Skryvaj
773 / 0
25.01.2019

Скрывай сябе, каб захаваць. Дэбютнік ад Nürnberg

Гурт-адкрыцьцё 2018 году па вэрсіі TuzinFM прэзэнтуе дэбютны альбом «Skryvaj», які выйшаў на касэтах і дысках адразу на трох лэйблах – амэрыканскім, нямецкім і расейскім.

Дэбютны альбом музыкі запісалі ў красавіку-чэрвені 2018 году. Працавалі дома – гэта ўсё той жа DIY-запіс, як і першы ЕР. За канчатковы гук адказваў Раман Камагорцаў. У альбом акрамя новых песень увайшлі таксама і старыя трэкі, якія былі прыдуманы яшчэ некалькі гадоў таму. Адметнасць гэтага рэлізу ў тым, што тут гучаць сінтазатары. Музыкі кажуць, што гэта была спроба музычных экспэрымэнтаў, якія будуць працягвацца і ў наступных работах.

У альбоме знайшло сваё далейшае разьвіцьцё сэнсавае зерне, якое было закладзена ў ЕР «U nikudy». «Нашыя восем трэкаў маюць сваю атмасфэру, расказваюць асабістыя гісторыі, прысьвечаны пэўным жыцьцёвым падзеям, і нягледзячы на стылістычную разнастайнасьць, ідуць ў агульным кантэксьце: скрывай. Скрывай сябе, каб захаваць», – кажа лідэр каманды Януш Пятрэнка.

«На альбоме знайшлося месца як і для экзістэнцыйных песень, якія даносяць ідэі разрыву чалавека з яго навакольлем і выводзяць ўнутраныя накірункі энэргіі, так і для лірычных песень, якія распавядаюць простыя гісторыі сьветлых чалавечых пачуцьцяў», – дадае другі ўдзельнік гурта Алег Савуцін.

Цалкам беларускамоўны альбом Nürnberg выйшаў на фізычных носьбітах – на тэрыторыі ЗША на лэйбле Death Shadow Records, Эўропы – на бэрлінскім лэйбле Squall Records, а таксама на маскоўскім лэйбле Sierpien Records. На вокладку музыкі зьмясьцілі фота аўтарства французскага фотамайстры Анры Карцье-Брэсона. 

«Skryvaj» можна паслухаць/набыць таксама на лічбавых плятформах Яндекс Музыка, Spotify
і Google Play Music