#одинаковоразные
2756 / 0
18.09.2017

«Сразу май». Аднолькавасьць у рознасьці

Берасьцейская рок-каманда «Сразу май» выдала першы поўнафарматны рэліз, у які ўвайшло найлепшае, што яны маюць на сёньня. У тым ліку супэргіт «Небасхіл» з «Залатога Тузіну» і трэк, ухвалены брытанцамі The Subways.

Альбом атрымаў назву «#одинаковоразные». Музыкі над ім працавалі цягам усяго году: запісвалі, спрачаліся, перараблялі, перапісвалі зноўку. Фрагмэнты некаторых песень былі прыдуманы непасрэдна ў студыі, у працэсе запісу. «У ім ёсьць усё: дабрыня, цяплыня, злосьць, боль, рамантыка, сум, радасьць… Усе мы адчуваем гэтыя пачуцьці і эмоцыі, у гэтым мы аднолькавыя, але, разам з тым, мы ўсе розныя людзі са сваімі жыцьцямі, праблемамі і марамі. Гэты альбом пра нас і пра вас», — так прэзэнтуе сваю працу наведнікам TuzinFM лідэр каманды Сяргей Стацюк.

Для гурту «Сразу май» гэта першая поўнафарматная праца. Дагэтуль музыкі адзначыліся некалькімі сынгламі, у ліку якіх «Небасхіл» — песьня, якая пратрымалася ў гіт-парадзе на TuzinFM практычна ўвесь сэзон і трапіла ў топ-12 найлепшых песень. Акрамя яе на дыску яшчэ парачку новых беларускамоўных гітоў — аўтарская «Кранае» і «Бывай, My Rock&roll Queen» — беларускамоўны кавэр на The Subways. Адметна, што яго выкананьне было ўзгодненае з брытанцамі, якія з радасьцю прынялі ідэю беларускамоўнай вэрсіі іх гіта. Сяргей Стацюк тлумачыць выбар кавэру проста: аднойчы гэтая песьня зайграла ў ягонай машыне па радыё, і беларускі варыянт тэксту прыйшоў сам па сабе.

Запіс, зьвядзеньне і майстарынг альбому «#одинаковоразные» рабіў Ільля «Трыкіл» Курачкін (D_tails, Zolkiband, NABR) на студыі XLR у Берасьці. А над вокладкай працаваў Воўка Плюмбум (Plumbum, NABR).

TuzinFM