Traukamurauka
5500 / 0
17.10.2013

Kriwi новых песень не шукае

Круглова з Kriwi яўна спыніла пошукі новага матэрыялу і працуе толькі над іншай падачай знаёмых песень, знойдзеных ды апрацаваных яшчэ ў «дабэрлінскія» часы. Наогул складаецца ўражаньне, што беларускім фольк-музыкам няма чаго выконваць.

Новы дыск Kriwi сьведчыць найперш пра тое, што праект жывы. Паўнавартаснага альбому ад музыкаў не было ажно з 2002 году, калі выйшаў дыск «Minsk-Berlin». З таго часу гурт Веранікі Кругловай, якая бывае ў Беларусі толькі наездамі, знаходзіцца ў нейкім падвешаным стане і практычна не абазначае сябе ў мясцовай музычнай прасторы. На вокладцы наогул пазначана, што праект створаны ў Бэрліне.

Сваё пакліканьне музыкі Kriwi бачаць у тым, каб пашыраць музычныя межы і на базе беларускага фальклору ствараць мультыкультурны прадукт. Адсюль экспэрымэнты з стылямі і мовамі. Музыка гучыць нязвыкла і нетыпова для фольк-рок гурта. Яе разбаўляюць джазавыя ноткі, выдатныя сола на скрыпцы Карэна Карапецяна, сакавіты бас Славы Сяргеенкі, дзявочае шматгалосьсе (Кругловай падпяваюць выдатныя салісткі Валерыя Валадзько і Наста Хмель). Сама Вераніка акром беларускай карыстаецца расейскай, калі размаўляе з сваёй дачкой перад калыханкай «Gushki», і  нямецкай, калі нечакана ў песеньцы «Zazulia» згадвае вядомую песеньку Пітэра Сігера пра кветкі, якую выконвала Марлен Дзітрых.

Круглова яўна спыніла пошукі новага матэрыялу і працуе толькі над іншай падачай знаёмых песень, знойдзеных ды апрацаваных яшчэ ў «дабэрлінскія» часы. Так што атрымаўся па-сутнасьці альбом лепшых песень ад Kriwi. Наогул складаецца ўражаньне, што беларускім фольк-музыкам няма чаго выконваць, адны і тыя ж творы гуляюць з альбому ў альбом і з праекту ў праект. На дыску пад новымі назвамі хаваюцца добравядомыя якраз у выкананьні Kriwi кампазыцыі: трохі перайначаная «За туманам» пазначаная, як «Kolechko», а «Grusnaja» песьня апынулася «Царкоўкай». Істотна асьвяжылі «Агу, вясна» (яна ж «Wesnatchuha-balbatucha»). Канечне, стары вол баразну ня скрывіць, але хацелася б пачуць ад вядучага фольк-гурта новую праграму. Інакш прыходзяць думкі пра крызіс у гурце, ды і ў самім жанры.

Нельга не адзначыць мяккі і вельмі камфортны саўнд альбому. У пляне гучаньня гэта проста выдатная праца. Як і ў пляне аздабленьня, над якім працавала мастачка Жана Капусьнікава, што калісьці адказвала за зьнешні выгляд мулявінскіх «Песьняроў».

KriwiTraukamurauka, MSH-records, 2013

SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org