«Re:Песьняры». У стылі постмадэрн (фота)
4472 / 1
28.07.2014

«Re:Песьняры». У стылі постмадэрн (фота)

Рэжысэр Арцём Лобач узяўся за стварэньне прома-відэа для праекту, прысьвечанага 45-годзьдзю ансамблю «Песьняры».

Напярэдадні рэлізу і жывой прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры» яго ўдзельнікі візуалізавалі ідэі, вобразы і пасылы ў прома-роліку. У межах праекту нас чакаюць 12 творчых пераасэнсаваньняў абраных песень «Песьняроў». Ня дзіўна, што ў працяг гэтай тэндэнцыі й ролік атрымаўся ў постмадэрнісцкай танальнасьці. Ён створаны на трэк ад выканаўцаў SP Kava і Angst «Думалі» — рэп-пасланьне Янку Купалу ды Ўладзімеру Мулявіну, ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі.

Рэжысэр Арцём Лобач першапачаткова плянаваў зрабіць рэмэйк відэакліпу Pink Floyd «High Hopes», які на яго думку цалкам мог адпавядаць настрою праекту. Пагатоў, ён здаўна хацеў па-свойму пераапрацаваць тое, што яго захапляе. «Аднак ад самога пачатку ўсё пайшло інакш, — распавядае Арцём. — Мне давялося прыняць сытуацыю і пайсьці за героямі, за нашымі музыкамі і нашым асяродзьдзем. Таму гэты ролік нельга ацэньваць як чыстую рэжысэрскую працу, гэта хутчэй відэазамалёўка настрою, які яднае сучаснае беларускае і „песьняроўскую“ духоўную спадчыну».

Вынікі гэтага яднаньня гледачы змогуць ацаніць ужо неўзабаве. Аднак бэкстэйджы са здымкаў, якія рабілі самі ўдзельнікі, ўжо зьбіраюць падабайкі ў facebook ды instagram. Кожны зь герояў відэа зьмешчаны ў сваё асяродзьдзе, якое часам выглядала не зусім звыклым для іх саміх. Так, напрыклад, дзеля здымак тэнары ды барытоны з хору «Унія» блізу дзьвюх гадзінаў веславалі на Камсамольскім возеры, апранутыя ў смокінгі. Дзяўчаты Akana ў вышыванках хвалявалі ўяўленьне аматараў здаровага ладу жыцьця падчас здымкаў на Цнянцы. Вакаліст гурта Dzieciuki Паша Трабл упершыню паспрабаваў сябе ў ролі вершніка, а Сяргей Пукст зладзіў тэатар аднаго актора…

Прэм’ера прома-відэа «Re:Песьняры» адбудзецца на пачатку жніўня. Жывая прэзэнтацыя праекту, які прадстаўляе партал Tuzin.fm, дабрачынны фонд «Вяртаньне» і кампанія «Будзьма беларусамі!», адбудзецца ў клюбе Re:Public 12 верасьня. Квіткі паступяць у продаж ад наступнага тыдня.

Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: