«Re:Песьняры — нагода яшчэ раз гучна заявіць пра нашу культуру!»
3133 / 1
20.08.2014

«Re:Песьняры — нагода яшчэ раз гучна заявіць пра нашу культуру!»

Удзельнікі залатых складаў ансамблю «Песьняры», заслужаныя артысты Беларусі Ўладзіслаў Місевіч, Анатоль Кашапараў, Валеры Дайнэка і Ўладзімір Ткачэнка пазнаёміліся з праектам «Re:Песьняры» і вынесьлі свой вэрдыкт.

Праслухоўваньне праекту ў прэмайстэрынгавым запісе адбылося ў рэдакцыі газэты «Культура». Славутыя музыкі адгукнуліся на такую прапанову зь цікавасьцю. Перад тым, як пачуць вэрсіі «песьняроўскіх» гітоў у выкананьні сучасных герояў беларускай сцэны, артысты дзяліліся сваімі чаканьнямі : «Нават не ўяўляю, што магло атрымацца. Бо апошнім часам, як паказвае жыцьцё, па-мастацку пераканаўчае здараецца ня так часта, як хацелася б. Але кожны раз спадзяесься: а раптам?..» — казаў Уладзімір Ткачэнка, а Валер Дайнэка ўдакладніў: «Чакаем не паўтору „Песьняроў“, а выяўленьня „свайго“ стылю».

Музыканты праслухалі ўсе песьні з заяўленага трэк-лісту, акром кампазыцыі гурта Dzieciuki, якая на той момант не была яшчэ гатова. «Нядрэнныя нумары ў альбоме ёсьць, што пакінулі па сабе добрае ўражаньне, як маецца і некалькіх занадта тужлівых тэмаў. Важна, каб у альбоме быў хоць адзін нумар, пасьля якога ты не пашкадуеш, што аддаў грошы за пласьцінку. Для мяне такой стала „Вераніка“ ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча. Станоўча вылучыў бы хор Унія“, Pomidor/off, Сяргея Пукста, Detroit. Ня так і мала! Сама ідэя такога трыб'юту мне падабаецца. Гэта ж сусьветная практыка, калі музыканты — і сталыя, і маладыя — запісваюць свае „прысьвячэньні“ вялікаму выканаўцу. У мяне цэлая паліца дыскаў у такіх жанрах», — зазначае Валер Дайнэка, які працаваў у «Песьнярах» з 1977 да 1992 году, а цяпер сьпявае ў «Беларускіх Песьнярах».

На фота: Валеры Дайнэка, Уладзіслаў Місевіч, Уладзімер Ткачэнка падчас праслухоўваньня

Даволі крытычна падыйшоў да зробленага ўдзельнікамі праекту «Re:Песьняры» Ўладзіслаў Місевіч, удзельнік самага першага складу «Песьняроў» (у ансамблі працаваў з 1968 да 1992) — менавіта ён выяўлены на афішцы канцэрту, пасярод, з флейтаю. «Што атрымалася, дык гэта „Чырвоная ружа“, „Скрыпяць мае лапці“, „Александрына“ і „Жураўлі…“.  „Гусьляр“ мне застаўся незразумелым. „Веранiка“ — шыкоўна! Той, хто рабіў яе аранжыроўку, мусіць даць урок астатнім, як гэта мае быць. Без галавастага, рукастага аранжыроўшчыка песьня не загучыць. Як і бяз добрага сьпевака, такога, як, напрыклад, Тодар. Большасьці ж нават у лірычных песьнях бракуе энэргетыкі. А за праект брацца было варта хаця б дзеля памяці пра Мулявіна, але агульны ўзровень трошкі засмучае. Баюся, што вось гэты агульны ўзровень“ і ёсьць рэальная карціна, адлюстраваньне цяперашняга стану той сцэны, музыканты зь якой прадстаўлены ў альбоме. А рэзананс меў бы любы трыбют з любым наборам музыкантаў, якія вырашылі дакрануцца да творчасьці Песьняроў».

На фота: Валер Дайнэка і Ўладзіслаў Місевіч

Гітарыст і скрыпач залатога складу «Песьняроў» узору 1978—1985 гадоў Уладзімер Ткачэнка зазначыў, што паставіў шэсьць-сем «плюсаў» у сваім сьпісе: «Па выніках праслухоўвання назваў бы два нумары і іх выканаўцаў, што разьвіваюць творчасць „Песьняроў“: гэта „Вераніка“ Вайцюшкевіча і „Скрыпяць мае лапці“ Памідорава. Адзін пераасэнсаваў арыгінал на высокім узроўні разам зь піяністам Канстанцінам Гарачым, у другога сыграна ўпэўнена, прафэсійна, на высокім узроўні і з вытрымкай стылю. Яны спрабуюць цягнуцца за ідэяй „Песьняроў“. У многіх самадзейных па сутнасьці калектываў, якія мы паслухалі ў межах праекту, усё ў праекце магло б скласціся, каб яны мелі салістаў з добрымі галасамі. У тым жа Detroit з „Чырвонай ружай“ (хоць іх заўвага тычыцца ў меншай ступені) хацелася б большай дасканаласьці ў вакале, каб цалкам гарманічна ўсё склалася з аранжыроўкай. Быццам бы ёсьць галасы, якія раптам пачынаюць фальшывіць. У гэтым сэнсе Пукст мяне ня вельмі пераканаў, нават пры разуменьні таго, што інтанаваў ён пэўным чынам, напэўна, адмыслова. Я пачаў бы альбом з найлепшага, каб не чакаць той добрай песьні ў моры пасрэдных. Скажам, са Скрыпяць мае лапці“».

На фота: Сяргей Будкін паказвае музыкантам прома-ролік праекту

Вакаліст «Песьняроў» (з 1971 па 1989 год) Анатоль Кашапараў адразу ж зазначыў: «Ідэя праекту — добрая! Гэта яшчэ адна нагода гучна заявіць пра нашу культуру наогул. Ну а тое, што якасьць песень такая розная, тлумачыцца, мабыць, некамэрцыйным характарам праекту. У шэрагу нумароў ўсё гэта гучыць так, нібы ўдзел у трыбюце патрэбен не самім артыстам, а прадусару, нам, удзельнікам „Песьняроў“ ці яшчэ камусьці. Ведаеце, падумалася, што многія паўдзельнічалі, каб паўдзельнічаць хоць дзесьці. З праслуханага мне спадабаліся гурты Detroit, Pomidor/Off, Вайцюшкевіч, хоць зь яго вакалам у „Вераніцы“ я ня згодны. Нешта ёсьць ў Пукста, што можна разьвіваць, усё ж ягоную паліфанію я б крыху ўпарадкаваў. Астатняе на мяне не пакінула практычна ніякага ўражаньня. І ўсё ж, дзякуючы гэтым энтузіястам, — тым, хто прыдумаў праект, музыкантам, якiя яго рэалізавалі, нешта ў нашай культуры ідзе наперад».

На фота (зьлева направа): Валеры Дайнэка, Уладзіслаў Місевіч, Анатоль Кашапараў, Уладзімер Ткачэнка

Было сапраўды цікава, як знакамітыя музыканты вялікіх «Песьняроў» паставяцца да праекту, у якім асноўную частку яго ўдзельнікаў складалі музыканты непрафэсійныя. Рэакцыя заслужаных артыстаў парадавала — найперш тое, што яны ацанілі экспэрымэнтальныя кампазыцыі. Крытыка «песьняроў» была канструктыўная, хоць ў пэўных момантах — прадказальная. Як мінімум, палова праграмы ім спадабалася, значыць, старэйшае пакаленне прызнала, што выканаўцы, якiя прыйшлі ім на зьмену, маюць права і на ўласную музыку, і на такую інтэрпрэтацыю песень «Песьняроў».

Стэнаграму праслухоўваньня праекту «Re:Песьняры», дэтальнае абмеркаваньне песень і больш поўныя высновы можна будзе пабачыць у газэце «Культура», што выйдзе ў гэтую суботу, 23 жніўня. Набыць яе можна ў шапіках «Белсаюздруку».

Tuzin.fm выказвае падзяку ў арганізацыі праслухоўваньня рэдакцыі газэты «Культура» і асабіста яе галоўнаму рэдактару Сяргею Трафілаву і журналісту Алегу Клімаву.

Tuzin.fm, фота Юрыя Іванова

КАМЕНТАРЫ: