бел.літ. х змрок
972 / 0
03.03.2017

«Для тых, хто не любіў бел.літ». Першы беларускі рэп-альбом на вершы паэтаў (прэм’ера)

Антось Звычайны прэзэнтуе на Tuzin.fm альбом «бел.літ. х змрок», куды ўвайшлі трэкі на вершы Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Максіма Танка, Анатоля Сыса і Кастуся Езавітава.

Вершы для свайго альбому Антось адбіраў у два этапы. На першым ён вылучыў каля 100 вершаў, якія яму найбольш спадабаліся па сэнсе, а зь іх ужо ўзяў канкрэтна тыя, якія лепш за ўсё клаліся на біт, супадалі з настроем і ў якіх атрымліваўся цікавы флоў. Безумоўна ролю адыгрывала і аўтарства — куды ж без Купалы, Караткевіча і Сыса. Дзіўнаватую назву альбому «бел.літ. х змрок» Антось тлумачыць так: «Бел.літ. — гэта тое што блізка кожнаму жыхару Беларусі, так у школьных раскладах заняткаў пазначаецца беларуская літаратура, пры тым звычайна выкладаецца яна даволі сумна. Па выніку складаецца ўражаньне што гэта нешта адсталае, што гэта нейкі анахранізм. На сваім альбоме я спрабую паказаць нашу літаратуру з адваротнага боку. Гэты альбом для тых, хто не любіў бел.літ. у школе, альбо прагульваў урокі. Што да змроку, то гэта атмасфэра, якая пануе ў альбоме, атмасфэра цемры, бо ўсе трэкі на альбоме вельмі няпростыя, з унутраным канфліктам».

Праца Антося зьяўляецца першым у гісторыі гіп-гопу альбомам на вершы беларускіх паэтаў. Запіс і зьвядзеньне ўсіх трэкаў было зроблена на студыі Nestanda rec. Музыка да трэкаў належыць (у парадку трэкаў): Deiwtodsi, B Δ R N Δ C Ł E B Ø Ï, «И дельфины…», Owl Vision, Cosmastly, gin$eng, ritmo.

Ужывую мяркуецца прэзэнтацаваць гэты альбом на канцэрце 7 красавіка ў клюбе «Графіці». Разам з рэлізам выканаўца выпускае таксама мэрч, зьвязаны з тэматыкай альбому.

Tuzin.fm