Дзень Незалежнасьці
3763 / 0
09.06.2014

Ня мутны «Дзень Незалежнасьці»

Альбом пад назвай «Дзень Незалежнасьці» запісала творча сасьпелая каманда, якая сапраўды мае што прапанаваць гэтаму сьвету.

«Мутнаевока» — трэскі, якія выкінула на бераг на апошняй хвалі папулярнасьці N.R.M. Гурт абсалютна гарманічна ўпісаўся ў другі эшалён белроку, граючы мэлядычную альтэрнатыву зь вялікім прывітаньнем гранжавым 90-м. Іх дэбютнік «Пошлы глямур» (2010) ня стаў вялікім адкрыцьцём, затое падараваў цудоўную песьню «Мутныя вочы». Затое другі альбом каманды можа стаць сапраўднай падзеяй. «Дзень Незалежнасьці» запісала творча сасьпелая каманда, якая сапраўды мае што прапанаваць гэтаму сьвету.

За час, што мінуў ад дэбютнага дыску, гурт Яўгена Змушкі правёў сур’ёзную працу. Іх новыя песьні насыціліся паветрам, сталі больш аб’ёмнымі і цікавымі з пункту гледжаньня аранжаваньня, тэксту і агульнай падачы. Часам яны гучаць не раўнуючы як «Океан Ельзи». Прытым, што ўсё вырашана ў адзіным музычным рэчышчы, альбом не прыгнятае аднастайнасьцю. Узяць хаця б досыць нечаканую песьню «Малінавы настрой» альбо адметны ў музычным і тэкставым пляне нумар «Бог уратуе ня ўсіх», вольны пераклад амэрыканскай народнай песьні «Run On», якую сьпявалі Элвіс, Moby і Джоні Кэш. Тут, відаць, якраз кавэр на вэрсію Кэша. Выдатны кавэр, трэба прызнаць. А яшчэ ў кампазыцыях з «Дня Незалежнасьці» выкарыстоўваюцца электронныя гучкі, што на фоне досыць кансэрватыўнай беларускай рок-сцэны выглядае сьмела і сьвежа (напрыклад, у «Жывых мішэнях»).

Яўген больш уцямна пачаў фармуляваць свае думкі, бо, шчыра скажам, у першых яго песьнях зьвяртала на сябе ўвагу некаторая штучнасьць і банальная лексычная нястача. На гэтым альбоме  маем погляд асобы, якая ўжо сфармавалася, якой ёсьць што сказаць і якой напраўду баліць. «„Будзьма“ ёсьць, а будучыні няма»», — пяе Яўген у трэку «Сам-насам», а ў «Эпілёгу» разважае пра тое, што «няма прычынаў пакутаваць суайчыньніку на марную долю». Уражвае і фінал альбому — трэк «Амфібія», прасякнуты трывожнай атмасфэрай трагічнай перадвызначанасьці.

Заўважна, што ад часу «Пошлага глямуру» вакаліст «Мутнаевока» папрацаваў над сваім вакалам, хоць яго манеру сьпяваньня ня кожны прыме і цяпер. Затое ні з кім не паблытаеш, Змушка такі адзін. У цэлым жа гурт яўна намацаў сваю сьцяжыну. Альбом «Дзень Незалежнасьці» можна рэальна запісаць у найлепшыя здабыткі нашай незалежнай музыкі ў гэтым годзе.

Мутнаевока — Дзень Незалежнасьці, 2014

Спампаваць альбом можна на Ultra-Music.com.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by