Czornaja Panna
5141 / 0
24.10.2013

Люты і бязьлітасны тролінг

Гурт Litvintroll запісаў выдатны альбом, які сьмела можна заносіць у галоўныя здабыткі нашага цяжкага року. «Чорная Панна» прысьвечана памяці басіста гурта Алега Клімчанкі, які загінуў на сцэне падчас канцэрту незадоўга да выхаду праграмы.

Будзем шчырымі – першыя спробы ўдзельніка «Старога Ольсы» Андрэя Апановіча і кампаніі рабіць гэві-мэтал на нацыянальнай глебе былі вартыя жалю. Добрая палова іх дэбютнага альбому «Rock’n’Troll» (2009) была абсалютна праходнай і нецікавай. Здавалася, гурт пакажацца яшчэ пару раз на якім «Басовішчы» ды «Купальскім коле» ды згіне. Скепсіс зьнікае, як толькі ўключаеш іх другі студыйны альбом «Чорная пана» – плён трохгадовай працы музыкаў.  У ім Litvintroll істотна перадумаў сваю музычную канцэпцыю ды спосаб яе падачы. Іх больш не хістае з боку ў бок, яны не злоўжываюць кавэрамі і навязьлівымі народнымі песьнямі. Іх кампазіцыі сталі больш складанымі і прадуманымі, гучаньне – чыстым і сакавітым, а да ўсяго зьявілася тое, што можна назваць вакалам. Гэтая праца выйшла на дзьве галавы вышэй за дэбютнік.

«Чорная Панна» забірае з сабой ад першага ж трэку – выдатнага пралогу «Да сябра», які настройвае на добры лад. Зрэшты, кожная з васьмі кампазіцый мае свой настрой, але пры гэтым усе яны ствараюць цэльнасьць з завязкай, апагеям і фіналам (такога на «RocknTroll» не было заўважна і блізка). Нават рэверанс у бок суседзяў - польская народная «Lipka» (клявішы і сола-гітара на вышыні!) ды шыкоўна аранжаваны інструмэнтал «Ad astra» тут глядзяцца дарэчы. Асабняком стаіць «тролінг» на гістарычную тэматыку «Kryzak» пра тое, як ліцьвіны атрымалі нечаканую дапамогу ў бітве з крыжакамі пад Грунвальдам. Цэнтральны трэк на альбоме – уласна «Чорная пана», амаль сяміхвіліннае манумэнтальнае палатно, у аснову якога лягла гісторыя Барбары Радзівіл. Самы моцны момант, калі Апановіч бярэцца за запеў: «Сэрцам сваім у цябе закаханы…». Магчыма кампазіцыя і вымагае большых вакальных здольнасьцяў, але будзе падмогай салісту на канцэртах слухацкі хор.

Гэты альбом сьмела можна заносіць у галоўныя здабыткі нашага цяжкага року. Ён з катэгорыі тых працаў, якія запісаныя на доўгае праслухоўваньне і зь цягам часу толькі набіраюць градус. Прытым ён здольны праняць і тых, хто ня лічыць сябе аматарам падобнай музыкі. Дарэчы, па саўнду ён вельмі блізкі да заканадаўцаў жанру – гурта Gods Tower. Дасягнуць тагога гучаньня – дарагога каштуе. Уласна кажучы, такім і мусіць быць сапраўдны рокавы альбом беларускага гурта – лютым і бязьлітасным, расьпеўным і мэлядычным, гераічным і містычным.  

Litvintroll - Czornaja Panna, 2013

Паслухаць альбом можна на афіцыйнай старонцы гурта УКантакце

 

SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org

Тэгi: