Аднакарэнныя
807 / 0
13.01.2017

Belaroots. Каранёвы рэп

Праект Belaroots аб’яднаў творцаў, якія перакананыя ў тым, што рэпу па-беларуску мусіць быць шмат.

Гурт Belaroots прэзэнтаваў свой дэбютны альбом «Аднакарэнныя» 13 студзеня 2017 году. У яго ўвайшлі 14 трэкаў, запісаных цягам 2016 году. Аўтары кажуць, што альбом «Аднакарэнныя» — гэта ня толькі спроба злучыць розныя кірункі рэпу, адрозныя тэмпэрамэнты, падыходы да творчасьці і погляды на жыцьцё, але і асэнсаваньне беларускай традыцыі, мінулага краіны, яе сучаснасьці ды ўласнага месца ў ёй і часе.

Belaroots задумваўся, як саюз творчых людзей з розных рэгіёнаў Беларусі, але за той час, пакуль пісаўся альбом, гурт зрабіўся сапраўднай сям’ёй, што з часам павялічыла склад і пашырыла геаграфію. Для працы над альбомам аб’ядналіся ня толькі людзі з розных куткоў Беларусі — да яе далучыліся творцы з Украіны і Польшчы. Стваральнікі праекту ўдзячныя ўсім ня толькі за супрацу, але і за гэты незабыўны досьвед яднаньня.

Апроч трох асноўных удзельнікаў гурту — Зэмана, Ангста і Контры — у запісе прынялі ўдзел і запрошаныя госьці: SP Kava, НайціНайн, Тацяна Януковіч і Зьміцер Вайцюшкевіч. За музыку адказвалі беларускія бітмэйкеры «26 бітоў», bm LM, Soul Kind, SBP beats, а таксама Jotek (Польшча) і Kurguz (Украіна). Скрэтчы рабіў Dj Tech Masta Dee, а за гучаньне і запіс адказваў Protone і студыя Nestanda rec.

Tuzin.fm