25 Аб-Ба-аркестар
4533 / 0
25.02.2016

«25 Аб-Ба-аркестар». Веліч і ўзьнёсласьць беларускага року

Адзін з найлепшых беларускіх музычных праектаў году зроблены на Падляшшы.

Да швэдзкага поп-гурта гэты праект аніякага дачыненьня ня мае. «Аб-Ба» — гэта літаральна «АБ’яданьне БАцькоў», грамадзкае аб’яднаньне, у якое ўваходзяць неабыякавыя да беларускай культуры жыхары Падляшша, дзеці якіх вывучаюць беларускую мову. Лічба «25» узятая ў загаловак праекту з нагоды юбілею фэстывалю «Басовішча», які адзначаўся ў 2014 годзе: шмат у чым дзякуючы яму тут сфармавалася цікавасьць да сучаснай беларускай культуры. Ідэя праекту «25 АББА-аркестар» простая і ляжала нібы на паверхні, але рэалізаваная ўпершыню: этапныя для беларускага року песьні сьпяваюцца арыгінальнымі вакалістамі разам зь дзіцячым хорам. Такім чынам сымбалізуецца пераемнасьць пакаленьняў і выклікаецца сьляза замілаваньня ад таго, што дзеткі пяюць творы, на якіх расьлі іх бацькі. Так, можа, ня ёсьць у самой Беларусі, але ёсьць на Падляшшы, дзе ў беластоцкай пачатковай школе №4 могуць даць майстар-клясу ўсяму Міністэрству адукацыі Беларусі на прадмет складаньня належным чынам праграмаў для выхаваньня дзетак у беларускім духу. Тут дзеткам ня толькі распавядаюць праўдзівую гісторыю і вучаць жывой мове, але і прапаноўваюць засьпяваць з сапраўднымі рок-зоркамі на адной сцэне.

На добры лад, большасьць з выкананых у гэтым праекце песень мусілі ўжо стаць для беларусаў нечым неад’емным, сьпявацца на ўроках музыкі ў беларускіх школах і гучаць у выкананьні прэзыдэнцкага аркестру ў Палацы рэспублікі. Можа, яно так і будзе калі-небудзь пры нашым жыцьці, але пакуль гэта адбылося ў межах аднаго невялічкага бацькоўскага згуртаваньня, якое дае выдатны прыклад таго, як можна на практыцы зачараваць сваёй ідэяй усіх наўкол.

Праект трымаецца на песьнях Вольскага, Варашкевіча і Памідорава ды зорак беларускага падляскага року Юркі Асеньніка ды Хрыстафора Сяськевіча, якія невядомыя тут, але вартыя ня меншай павагі. Задума была яшчэ больш маштабнай і вымагала прысутнасьці, напрыклад, Міхалка, Кульлінковіча, Кораня, Вайцюшкевіча, але кожны зь іх ня змог з сваёй прычыны — крыўда гэта на нешта, занятасьць ці няздольнасьць адчуць увесь смак ідэі, якая розьніца. Праект і бязь іх выйшаў шыкоўным.

Усе песьні былі перайграныя наноў беластоцкімі музыкамі — безь перацягваньня коўдры і адсабечыны, але дасканала і грунтоўна, зь мяккімі гітарнымі пасажамі, з далікатнымі аранжаваньнямі, прасякнутымі шчырай павагаю да першакрыніцы, з захаваньнем арыгінальнага нэрву. Гэтыя песьні розных гадоў, настрояў і нават пасылаў яднае адно — узьнёсласьць і веліч.

Дзіцячы хор і галоўны вакаліст у кожнай песьні суіснуюць вельмі гарманічна. Хоць уявіць «Радзіму-свабоду» ад Zet ці «Радыяцыю» ад Kardon з хорам дзетак было раней проста ня тое што нерэальна — дзіка. Але — надзіва! — тут усё дарэчы. Нават цяжкаватая для ўспрыманьня ў арыгінале «Шызафрэнія» ад даўно неіснуючай беластоцкай каманды R.F.Braha тут слухаецца зь вялікай прыемнасьцю. І яшчэ немалаважны момант у выпадку Асеньніка і Сяськевіча — яны ў гэтым праекце ўпісаныя ў адзіны беларускі музычны кантэкст, дзе і мусяць знаходзіцца, хоць заўжды існавалі адасоблена. Мог бы быць тут яшчэ і Андрэй Паплаўскі з RIMA, і Ілона Карпюк для паўнаты карціны.

У праекце «25 АБ-БА» не адчуваецца фальшу і патасу, які часта сустракаецца ў музычных праектах, дзе бяруць удзел дзеці, бо часта яно пяецца з прымусу і муштры, а не зь любові і пашаны. А тут відавочна, што маленькія вакалісты пяюць свае песьні, якія чулі і пяялі да заснаваньня гэтага праекту і якія не забудуць і пасьля яго рэалізацыі, а можа, нават зачаруюць імі і сваіх дзяцей у будучыні.

Праект паказвае, што неабходна зьвяртацца да беларускай музыкі і зьдзьмуваць пыл з старых касэтаў і дыскаў. Сьпяваць іх разам і паасобку, з аркестрамі і хорамі, у караоке-бары і зь вялікай сцэны. Бо гэтыя творы, напісаныя 15—30 гадоў таму, па-ранейшаму хвалююць і натхняюць. А значыць, яны сапраўдныя.

Сяргей Будкін