Cordyceps
155 / 0
06.09.2017

Як The Glitchhh па грыбы схадзілі

У дэбютным альбоме інструмэнтальнага трыё паўдзельнічалі вакалісты гуртоў Plumbum, Tok Rukoo, Ilo&Friends, Zolki Band.

«Cordyceps» – першы альбом гурту. У ім акрамя саміх удзельнікаў каманды гітарыста Яўгена Зыковіча, басіста Ігара Латушкі і бубнача Фёдара Шахлевіча ўзялі ўдзел запрошаныя госьці.  Музыкі распавядаюць, што калі пачалі працу над дыскам, то зразумелі, што хочацца большай разнастайнасьці пры захаваньні ідэі гучаньня. Яна палягае ў тым, каб спалучыць элемэнты танцавальнай ды электроннай музыкі пры дапамозе выключна жывых інструмэнтаў.

Таму ўвесь альбом базуецца на партыях гітары, басу ды бубнаў, да якіх далучаецца ў некаторых песьнях труба, а таксама галасы абсалютна розных па манеры сьпевакоў і сьпявачак. Сярод іх – Рома f.s.t. з Zolki band, Ілона Карпюк, Воўка Плюмбум. Але ў трэку «Bitch Problem» скарыстаны такі штучны эфэкт – васьмібітны гук прыстаўкі Gameboy.

Самі музыкі прэзэнтуюць сваю працу, як альбом «экспэрымэнтаў, задавальненьня ды імправізацыі».  «Cordyceps» уяўляе зь сябе квінтэсэнцыю творчага шляху каманды – ад трэку «Hollow», які Яўген Зыковіч напісаў яшчэ да стварэньня каманды ў 2008 годзе да самага сьвежага «R.I.C.O – пярліны альбому.  Адметна, што некаторыя кампазыцыі нарадзіліся проста падчас выступаў на канцэртах ды фэстах, у тым ліку на «Басовішчы», дзе гурт выступаў у якасьці канкурсантаў летась.

На два трэкі з альбому зьнятае відэа – «Trap» і «Eclipse»

Яшчэ: Гітарыст-фантаст Яўген JJ OK Зыковіч (аўдыё)

TuzinFM