Techno Blues
6747 / 0
12.08.2017

Intelligency. Cэнс недзе побач

Новы альбом «Techno Blues» ад гурту Intelligency, названым TuzinFM летась галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы.

Intelligency з кожным рэлізам пашыраецца. Спачатку гэта быў дуэт Усевалада Доўбні і Юрыя Тарасевіча. Хлопцы гралі ў сталічных барах і зрэдчас ладзілі вечарыны проста на вуліцы. Тады, тры гады таму, і нарадзілася гэтае самавызначэньне стылю — «тэхна-блюз», у гонар якога і вырашана было назваць другі поўнафарматнік. Адметнасьць іх гуку ў спалучэньні электроннай танцавальнай музыкі з гітарнай музыкай зь лёгкім прысмакам блюзу.

У час запісу свайго дэбютнага альбому «Do Loven» дуэт пераўтварыўся ў паўнавартасны гурт. А цяпер наогул прэзэнтуе сябе, як «электронны міні-аркестар». Акрамя жывых гітараў музыкі дадалі ў некаторыя трэкі струнныя.

Асноўная мова песень Intelligency — ангельская. Але музыкі з задавальненьнем экспэрымэнтуюць ня толькі з музыкаю, але і з тэкстамі. Беларускамоўных твораў у іх ужо набярэцца на цэлы сэт — на «Techno Blues» увайшоў новы трэк на роднай мове «Ты», запісаны якраз са струннымі, а таксама «POPcy». Да ўсяго трохмоўная «міратворчая» кампазыцыя «Adnoe», якая была прэзэнтавана асобным самотнікам на TuzinFM. Агулам жа пра ролю тэксту ў сваёй музыцы Ўсевалад Доўбня кажа так: »Увогуле сэнсу ня варта шукаць, бо гэта пытаньне адчуваньня. Пэўна толькі ў матэматычных задачах сэнс адназначны і адказ аднаварыянтны. Хаця праўда толькі адна. Пра гэта таксама варта памятаць і не паглыбляцца ў пошук псыхадэлічных далячыняў».

Як гучаць ужывую Intelligency можна пачуць у праграме Belsat Music Live зь іхным удзелам. А сачыць за навінамі каманды — на афіцыйнай суполцы.

Рэцэнзіі на альбом «Techno Blues» на сайце Experty.by

TuzinFM