Толькі б яўрэі былі
938 / 0
03.05.2018

Шалом, Ерусалім. Габрэйскі альбом ад экс-«Песьняра» (прэм’ера)

Кампазытар і вакаліст Аляксандар Віслаўскі прэзэнтуе на TuzinFM альбом «Толькі б яўрэі былі…», які складаецца зь вершаў і перакладаў Рыгора Барадуліна ды Алеся Камоцкага.

На дыск увайшлі 9 твораў. Пераважная частка зь іх — народныя сьпевы і сьпевы на вершы габрэйскіх паэтаў, якія на беларускую мову зь ідышу і іўрыту пераклалі Рыгор Барадулін і Алесь Камоцкі. Сярод іх ёсьць песьня аўтарства Марка Шагала «Карабель». Другая частка — песьні на габрэйскую тэму ўласна на словы Рыгора Барадуліна («Сьцяна плачу», «Шалом Ерусалім»). Музыку і аранжыроўку да ўсіх кампазыцыяў стварыў Аляксандар Віслаўскі, колішні ўдзельнік ансамблю «Песьняры» і гурту Rouble Zone, а цяпер аўтар праекту «Studio Neman». Ён жа запісаў партыю бас-гітары, клявішаў, пэркусію і духавы гармонік. На скрыпцы зайграла Алена Віслаўская (ёй жа належыць дызайн вокладкі). Зьвядзеньне і майстарынг альбому зрабіў Арцём Крышчановіч.

«Ідэя стварэньня такога альбому паўстала ў мяне пры вывучэньні гісторыі габрэйства Беларусі пару гадоў таму. Вершы да яго адбіраліся доўга і скрупулёзна. Хацелася прадэманстраваць гэтай праграмаю, што культуры габрэйскага і беларускага народаў маюць непарыўную сувязь, тым і тлумачыцца прысутнасьць на ім даўніх народных сьпеваў і аўтарскіх рэчаў», — кажа з нагоды прэм’еры альбома на TuzinFM Аляксандар Віслаўскі. Ён зазначае, што да ягонага вялікага жалю  гэтая праграма не запатрабаваная ў Беларусі, таму тут прэзэнтацыі пакуль не было. Але яна ўжо была зайграная ўжывую ў Фінляндыі, Украіне, Расеі, краінах Балтыі. 17 траўня адбудзецца яе прэм’ера ў Ерусаліме з нагоды 70-годзьдзя ўтварэньня дзяржавы Ізраіль.

Cпампаваць альбом з TuzinFM (.rar)

Яшчэ: «Маленьне за Беларусь» — шыкоўны альбом на вершы Барадуліна (прэм’ера!)

TuzinFM