Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны
991 / 0
14.09.2018

Працяг «Традыцыі». Вандроўка ў часе і прасторы з варганам

Фальклёрны гурт з Полацку «Варган» прэзэнтуе на TuzinFM дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны».

«Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» першы студыйны альбом фальклёрнага гурта «Варган». Ён зьмяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песьні, танцы і нават «цярэшкі. Усе песьні і інструмэнтальныя кампазыцыі з рэлізу некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. У якасьці бонуса – запіс купальскай песьні ад аўтэнтычнай сьпявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай зь вёскі Шастова Полацкага раёна.

У выкананьні «варганцаў»можна пачуць абрадавыя песьні, прымеркаваныя да знакавых гадавых сьвятаў, а таксама лірычныя – жаночыя ды мужчынскія. Нашыя продкі ўмелі і любілі весяліцца. Як доказ – інструмэнтальная частка альбома, што пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. Гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра і канечне ж – варган. Мала хто ведае, але ў Полацку гралі на варганах з раньняга сярэднявечча. Гэта пацьвярджаюць археалягічныя знаходкі. Ды і назву гурт абраў сабе не выпадкова. Варган для сьпевакоў сымбалізуе своеасаблівы партал, які дазваляе вандраваць у прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў. 

У стварэньні інструмэнтальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі – вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы).

«Наша мэта – стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусьціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцыяў, якія несла ў  сабе гэтая музыка»– кажуць удзельнікі гурта. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, музыкі імкнуцца максымальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выкананьня і перадаць яе жывую энэргетыку.

Гучаньне альбома стварае атмасфэру, набліжаную да палявога запісу ў час сьвята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазыцый запісвалася ў Полацку (запіс, зьвядзеньне – Алесь Лось), частка – у Менску (запіс, зьвядзеньне, майстарынг – Арцём Петрашкевіч і Валер Бяляеў). Дызайн вокладкі стварыла Сьвятлана Клепікава.

Прэзэнтацыі альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны»адбудуцца ў Полацку 6 кастрычніка і ў Менску 14 кастрычніка.

CD «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» выйшаў у межах праекта «Традыцыя», у якой раней пабачыў сьвет дыск «Мужчынская традыцыя сьпеву» і «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў»

TuzinFM