Адпусьці
4240 / 0
31.03.2014

BosaeSonca: вечнае зьзяньне чыстага розуму

Гурт BosaeSonca выдаў другі альбом цягам году і зацьвердзіў статус адной з самых цікавых камандаў на сучаснай беларускай сцэне.

Гэты альбом можна назваць прыемнай неспадзяванкай. На пачатку году BosaeSonca выдала свой першы дыск «Zalaty» за 7 гадоў існаваньня, які пісалі грунтоўна і паволі. Па яго выхадзе здавалася, што нечага новага ў найбліжэйшы час ад іх наўрад ці выпадае чакаць з улікам таго, што вакаліст Алесь Кот-Зайцаў ушчыльную заняўся «маскоўскім» праектам, а баяніст Аляксандар Ясінскі атабарыўся ў Празе.

І тут раптам — новая магутная праца, памылкова названая паводле ўжо выдадзенай песьні на першым дыску. Памылкова, бо можа скласьціся ўражаньне, нібы гэта складанка найлепшага ці акустычная вэрсія «Залатога». Між тым, гэта паўнавартасны рэліз, дзе кожны трэк — адкрыцьцё.

«Адпусьці» ўспрымаецца менавіта як цэльная праграма, хоць і складаецца зь песень розных гадоў — ад самай першай візытоўкі каманды «Колеры», якая ўрэшце загучала як сьлед, да неверагоднага ў сваёй глыбіні і падачы трэку «Золатам», што з кожнай новай вэрсіяй яшчэ больш раскрывае сваю чароўнасьць. Пароль да ўваходу ў сусьвет, які стварае BosaeSonca, крыецца ў зачыне — «Псыхіятрычнай», напісанай паводле верша Анатоля Сыса. Калі гэты твор трапляе ў сэрца, то далей ужо не адарвесься ад гэтых карцінак, якія паўстаюць на мяжы сну і явы, трызьненьня і мараў.

Не зважаючы на дамінаваньне павольных трэкаў, альбом не назавеш маркотным і дэпрэсіўным — сум у Алеся атрымліваецца сьветлым. І хоць ён ня майстра складаць дынамічныя гіты, часам выходзіць вельмі ўдала, як у «Новай вясьне».

Праграма «Адпусьці» запісаная вельмі гожа, прычым ужывую і выключна ў акустыку. Варта аддаць належнае Аляксандру Ясінскаму, які стварыў аранжыроўкі для струнных — скрыпкі ды віялянчэль упісаліся бездакорна.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org