Чырвоны штраль
3667 / 0
24.01.2016

«Крамбамбуля». Місія невыканальная

Лявон з «Крамбамбуляю» далучыўся да руху музычнага непадпарадкаваньня, якому колісь паклаў пачатак разам з N.R.M. Ягоная сёньняшняя каманда выправілася ў лясы, дзе ўжо заселі атрады Brutto i Dzieciuki.

Вольскі вярнуўся туды, адкуль прыйшоў: пасьля зайгрываньняў з тутэйшым шоў-бізам і музычнымі фарматамі ажно да поп-музыкі ён сышоў у андэграўнд, паказаўшы ўсёй гэтай зрусіфікаванай багеме, чынушам, кантралёрам, капітанам, ідэолягам, міліцыянтам ды іншым прыслугачам свой смачны і далікатны фак. Альбом «Чырвоны штраль» запісаны і выдадзены з асаблівым цынізмам пад той самай сэрцу дарагой пацешнай назвай «Крамбамбуля». Песень ціпа «Гасьцей» ды «Турыстаў» на плыце чакаць не выпадае. Пазыцыянуецца рэліз як разьвітальны, хоць «Крамбамбуля» як канцэпт ужо колькі гадоў ледзьве ліпее — пасьля ня надта ўдалага альбому «Драбадзі-драбада» (2011) стала ясна, што місія «застольнага беларускамоўнага праекту» невыканальная. У выніку Лявон далучыўся да руху музычнага непадпарадкаваньня, якому колісь паклаў пачатак разам з N.R.M., і ягоная сёньняшняя каманда выправілася ў лясы, дзе ўжо заселі атрады Brutto i Dzieciuki.

«Чырвоны штраль» наскрозь прасякнуты тэмаю паўстаньня, змаганьня і супраціву, але дакладнае месца дзеі акрэсьліць немагчыма. Яно паўсюль — бой ідзе нават у начным клюбе, дзе ўмоўны паўстанец жадае распрыгоніцца ў танцы. Асаблівае замілаваньне выклікае песенька «Я страляў у міліцыянта» — вольнае пераасэнсаваньне «I Shot the Sheriff» Боба Марлі. Дзе б ні адбываліся падзеі — у даваеннай, ваеннай ці паваеннай Беларусі, Літве, Польшчы, на Кубе ці Ямайцы — ясна адно: умоўным ворагам будзе дадзены адлуп. Галоўная перавага атраду Вольскага — зусім ня зброя, а іронія, дальнабачнасьць і, ясная справа, любоў да сваёй зямлі і адданасьць ідэалам.

У музычным пляне куламеса ў «Чырвоным штралі» надзвычайная. «Крамбамбуля» стылістычна разгайдалася з прыходам у гурт саксафаніста Паўла Аракеляна і ўнівэрсальнага басіста Алеся-Францішка Мышкевіча, якія на альбоме напісалі па песеньцы ды яшчэ выканалі некалькі вакальных партыяў. У выніку матэрыял атрымаўся яшчэ больш разнастайным, чым у пярэстым першым «Застольным альбоме» (2002) — тут ахоп ад блатняку і джазу да лацінаамэрыканскіх павеваў і рэгі з брутальнымі ноткамі ў груба перасьпяванай «Партызанскай». Пры гэтым усе 12 нумароў спаяныя між сабою настолькі, што вылучыць адназначна галоўную песьню не ўяўляецца магчымым — у кожнага яна, відаць, будзе свая ў залежнасьці ад ступені музычнай разбэшчанасьці і агульнай начытанасьці.

Так ці інакш, рэбрэндынг гэта або разьвітальная акцыя — выйшла яно годна і прыгожа.

Сяргей Будкін