М1
4117 / 1
24.10.2013

Аляксандра, Канстанцін і кампраміс

Першыя прадстаўнікі Беларусі на «Эўравізіі» запісалі чацьверты студыйны альбом за 15 год існаваньня і засьведчылі, што толькі яны ў гэтай краіне здольныя спалучыць беларускі фольк, амэрыканскае кантры і рускае дыска. Эклектычны альбом «М1» – узор годнага кампраміса ў нашай музыцы.

Дуэт «Аляксандра і Канстанцін» запісаў выдатны альбом лёгкай музыкі. Такой якраз і мусіць быць беларуская поп-песьня. З прысмакам фольку і з павевамі джаза і блюза. З прыгожым пазнавальным жаночым вакалам недзе паміж Іннай Желаннай і Далорэс О’Рыярдан. Добра прадуманай аранжыроўкай і багатым жывым інструмэнтарыем. Зь няпошлым і няглупым тэкстам. Сьціпла і з густам аздоблены.

«АіК» на гэтым дыску пакрысе выблытваюцца з таго вобраза фольк-дэкор калектыву, які іх было ўжо стаў прыціскаць. Прынамсі, яны больш не бяруць да выкананьня тэксты, што набілі ўжо аскому, ціпа «Саўкі ды Грышкі». Стаўка на альбоме зроблена на аўтарскі матэрыял, хоць ад народных песен цалкам адмаўляцца ня сталі. Праўда што пішуцца ў Аляксандры тэксты па-расейску, а на гэтым полі дуэт губляе сваю адметнасьць, хоць і самі песьні правальнымі не назавеш.  Дыск, як і папярэдні сынгл «Масьленіца», канцэптуальна разломваецца на тры блёкі – беларускі фольк, расейскі поп ды інструмэнтал. Плюс Аляксандра сьведчыць, што яна і па-ангельску някепска пяе (вельмі годны нумар «A Song In Excecc» створаны пад «Эўравізію»). Пры гэтым не назавеш праграму няўдалай, бо у кожным з гэтых блёкаў прысутнічаюць яскравыя нумары. Сярод някепскіх народных кампазыцый вылучаецца прыгожая і шматслойная «Садзіку-вінаградзіку». З расейшчыны – шыкоўная «Тайна».  Абсалютны посьпех альбому – боса-нова «Коцікі вярбовыя» на музыку Карызны-малодшага і словы Карызны-старэйшага. Так салодка класьці словы на музыку на сучаснай беларускай сцэне выходзіла хіба ў Алеся Камоцкага на альбоме «9».

Майстры ў справе напісаньня шчымлівых поп-балядаў і бадзёрых фольк-трэкаў «АіК» сьведчаць на «М1», што яны могуць калі ня ўсё, то шмат чаго і сапраўды зьяўляюцца артыстамі эўрапейскага ўзроўню зь вельмі разнастайным рэпертуарам. І яны цалкам здольныя зрабіць так, каб словазлучэньне «беларуская поп-музыка» гучала годна.

Аляксандра і Канстанцін – М1, Вігма, 2013

SB, Tuzin.fm/Budzma.org

КАМЕНТАРЫ: