Больш чым музыка. Shuma прадставіла бібліятэку арнамэнтаў
10296 / 0
22.07.2014

Больш чым музыка. Shuma прадставіла бібліятэку арнамэнтаў

Музычны праект Shuma разам з дасьледнікамі этнаграфіі склалі калекцыю традыцыйных сымбаляў Беларусі з тлумачэньнямі іх значэньня.

Shuma-бібліятэка арнамэнтаў выглядае на асьветніцкі поп-праект. Руся з гурта Shuma распавядае, што нагодай для яго зьяўленьня стала тое, што людзi ўсё часьцей і часьцей прасілі яе даць тлумачэньні аўтэнтычнай беларускай сымболікі: «Але ж я ня знаўца i не экспэрт i сама зьвяртаюся па кансультацыю да дасьведчаных навукоўцаў», — апавядае сьпявачка, якая разам з сваёй каляжанкай па гурце Надзеяй Чугуновай аб’ядналася з групай дасьледчыкаў. Цягам двух гадоў яны працавалі над упарадкаваньнем арнамэнтаў.

Куратарамi праекту сталi Iрына Мазюк, навукоўца, фалькларыст, этнограф, кіраўнік і заснавальнік мужчынскага гурта народных сьпеваў «Кудмень», дырэктарка Веткаўскага музэю народнай творчасьці Галiна Нячаева i Пятро Цалка, загадчык філіяла Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Ф. Р. Шклярава.

 

Пададзеная інфармацыя ў надзвычай спрошчаным выглядзе. Такая была задума. Дзяўчыны з Shuma бачаць у гэтым карысьць: «Канечне заўсёды ёсьць рызыка абмiнуць увагай глыбокi навуковы кампанэнт, але большая частка людзей прагне спажываць сваю культуру такім чынам, каб гэта было сучасна, зручна, дасьцiпна i адэкватна. Як iнфаграфiка, калi для цябе прачыталi 100 кнiжак, зрабiлi супэрсьцiснуты якасны канспэкт i паказалі ўсё карцiнкамi. Так людзi эканомяць свой час i лёгка засвойваюць iнфармацыю».

Самае цяжкае ў працы было менавiта тое, што масiўныя i складаныя сэнсавыя канструкцыi мусiлi ўкласьцiся ў мiнiмальныя формы, тэгi. На першы погляд вынiк гэтай працы можа падацца простым, але за гэтай вонкавай прастатой стаiць вялізарная праца выбiтных знаўцаў.

Дзяўчыны кажуць, што гэты праект быў цалкам дабрачынным. Фактычна — гэта падарунак, зроблены навукоўцамі, які яны перадаюць усім цікаўным. «Мы вельмi ўдзячныя нашым куратарам за давер i жаданьне зрабiць такi грамадзкi праект, бо насамрэч мала хто з навукоўцаў гатовы да такiх экспэрымэнтаў. Я ўпэўненая, што шмат людзей знойдзе для сябе нагоду скарыстацца нашай працай. Таму запрашаю наведаць старонку», — кажа Руся.

«Shuma-бібліятэка арнамэнтаў» месьціцца на адмыслова створанай старонцы Ornaments.shuma.by

З дапамогай яе можна пашырыць свае веды пра аўтэнтычную беларускую сымболіку, выдрукаваць улюбёныя арнамэнты, вышываць, рабіць татуяванкі ды яшчэ ўсё тое, што дазволіць фантазія.

Ужывую ў найбліжэйшы час гурт Shuma можна пачуць 9 жніўня на Mirum Festival ля Мірскага замку, 10 жніўня на тэрасе менскага бару «Хуліган», 29 жніўня ў Беластоку на фэстывалі электроннай музыкі, а 6 верасьня на фольк-фэсьце «Камяніца». Акром таго дзяўчыны хочуць зладзіць публічнае сьпяваньне на золку ў менскім парку і выбіраюць адпаведны дзянёк. За навінамі гурта можна сачыць у афіцыйных суполках УК і FB.

Tuzun.fm 

Тэгi: