Псыхасаматыка
1879 / 0
15.11.2016

«Псыхасаматыка» Вольскага. Два бакі аднаго мэдалю

Новы дыск Вольскага складаецца з 16 песень, падзеленых на дзьве цалкам розныя па гучаньні часткі: «Горад» і «Лес».

Уся студыйная праца была зроблена ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам, які таксама адказваў за мінулы альбом Вольскага «Грамадазнаўства» (2014). Менавіта ён і запрапанаваў Лявону канцэпцыю з двух альбомаў у адным. Снорэ таксама запісаў усе гітары, бас ды зрабіў аранжыроўкі. Вакал, словы і музыка належаць Лявону Вольскаму. Яшчэ адзін нарвэскі музыка зь Вільні Сындрэ Скэе запісаў бубны. Майстарынг рабіў Джэйм Гомэз АрэланаOrgone Studios») у Лёндане.

Вольскі кажа, што гэты альбом для яго нязвыкла асабісты. Шмат у якіх песьнях сканцэнтраваныя вельмі асабістыя думкі, пачуцьці, эмоцыі і перажываньні. У ім шмат новага для самога Лявона — у падыходзе да тэксту, мэлёдыі, гармоніі. І, разам з тым, шмат традыцыйнага, уласьцівага для ягонай творчасьці. «Так атрымалася, што „Псыхасаматыка“ — гэта водападзел паміж тым, што было і тым, што (спадзяюся!) будзе. А яшчэ дзьве паловы альбому, дзьве плыткі — гэта і дзьве паловы беларуса: Каляды і Раство, Новы год і стары Новы год, Вялікдзень і Пасха, паганства і хрысьціянства. Два бакі аднаго мэдалю, дзьве душы», — заўважае аўтар.

Аўтар канцэпцыі  «Псыхасаматыкі» Снорэ Бэргеруд апавядае, што ён адразу пасьля знаёмства заўважыў гэтую «дваістасьць» у самім Лявоне: першы — панк- і рок-музыка, з «наждачным» голасам і агрэсіўнымі, сатырычнымі тэкстамі, а другі — бард, аўтар-выканаўца, паэт. «На гэтым альбоме я хацеў паказаць абодва гэтыя бакі, але безь зьмякчэньня колераў кожнага зь іх. Я не хацеў шукаць сярэдзіну. Я хацеў каб песьні ішлі па тым шляху, які для іх будзе натуральным да самага фіналу. Таму менавіта падвоены альбом стаў лягічным працягам канцэпцыі».

Менавіта так, на двух CD, будзе надрукаваны фізычны наклад «Псіхасаматыкі». Альбом быў запісаны на грошы, сабраныя падчас краўдфандынгавай кампаніі, у якой узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краін сьвету. Пералік удзельнікаў праекта разам зь іх геаграфіяй і асабістымі словамі падзякі ад Лявона Вольскага зьмешчаны на сайце lavonvolski.com. Там жа можна бясплатна спампаваць альбом.

Tuzin.fm