’і, а дзеці дзеля забавы гільятынавалі птушак, сабак, катоў («Мая раніца» Ганны Хітрык). У кампазыцыі Алеся Дзянісава «1937» трапляем у крывавую ноч беларускай гісторыі, калі былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў нацыянальнай эліты. Вельмі ўражвальны блёк Аляксандра Памідорава, прысьвечаны пакараньню ў газавай камэры, у які ўвайшла самая цяжкая ў сэнсавым і музычным пляне (але пры гэтым жыцьцесьцьвярджальная) песьня з альбому «Брама» ды неверагодны «Дым», трохі зь іншым тэкстам і кардынальна адрознай аранжыроўкай ад ужо вядомай вэрсіі, што слухаецца як рэквіем. Не саступаюць у сваёй глыбокай эмацыйнасьці і яскравай падачы «Памылка» Насты Шпакоўскай, «Нельга забыць» Лявона Вольскага (тэма — укрыжаваньне!), «Лепей шыбенікі, чым кАты» Зьмітра Вайцюшкевіча ў нечакана вясёлай аранжыроўцы, якая, аднак, цалкам апраўдваецца выдатным вершам Веры Бурлак. Зь безумоўных разынак альбому — сакавітая, насычаная, прыгожа зробленая і прадуманая да дробязяў песьня «Твой Сакрат» Віктара Рудэнкі, у якой задзейнічаны абсалютна ўвесь склад акампаніятараў.

Праект «Апошні золак» з тых, якія зь цягам часу толькі будуць набіраць смак, зьзяць і адкрывацца па-іншаму пры кожным новым праслухоўваньні. Гэта таксама ўзорны прыклад таго, як музыка можа зьмяняць сьвет да лепшага.

Таксама варта адзначыць выдатнае графічнае аздабленьне праекту з «прастрэленай» навылёт вокладкай.

Апошні золак, супольны музычны праект, «Вясна»/Tuzin.fm, 2014

Спампаваць аўдыёвэрсію на Tuzin.fm/Паглядзець відэавэрсію

SB, Tuzin.fm/Budzma.by