Vodar
12494 / 0
28.03.2017

Vodar. Абараніць свой лес ад мужыкоў зь сякерамі

Гурт Vodar прэзэнтаваў свой дэбютны альбом «Дарогі, якія мы выбіраем», у якім паспрабаваў сумясьціць самыя разнастайныя стылі.

Свой стыль музыкі вызначаюць як «нэафольк», яны спрабуюць спалучыць клясыку і сучаснасьць, таму тут ёсьць уплывы року, рэгі і нават танга. Па гучаньні песьні «Водару» вельмі лёгкія. Лідэр каманды Кэрн Эмількін кажа, што яны і пачалі сваю дзейнасьць, калі адчулі, што менавіта такой музыкі бракуе. Цэнтральным трэкам аўтары альбому лічыць «Я іду» — у ім можна заўважыць адсылкі і да іншых твораў з дыску. Але найбольш часу і сілаў на стварэньне ўзяла іншая песьня — «Лікі сьмерці». На яе напісаньне пайшло ажно пяць гадоў. Сам жа альбом запісалі за год. Асобнай згадкі вартая таксама песьня «Лясны танец» («Зусім іншы сьвет»), дзе вядзецца пра лясных паненак, якія абараняюць сваё месца, у якім пачуваюцца вольна і незалежна, ад мужыкоў зь сякерамі.

«Мы лічым, што недарма ўклаліся ў гэтую працу. Калі пачулі ўсё разам, то самі зьдзівіліся наколькі ўсё выдатна склалася», — кажа кажа вакаліст і гітарыст каманды Барабаш Талочка. Ён акрэсьлівае цэнтральную тэму альбому, як «свабода і выбар»: кожны чалавек вольны ў сваім выбары і сам выбірае свой шлях. Але ён сам і адказвае за слушнасьць выбару.

Vodar быў заснаваны ў 2015 годзе. За гэты час выступіў на фэстах «Каласы пад сярпом Тваім», «Наш Грунвальд», «Сьвята Сонца», «Бардаўская восень», іх песьні гучаць на радыё «Сталіца».

Tuzin.fm