Gvalt
2468 / 0
24.03.2015

Harotnica. Шчасьце быць гаротным

Гурт, які меўся быў называцца «Сьпевы прастытуткі», запісаў альбом цалкам прыстойных песень пад назваю «Гвалт».

Harotnica яшчэ раз давяла, што альбом цяперака — нішто, а канцэртная актыўнасьць — усё. Музыкі пабілі рэкорд «Серебряной свадьбы»: гурт Сьветы Бень выдаў першы афіцыйны поўнафарматнік на 6-м годзе існаваньня, а «гаротныя» — на восьмы. За гэты час яны прайшлі шлях з гурта — улюбёнца заўсёднікаў бару «Графіці» да жаданага госьця буйных рок-фэстаў: іх клікалі на «Басовішча», «Дружбу», «Камяніцу», на Heineken Open’er Festival у Гдыню ды на разагрэў Кустурыцы. Па дарозе гурт карэктаваў канцэпцыю, падыход, стылістыку ды склад. Нязьменнай заставалася аснова — тэксты Андруся Такінданга і вакал Валерыі Валадзько.

Па сутнасьці, Harotnica першапачаткова была сайд-праектам лідэра Recha, які адчуў у пэўны момант неадольнае жаданьне выказацца ад імя… беларускай прастытукі — асацыяльнай такой асобы, якая тым ня менш ня страціла здольнасьць адчуваць, марыць і кахаць. Ясна, што сьпяваць самому такое не выпадала, таму Андрусь адышоў на другі плян, узяўшы домру, а мікрафон перахапіла Валерыя — ужо вядомая сьпявачка на час заснаваньня праекту, бо з маленства ўваходзіла ў склад «Крыві», а разам з тым удзельнічала ў супольных музычных праектах. Праўда, ад задуманай назвы «Сьпевы прастытуткі» Такінданг адмовіўся, надта ўжо правакацыйна яна гучала. А «Гаротніца» — самае тое. Каму трэба — той зразумее. Праўда, у меркаваны маргінальны вобраз Валерыя ня ўклалася з сваім чысьцюткім непракураным голасам ды сьветлай і пазытыўнай харызмай, ад таго і канцэптуальныя межы праекту пашырыліся. Хутчэй гэта сьпевы асобы адукаванай, вытанчанай і далікатнай, якая можа пасваволіць, пры неабходнасьці пабыць разбэшчанай, але пры гэтым ведае мяжу і меру, ад таго апусьціцца на самае дно ў яе няма аніякіх шанцаў.

Няглядзячы на тое, што гурт як можа пазьбягае ўсялякіх сутыкненьняў з фольк-тэмаю, іх усё адно клікаюць на фольк-фэсты. І гэтаму ёсьць лягічнае тлумачэньне — па сутнасьці яны ствараюць сучасны беларускі фальклёр. Ясна, што пакуль гэта адбываецца ва ўяўнай прасторы — патэнцыйная аўдыторыя гэтага альбому пакуль загіпнатызаваная «Радыё Роксам», таму няма аніякіх шанцаў, што яны палюбяць «Фінку для дзяўчынкі». «Кучомку» і «Матылька» не пачуюць у тутэйшых шынках-карчмах-закусачных, дзе ловіцца адно толькі Ru-TV. Між тым, гэтая музыка проста створаная для такіх месцаў, дзе чадна і тлумна, куды прыходзяць, каб забыцца на бяду ці адзначыць прыемнасьць.

У музыцы Harotnica намяшана багата чаго — доўга вызначаліся з стылем і па дыску бачна, што да канца так і не вызначыліся. Ад таго і скача пульс альбому, як у гіпэртоніка. У чыстую, лёгкую і ненавязьлівую кампазыцыю можа лёгка ўварвацца брудны гітарны драйв ды папсаваць уражаньне чыста, а неўтаймаваную балканшчыну зьмяняе суіцыдальная тэма. Тым ня менш сем песень складаюцца ў нейкі ўцямны пазл. І тут раптам — «Wind», якая хоць і някепска выкананая, але глядзіцца пры гэтым як пятае кола ў возе. У той жа час па-за альбомам, што гучыць усяго з паўгадзіны, засталося нямала яскравых нумароў, запісаных раней. Па выніку застаецца ўражаньне, што з аранжыроўкамі «гаротныя» трохі перамудрылі — адкінуць усе гэтыя непатрэбныя, прынамсі ў запісе, запілы і адступы — і можа атрымацца якраз тое, што здыме інэртную публіку з ручніка «Рускага радыё» і «Шансон-ТВ» ды прыцягне да сябе.

Канцэпцыя аздабленьня «Гвалту» выйшла нават цікавейшай за сам зьмест. Да кожнага трэку была створаная свая карцінка асобна ўзятым мастаком. У аздабленьні паўдзельнічалі Руслан Вашкевіч, Жана Капусьнікава, Міхаіл Гулін, Міця Пісьляк, Мілаш Яўгенавіч, Ларыса Баўге, Аксана Лакоза і Валянцін Благадаў. Так што цяпер «Гаротніца» можа ладзіць канцэрт адначасова з выставаю карцін, створаных па матывах іх песень.

Сяргей Будкін