Dreamcatcher
3893 / 0
27.07.2015

Irdorath. Калі мары зьдзяйсьняюцца

У сваім новым альбоме «Dreamcatcher» фольк-казачнікі з Irdorath паказваюць, якім можа быць годны беларускі поп-праект.

Нядоўгая гісторыя гурта Irdorath сьведчыць, што на гэтай выпаленай ідэалягічным агнём тэрыторыі можна пасьпяхова рэалізоўваць сябе, калі гэтага моцна захацець. Галоўнае не наракаць ды нястомна працаваць. Надзея Ірдарат і Ўладзімер Калач пачыналі ў Горадні шэсьць гадоў таму як нікому не вядомы дуэт, які спэцыялізаваўся на выкананьні нікому не цікавай музыкі Сярэднявечча і выступаў на нікому не патрэбных лякальных сьвятах. Цяпер яны маюць паўнавартасны бэнд, адзін з самых арыгінальных на беларускай сцэне, які робіць выключныя шоў і зьбірае аншлягі на свае выступы. Каб было ў нас такое паняцьце, як «беларуская мара», дык можна было б сказаць, што Irdorath яе ўжо зьдзейсьніў.

Irdorath па першым часе засяродзіўся на інструмэнтальнай музыцы, уплятаючы ў мэлёдыі і рытмы сярэднявечнай эстрады ўласныя напрацоўкі і стылізацыі. На сваім другім альбоме «Dreamcatcher» («Лавец сноў») яны пайшлі іншым шляхам і ня здрадзілі пры гэтым абранаму стылю — Надзея пачала актыўна сьпяваць, пры тым усё часьцей на свае словы, але пры гэтым быў захаваны музычны складнік і разам з тым уся гэтая атмасфэра, якую так любяць аматары сярэднявечнай эстэтыкі. Дуда застаецца інструмэнтам, зь якім асацыюецца музыка Irdorath, хоць музыканты заўважна актыўна выкарыстоўваюць у гэтым альбоме струнныя. Гучаньне па выніку выходзіць аб’ёмнае і… казачнае.

Ідэйна, праўда што, каша суцэльная ў «Dreamcatcher» — досыць складана ўхапіць канцэпцыю ды сэнс самога пасланьня і тэкстаў, тут пяяных: па-ангельску, па-беларуску і нават па-македонску. Затое не заўжды бліскучыя паэтычныя вынаходніцтвы («Точка отсчёта», «Крылы») кампэнсуе сама музыка. Прыклад жа твору «Быў. Ёсьць. Буду», дзе сышлося ўсё разам — выдатная паэзія Ўладзімера Караткевіча, цікавая аранжыроўка і бліскучае выкананьне, — сьведчыць, што ідэал дасягальны. Выдатна таксама зроблена «Tango». Безумоўным упрыгожаньнем альбому зьяўляецца «Ad Bas» — трэк, які паўстаў зь беларускай дзіцячай лічылкі. А яшчэ большая ўдача — бездакорна зьняты кліп на яе.

«Dreamcatcher» сьведчыць, што Irdorath — сьвядома ці не — за паўкроку ад таго, каб вывесьці свой стыль з андэграўнду. Фактычна яна ўжо выглядаюць на выдатна прадуманы (але не прадусарскі!) поп-праект, якому яўна цесна ў межах фэстаў сярэднявечнай культуры. Такая музыка мусіць гучаць на шырэйшы абсяг і большую аўдыторыю. І, як на тое пайшло, лепшага варыянту для ўдзелу ў забаўлянцы для шырокіх масаў пад назвай «Эўравізія», проста не прыдумаць. Трэба проста дакладна расставіць акцэнты і націскі, і ўсё будзе шык-мадэрн.

Сяргей Будкін

Тэгi: