Наша песьня
4903 / 0
30.09.2015

Зьміцер Вайцюшкевіч. Чаму плача «Песьня наша»

«Наша песьня» выглядае хутчэй на складанку сьпеваў розных гадоў і рознай ступені вартасьці, а не на моцны паўнавартасны альбом, які быў бы магутны настолькі, каб сьвядомыя і напаўсьвядомыя слухачы перадавалі яго з флэшкі на флэшку.

Першая думка, якая наведвае пры знаёмстве з новым альбомам Вайцюшкевіча, — памыліўся плэерам. Рэліз адкрывае песьня ансамбля «Неруш»«Мой край». Мусіць, яна пакліканая прадэманстраваць размах, зь якім выканаўца падышоў да сваёй новай працы — з аркестрам, хорам, дзясяткам музыкаў за сьпінай (не стае яшчэ аркестру МУС на песьні «Красуня-вясна») ды перапеўкамі лёсавызначальных для самога Зьмітра песень з супольных праектаў у новых аранжыроўках. Задума ясная, задума годная. Канцэпцыя альбому — ня ў тым, каб сабраць найлепшае ад Вайцюшкевіча за 18 гадоў сольнай кар’еры, а ў тым, каб у яго ўвайшлі песьні, якія лучаць беларусаў незалежна ад іх палітычных прыхільнасьцяў, сацыяльнага статусу і статусу «УКантакце». Тым больш шкада, што ідэя гэтая не ўвасобленая да канца. Атрымалася хутчэй складанка сьпеваў розных гадоў і рознай ступені вартасьці, а ня моцны паўнавартасны альбом, які быў бы магутны настолькі, каб сьвядомыя і напаўсьвядомыя слухачы перадавалі яго з флэшкі на флэшку.

Вайцюшкевіч мае ўсё — імя, голас, легенду, харызму, выдатнае адчуваньне музыкі і паэзіі, аўтарытэт у музычных і літаратурных колах, добрую каманду музыкаў — ад выдатнага баяніста Аляксандра Шувалава і гітарыста Алега Івановіча, якія зь ім адпачатку, да цяперашняй жонкі — хормайстра Галіны Казіміроўскай — і супэрпіяніста Косьці Гарачага, які ўпрыгожыў сваімі сола чатыры нумары з гэтага альбому. Але скласьці ўсе гэтыя здольнасьці, уменьні, адчуваньні, заваёвы і бонусы ў адно цэлае артыст не заўжды дае рады — таму па-ранейшаму яго самы цудоўны і бездакорны альбом датуецца 2003 годам. Бяда тут хутчэй за ўсё ў тым, што Вайцюшкевіч задужа шмат на сябе ўзяў — ён і швец, і жнец, хоць ужо на клярнэце і не ігрэц. Ён сам выбірае матэрыял, сам займаецца яго вырашэньнем, сам кампануе рэліз, сам яго прасоўвае і прадусуе. І няма каму сказаць яму, што зь песьняй «Я нарадзіўся тут» так ня робяць. На альбоме «Наша песьня» Зьміцер пазбавіў яе нэрву і проста забіў гэтай разбэрсанай аранжыроўкай. Пазбаўлены велічнасьці і аб’ёму «Магутны Божа», які тут стаў проста песьняй (каб ня чуць выдатнае выкананьне з праекту «Я нарадзіўся тут», то можна было б прыняць і гэты варыянт). За харавое выкананьне «Палянэзу» дзякуй, але дзе тут Вайцюшкевіч, гэта ж нібы яго альбом? Не зусім ясны экспэрымэнт са «Сьцягам», які быў абсалютна бездакорна запісаны ў 2008 годзе — рок-гітара тут мілая, канечне, але не зусім яна да месца, а голасам Вайцюшкевіч, як гэта часта бывае, пераігрывае (асабліва там, дзе ён неахайна так цягне слова «сьцяя-г»). Сьпіс можна доўжыць, бо песьню, якая мае гонар звацца «Жыве Беларусь!», зусім ня хочацца падхапіць і развучыць, а «Муры» Качмарскага зь нейкага перапуду зробленыя ў стылі эстрадных ВІА 80-х… Пытаньняў няма хіба да выдатнага сьпеву «Я люблю бярозку» на музыку аўтара шэдэўральнай «Ты мне вясною прысьнілася» Юрыя Семянякі і словы Адама Русака, кранальна стылізаваны пад запіс зь вінілавай кружэлкі, новай песьні на Някляева «На дальняй старане» і выдатнага пераасэнсаваньня песьняроўскай «Веранікі», запісанай для праекту «Re:Песьняры». Складаўся бы альбом з такіх нумароў — яго можна было б паставіць упоравень зь бездакорнымі «Паравінамі году».

Не, «Наша песьня» — не правал. Гэта добры альбом, дзе кожны знойдзе сабе хоць бы некалькі песень на свой густ. Проста ад такіх артыстаў, як Вайцюшкевіч чакаеш большага. І яны здольныя на гэта. Гэта мог быць спрадусаваны артыстам альбом патрыятычных песень у выкананьні хору. Гэта мог быць альбом  яго найлепшых песень, запісаных разам з аркестрам. Гэта мог быць сапраўды рэтра-альбом у духу эстрады 60-х ці проста дыск новых песень. А выйшла ні тое ні сёе, на жаль.

Сяргей Будкін