Усё бачаць
1263 / 0
23.05.2017

«Вочы». Убачыць усё

У новым туры альбомнага чарту бярэ ўдзел альбом «Усё бачаць» — дэбютны дыск гарадзенскага нэа-фольк гурту «Вочы».

Альбом «Усё бачаць» музыкі прэзэнтавалі летась на TuzinFM. Хоць гэта і дэбют, але ў гурце сабраліся музыкі зь вялікім досьведам. Лідэр каманды Юры Дубовік вядомы найперш як заснавальнік культавай гарадзенскай каманды «Воображаемые люди». Яна паўстала яшчэ ў 1993 годзе, мае ў дыскаграфіі шэсьць альбомаў. Жартам гэты гурт завуць «бацькамі гарадзенскіх эма». «Вочы» спачатку лічыўся сайд-праектам «Воображаемых людей». Яго ідэя паўстала ў 2012 годзе, калі Юры нечакана нават сам для сябе стаў пісаць па-свойму. «Я заўсёды пісаў толькі па-расейску. За ўвесь час у „Воображаемых людей“ была толькі адна беларускамоўная песьня — „Дзяўчыночка“. А тут неяк самі па сабе сталі пісацца беларускамоўныя творы. Я адчуў неабходнасьць выказаць думкі на мове маёй роднай зямлі», — распавядаў Юры. За час гуказапiсу праект ператварыўся ў гурт, якi даў шэраг канцэртаў, займеў сваю стылістыку і адметнае гучаньне.

Музыка кажа, што паспрабаваў аб’яднаць у сваіх песьнях усё тое, што называецца «Зямля» і тое, што называецца «Космас», у адным. Адной з самых важных песень Дубовік называе «Кола». У ёй закладзена беларуская сансара: пакуль тое кола круціцца — мы жывем. На адну зь песень з альбому «Яна» зьняты кліп.

На жывых канцэртах яго праекту колькасьць людзей на сцэне дасягае 10—12 чалавек, а падчас працы на студыі склад «Вачэй» пашырыўся наогул да неверагоднай колькасьці. У запісе дыску «Усё бачаць» узялі ўдзел: гурты «Воображаемые люди», Green Dance, Red Cotton, Raсe of Dreamers, Agnis, «Людзi на балоце», ансамблі песьнi i танцу «Белыя росы» і «Рада» ды іншыя выканаўцы. У афармленьнi вокладкi скарыстаныя працы вядомага гарадзенскага мастака Юрыя Якавенкі.

TuzinFM