Сармацкі рок
360 / 0
04.05.2019

«Тутэйшая шляхта». Як гучыць «Сармацкі рок»

Народны ансамбаль Беларусі з 27-гадовай гісторыяй «Тутэйшая шляхта» выдаў альбом «Сармацкі рок», у які акром апрацовак народных сьпеваў увайшлі песьні на словы Паўлюка Труса, Уладзіслава Сыракомлі і Францішкі Ўршулі Радзівіл.

Праца над альбомам «Сармацкі рок» доўжылася пяць гадоў. Частку грошай музыкі сабралі з дапамогай краўдфандынгу. Нягледзячы на багатую гісторыю калектыву, які паўстаў у 1992 годзе, музыкі называюць гэты рэліз сваім дэбютным поўнафарматным альбомам у стылістыцы фольк-року. Усе музычныя аранжыроўкі напісала кампазытарка з кансэрваторскай адукацыяй Вольга Махнач, таму ўдзельнікі «Тутэйшай шляхты» акрэсьліваюць свой стыль паўжартам як «кансэрваторскі фольк-рок». Кампазыцыі ансамблю вылучаюцца багатым вакальна-інструмэнтальным складнікам: акрамя ўласна рок-сэкцыі, у запісе можна пачуць цымбалы, дуду, дудку, акарыну, скрыпку, віялянчэль, фартэпіяна, драўляную трубу.

Песьні выконваюць тры салісты: Андрэй Сьцяпанаў,  Марыя Копцель-Сьцяпура і Анастасія Сянько, зь якой два гады таму быў запісаны EP «Імжа». У альбоме гучаць творы на словы Паўлюка Труса, Уладзіслава Сыракомлі і Францішкі Ўршулі Радзівіл, а таксама апрацоўкі народных песьняў.

Запісваўся матэрыял на менскай Mapletree Studio, зьвядзеньне і майстарынг зрабіў Алег Даманчук. Музыкі ўжо рыхтуюць новы рэліз – гэта будзе міні-альбом у сымфа-рок стылі  пад назваю «Anna Maria» зь вядучым вакалам Марыі Копцель-Сьцяпуры. Уяўленьне пра яго гучаньне можна скласьці, пачуўшы песьню «Ліст да мужа» з «Сармацкага року».  Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя суполкі УК/FB.

TuzinFM