Музыка эпохі барока і папулярная клясыка ў выкананьні на цымбалах
5012 / 0
20.07.2018

Юлія Глебава. Шэдэўры клясыкі і барока на цымбалах (прэм’ера!)

На TuzinFM прэм’ера двайнога альбому, у якім творы Баха, Бэтговэна, Шубэрта, Шапэна, Вівальдзі загучалі ў суправаджэньні цымбалаў Юліі Глебавай.

Юлія Глебава вядомая перадусім з гурта «Час Speak», адметнага тым, што ў сваіх песьнях актыўна выкарыстоўвае інструмэнт нязвыклы для рок-музыкі. Двайны дыск са знакавымі творамі барока і клясыкі — яе сольны праект, але мэта ў яго тая ж, што і ў асноўнага гурта. «Мне цікава папулярызаваць цымбалы і паказваць, што гэты інструмэнт здольны на ўсё, бо на ім можна выканаць і рок, і джаз, і клясыку, і фольк, і барока і шмат чаго яшчэ», — кажа Юлія з нагоды прэзэнтацыі на TuzinFM двайнога альбому.

Рэліз складаецца зь дзьвюх частак, па 14 кампазыцыяў у кожнай. «Мне хацелася, каб мае цымбальныя малаточкі дастукаліся да сэрцаў звычайных людзей, большасьць зь якіх ня мае музычнай адукацыі. Але пры тым, што абіраліся творы папулярныя ці ня самыя складаныя па зьмесьце, усе яны належаць да скарбу сусьветнай музычнай культуры, гэта маленькія шэдэўры, а імёны іх аўтараў сталі сынонімамі словазлучэньня „музычны геній“. Таму іх выкананьне ўсё роўна патрабуе пэўнага тэхнічнага майстэрства, музычнасьці, разуменьня выканаўцы. Многія з гэтых твораў толькі зрэдку выконваюцца на цымбалах, некаторыя не выконваюцца ўвогуле. І мне хацелася  паказаць, што цымбалы не псуюць, а дадаюць арыгінальнасьці, цікавасьці гучаньню гэтых твораў. А клявэсінныя п’есы Купэрэна, Люлі, Дакена нібы створаны для выкананьня на нашых цымбалах!» — зазначыла Юлія.

У першы дыск пад назваю «Музыка эпохі барока ў выкананні на цымбалах» увайшлі творы кампазытараў Жана-Батыста Люлі, Хрыстыяна Пэтцольда, Люі Клёда Дакена, Ёгана Сэбастыяна Баха, Франсуа Купэрэна, Антоніё Вівальдзі, мэнуэты з нотнага сшытку Анны Магдалены Бах і палянэз невядомага аўтарства.

У другую частку пад назваю «Папулярная клясыка ў выкананьні на цымбалах» увайшлі творы Ёгана Сэбыстыяна Баха, Люіджы Бакерыні, Вольфганга Амадэя Моцарта, Фрэдэрыка Шапэна, Франца Шубэрта, Пятра Чайкоўскага, Сяргея Рахманінава, Жоржа Бізэ, Людвіга ван Бэтговэна, Паблё дэ Сарасэтэ.

На вокладцы ўся інфармацыя дублюецца на ангельскай і нямецкай мовах — Юлія Глебава часта гастралюе па Нямеччыне.

Замовіць CD-выданьне можна праз афіцыйную суполку Юліі Глебавай.

TuzinFM