Айчына
603 / 1
17.05.2017

«Иго» і айцец Павал. Пра Айчыну як пра жанчыну (прэм’ера)

Гарадзенскі гэві-мэтал гурт «Иго», тэксты для якога піша сьвятар праваслаўнай царквы айцец Павал Касьпяровіч, прэзэнтуе альбом «Айчына».

Да гэтага альбому гурт «Иго» ішоў каля 10 гадоў. Менавіта тады зьявілася большасьць тэкстаў. Іх аўтар, сьвятар Гарадзенскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы айцец Павал Касьпяровіч прызнаўся ў вялікім інтэрвію на TuzinFM, што ня бачыць нічога заганнага ў супрацы з гэві-мэталістамі: «Я люблю такую музыку. Музыка — гэта форма, інструмэнты, голас і словы. Зьмест — галоўнае. Любой музыкай можна шанаваць Хрыста, а можна зьдзекавацца».

Айцец Павал кажа, што песьні з «Айчыны» зьявіліся вынікам ягоных роздумаў пра лёс краіны. У 2009 годзе ён выпадкова ўбачыў карціну Валерыя Вядрэнкі, якая выдатна перадала сэнс альбому, таму яна і стала вокладкай альбому. «Айчына, яна як жанчына. Кожны любіць яе па-свойму і лічыць сваёй, а яна застаецца сама сабой. У нашым выпадку гаротнай і шматпакутнай у сваім адвечным шляху да Хрыста», — разважае сьвятар.

У альбом увайшло 11 песень. Запісам, зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Валянцін Маркоўскі, сола-гітарыст «Иго». У працы таксама ўзялі ўдзел Вольга Шлавянец (вакал),  Віталь Шаўчук (гітара), Яўген Блажукевіч (бас-гітара), Юры Аўдзейчык (бубны). За навінамі гурту можна сачыць праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ: