Cяргей Бабкін запісаў фантастычную вэрсію «Грай» (беларуская прэм’ера)
4260 / 2
16.07.2014

Cяргей Бабкін запісаў фантастычную вэрсію «Грай» (беларуская прэм’ера)

На Tuzin.fm беларуская прэм’ера песьні «Грай» у выкананьні Сяргея Бабкіна, запісанай для праекту «Lyapis Crew: ТРУбьют».

Украінскі музыка стаў адным з удзельнікаў праекту «Lyapis Crew: ТРУбьют», рэліз першай часткі якога адбыўся 15 ліпеня. Сяргей абраў для выкананьня песьню «Грай», якая дала назву беларускамоўнай праграме «Ляпісаў». Ён зьмяніў аранжыроўку і выканаў яе ў сваім арыгінальным рэчышчы ды яшчэ і з удзелам хору.

У любові да творчасьці гурта «Ляпіс Трубяцкі» былы ўдзельнік 5nizza прызнаваўся неаднойчы, казаў пра жаданьне запісаць зь беларускім гуртом супольную песьню. Той факт, што каманду Міхалка забараняюць на іх радзіме выклікаў у музыкі абурэньне. Падчас аднаго з прыездаў у Менск з канцэртам Сяргей зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm:

«Забароны — гэта нешта хваравітае, бздура, няслушнасьць, глупасьць. Калі яшчэ забараняюць „Ленинград, то гэта можна зразумець. Яны ведалі на што ідуць, калі вырашылі лаяцца са сцэны. Але калі не даюць выступаць „Ляпісу Трубяцкому ды іншым вашым камандам, дык гэта зусім незразумела. Падаецца, што краіна павінна ганарыцца такімі музыкамі… З Высоцкім жа гэтак жа сама было: ён жыў у сваёй краіне, але быў пад забаронай».

«Грай» у выкананьні Сяргея Бабкіна ўвайшла ў першую частку праекту «Lyapis Crew: ТРУбьют». У яго межах музыкі з розных краінаў запісалі свае вэрсіі песень беларускага гурта. Сярод удзельнікаў — Noize MC (Расея), гурт «Бумбокс» (Украіна), Баста (Расея), гурты зь Беларусі ТТ-34, «Пані Хіда», Exist-M, «Жнюв» ды іншыя. Прадусар гурта Яўген Калмыкоў кажа, што ўсяго на конкурс прыйшло ажно з 300 запісаў і абраць зь іх найлепшыя было няпроста. «Мы меркавалі абраць найлепшыя кавэры на адзін дыск, але вартых увагі трэкаў было значна болей, таму падзялілі праект на тры часткі — рокавую, ска-панкавую і панкавую». 

Ад 15 чэрвеня складанку «Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1» можна набыць на iTunes, паслухаць рэліз можна празь «Яндекс.Музыка», на CD праект выйдзе 28 ліпеня на лэйбле Soyuz Music. Выхад другой і трэцяй часткі праекту прызначаны на канец жніўня і верасень адпаведна.

Беларуская прэзэнтацыя песьні Сяргея Бабкіна «Грай» на Tuzin.fm. Трэк зьмешчаны са згоды гурта «Ляпіс Трубяцкі».

 

Найбліжэйшы выступ Сяргея Бабкіна ў Беларусі — 2 жніўня на фэсьце «Дружба» ў Шаблях.

Tuzin.fm, фота — Аляксандар «Tarantino» Ждановіч

КАМЕНТАРЫ:

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    16.07.2014 / 17:41

    Абсалютна выдатнае і надзвычай творчае пераасэнсаваньне песьні "Ляпісаў". Адназначна найлепшы трэк з усёй першай часткі трыб'юту.

  • WM / адказаць
    17.07.2014 / 11:16

    вельмі цікава. дзякуй.

  • КАМЕНТАВАЦЬ