Maukliva
2641 / 2
05.01.2016

Teleport. Карціна алеем

Гэтыя хлопцы займаюцца хутчэй ня музыкай, а жывапісам. Толькі што замест пэндзля ў іх інструмэнты, а замест фарбаў — рознага кшталту гукавыя эфэкты.

Два з паловай гады музыкі з гурту Teleport нікуды не высоўваліся з свайго рэпэтыцыйнага пункту, працуючы над сваёй гукавой канцэпцыяй. Яны не рабілі ніякіх заяваў, што заснавалі круты гурт, ня посьцілі геройскіх сэлфі з гітарамі наперавес, не крычалі, што пішуць геніяльны альбом, і не пантаваліся тым, што зводзіць яго брытанскі саўндпрадусар, які майстарыў дыск Аліны Арловай «Mutabor». Між тым, праца пад назвай «Maukliva» ўяўляе зь сябе маленькі музычны цуд. Яна каштоўная тым, што прыгожая, яе можна сузіраць як твор мастацтва.

Teleport утварыўся пры канцы 2012-га, яго заснавалі Яўген Цярэнцьеў i Максiм Мацэвiч, якія мелі ўжо досьвед, атрыманы ў малавядомых менскіх гуртах. Бубнача Мікалая Пахомчыка пазычылі з блюзавага гурту Cross B Band, а басіста Віктара Гуца, па легендзе, знайшлі проста на дарозе. У тым сэнсе, што ехалі на аўто і ўзялі хлопца, які стопіў. А той аказаўся басістам, якога якраз у камандзе і не ставала. Музыкі моцна замарочыліся ідэяй запісаць такі альбом, якога яшчэ ніколі не было ў беларускай музыцы — сьмелы, экспэрымэнтальны, наватарскі. Ну хто ж таго з маладых ня хоча, але могуць адзінкі. Звычайна, каб таго дасягнуць, не стае ўпартасьці, уменьня і шырыні мысьленьня. «Тэлепорт» гэтую задачу з посьпехам адужаў. Фактычна, хлопцы займаюцца хутчэй ня музыкай, а жывапісам. Толькі што замест пэндзля ў іх інструмэнты, а замест фарбаў — рознага кшталту гукавыя эфэкты. Арыгінальнае гучаньне дасягалася шляхам выкручваньня ручак наладак, гвалтаваньня гітарнага працэсара, вырабу ўласных прымочак, наўмыснага выкарыстаньня олдавай тэхнікі і г. д. Напрыклад, пры запісе песьні «Лета» быў ужыты дыктарскі мікрафон 1961-га году вырабу, а ва ўступе кампазыцыі «Сьветлавы год» гучыць фрагмэнт запісу гурту, у якім граў бацька Яўгена Цярэнцьева, здабыты з магнітнай стужкі.

Гурт вольна карыстаецца дзьвюма мовамі — беларускай і ангельскай, якія гарманічна пераплятаюцца і суіснуюць на гэтым дзівосным альбоме. Трэк-ліст збудаваны такім чынам, што кожны трэк як бы выцякае з папярэдняга, хоць пры гэтым можа зусім не супадаць зь ім ні тэматычна, ні музычна. Цэмэнтуе і злучае іх сам настрой — тая самая непаўторная магічная атмасфэра, стварыць якую дарагога каштуе. Эфэкт такім чынам дасягаецца такі, што слухач проста распускаецца ў гэтым матэрыяле. І яму становіцца добра і спакойна — рэлакс, мэдытацыя і ўсё такое.

Пры тым, што музыка Teleport можа ненапружна заходзіць фонам, іх кампазыцыі цікава расслухоўваць, моршчыць лоб, напружваць глузды ды знаходзіць другі, трэці слой, вычытваць цытаты і алюзіі. Асабліва паказальны тут трэк «Белы шум», у якім спалучылася мілая такая і наіўная ВІАшнасьць з сур’ёзнымі і суворымі арт-рок напрацоўкамі. Такі трэк маглі бы запісаць «Песьняры» ў час баўленьня складанымі музычнымі формамі ў сярэдзіне 70-х. А інструмэнтал, аднайменны назьве гурта, яўна запісаны з прывітаньнем The Beatles ды іх «Sgt. Pepper’s». Некаторыя трэкі яўна пісаліся пад натхненьнем ад творчасьці Роджэра Ўотэрса, Эмэрсана, Лайка ды Палмэра, The Beach Boys ды мала яшчэ каго. Што тут важна — музыкі не прыпадабняюцца да ўлюбёных узораў, а малююць свае карцінкі.  Ад таго ў іх і выходзіць не бессэнсоўнае і бязьлітаснае лабство, а абсалютна ўнікальная творчая прапанова. Шкада хіба, што попыт на яе наўрад ці будзе вялікі тут і цяпер.

Сяргей Будкін

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохожий / адказаць
    08.01.2016 / 10:02

    Музыка ні аб чым. Пра тэксты можна зусім не згадваць. Тэлепорт - гэта бабулькі ля пад'езда, якім усё сучаснае не падабаецца, а ўсё вартае было 50 год таму. Але ў тыя часы была цікавая музыка. Тут жа толькі спроба перайманьня гэтых 60-70 гг., танная копія.

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    09.01.2016 / 13:00

    Так, абсалютна згодны! Прыходзьце на канцэрты!

  • КАМЕНТАВАЦЬ