Дарогі
1489 / 0
04.01.2018

Доўгушаў і Ясінскі. Сустрэча пры дарозе (прэм'ера)

Лідэр гурту Vuraj Сяргей Доўгушаў і баяніст Алесь Ясінскі прэзэнтуюць на TuzinFM сумесны альбом «Дарогі» на словы Анатоля Сыса і Ўладзімера Караткевіча, які быў запісаны ў Празе.

«Дарогі»— першы сумесны альбом Аляксандра Ясінскага і Сержука Доўгушава. Іх творчыя шляхі перасекліся яшчэ ў 2010 годзе, калі музыкі пачалі граць у праекце Fratrez, пазьней Аляксандр далучыўся да этна-гурта Vuraj. А зараз у музыкаў новы праект — вакальна-інструмэнтальны дуэт.

Альбом «Дарогі» складаецца з аўтарскіх песень на вершы паэтаў Анатоля Сыса і Ўладземіра Караткевіча. Сяргей Доўгушаў напісаў гэтыя песьні на сваёй малой радзіме — Аршаншчыне— у пэрыяд з 2011 па 2013 год. У 2015-м музыка прэзэнтаваў адну зь іх у рок-гучаньні, а пасьля вырашыў запісаць іх у дуэце з Аляксандрам Ясінскім.  Аляксандар віртуозна і па-мастацку аздобіў кампазыцыі партыямі баяна. У альбом таксама ўвайшлі народная палеская песьня «Ой, жураўко», песьня на польскім дыялекце «Тры сіроты» і аўтарская песьня аўтарства Алеся Ясінскага «Цягнікі».

Лідэр Vuraj вызначае стылістыку альбома, як аўтарская песьня. «Мы хацелі перадаць у сьпевах думкі аўтараў праз іх глыбокую і вобразную паэзію, не ўскладняючы яе аранжыроўкамі, інструмэнтамі ды формай», — распавядае Сяржук Доўгушаў.

«У гэтых песьнях вы можаце адчуць моц, замілаваньне, натхненьне, безвыходнасьць, пратэст, шчасьце і радасьць. Калі я ўпершыню пачуў гэтыя песьні ад Сяргея, то быў вельмі ўражаны іхняй глыбінёю і шчырасьцю. На маю думку, заўжды можна адрозьніць песьні, якія напісаныя на замову ад тых, якія напісаныя натуральна, з-за ўнутранай патрэбы аўтара выказаць свае пачуцьці і думкі. Песьні з гэтага альбому якраз і зьяўляюцца такой чыстай творчасьцю», – заўважае Алесь Ясінскі.  

Запіс адбыўся ў Празе цягам жніўня-верасьня 2017-га году. Часткова праграма была паказаная на канцэртах у Празе і Менску, а таксама на фэстывалі «Бардаўская восень». Афіцыйная прэзэнтацыя альбому адбудзецца ў Менску 8 лютага ў КЗ «Верхні горад».

Поўны расклад канцэртаў-прэзэнтацыі альбому: 06.02 —Баранавічы, 07.02 —Берасьце, 08.02 —Менск, 09.02 —Ворша, 10.02 —Віцебск, 11.02 —Магілёў.

TuzinFM