Новы трыб’ют N.R.M.: ці патрэбны? (відэа)
4861 / 0
27.08.2014

Новы трыб’ют N.R.M.: ці патрэбны? (відэа)

Гурт N.R.M. афіцыйна заявіў пра пачатак збору заяваў на ўдзел у сваім трыб’юце, які станецца ўжо другім у гісторыі гурта. Ці станецца гэты праект падзеяй і ці наогул патрэбны ён?

Трыб’ют прымеркаваны да 20-годзьдзя каманды. Са словаў цяперашняга франтмэна каманды Піта Паўлава, заявіцца ў ім можа які заўгодны гурт у незалежнасьці ад краіны пражываньня: «Не чакаем, што ў трыб’юце захоча паўдзельнічаць, напрыклад, Metallica. Але мы дакладна ведаем, што ў Польшчы маладыя гурты граюць нашыя песьні, свае вэрсіі рабілі такія гранды, як Pidżama Porno і Myslovitz. Апошнія паўдзельнічаюць і ў трыб’юце. У нас ёсьць фэны ва Ўкраіне, Расеі, Літве. Магчыма нехта з гуртоў з гэтых краін захоча далучыцца да праекту», — заявіў музыка ў камэнтары для UltraMusic.

Слынны беларускі гурт ужо мае адзін трыб’ют — у 2003 годзе выйшаў праект «Viza N.R.M.», песьні для якога запісалі гурты Sciana, «J:Морс», :B:N:, IQ48 і нават «Тяни-Толкай» з «Красками». У той час гурт яшчэ знаходзіўся на піку папулярнасьці — толькі выйшаў дыск «Дом культуры», які падмацаваў посьпех папярэдняга альбому «Тры чарапахі». Пасьля сыходу Лявона Вольскага прыхільнікаў у каманды яўна паменела. Ці станецца трыб’ют падзеяй і ці наогул патрэбны ён? Журналістка Тацяна Заміроўская мяркуе, што не патрэбны: «Быў жа ўжо адзін трыб’ют, вельмі някепскі. Навошта яшчэ. А калі ўжо і выдаваць трыб’ют, то „Мроі“ альбо ўсім праектам Вольскага, уключаючы N.R.M. А то пачнуцца спрэчкі — ці ўключаць у трыб’ют песьні новых N.R.M. І інфармацыйная прастора будзе поўніцца пустымі размовамі». А вось Алег Клімаў наадварот лічыць такую задуму цалкам прымальнай: «Трэба ж адзначыць 20-годзьдзе вялікай беларускай групы?! Трыб’ют — нармальная ідэя, не адставаць жа N.R.M. у гэтым сэнсе ад „Песьняроў“, які неўзабаве займее другі трыб’ют: Мулявін і кампанія ўвасаблялі папулярную музыку савецкай Беларусіі, Вольскі і кампанія — непапсовую музыку незалежнай Беларусі. Мне было б цікава паслухаць, як цяперашняе пакаленьне айчынных музыкаў перасьпявалі б песьні N.R.M. А калі б да моладзі далучыліся старыя, дык было б яшчэ больш займальна».

Сам Піт Паўлаў раіць патэнцыйным удзельнікам трыб’юту ўзгадняць песьню з N.R.M., каб не было паўтораў. У сам творчы працэс Піт, Юрась і Алезіс умешавацца ня будуць. Пра спрычыненасьць да працэсу ўласна Лявона Вольскага нічога не паведамляецца. Сам Лявон пытаньні зьвязаныя з N.R.M. пакуль не камэнтуе.

Журналіст Зьміцер Падбярэзскі разважае з нагоды падрыхтоўкі новага трыб’юту:  «Ад выданьня „Візы N.R.M.“ мінула 11 гадоў, музычны рынак краіны прыкметна зьмяніўся, паўстаў шэраг дастаткова творчых калектываў, якія не маглі паказаць уласныя прачытаньні арыгіналаў у мінулы час. Але зь іншага боку, грунтуючыся на тых трыб'ютах, якія ўжо маюцца, існуе вялікая верагоднасьць, што ўдзельнікі новага праекту не адшукаюць нечаканых аранжавальных момантаў з тым, каб не сьпяваць „клясыку“ нота ў ноту, а прадставіць нешта сапраўды творча-вынаходлівае. Таму я вельмі сумняваюся, што такіх твораў можа нарадзіцца больш за 2—3. Рэшта ж будзе складацца з элемэнтарных бляклых перапевак. Так што аднаго трыб’юту N.R.M. для гісторыі, лічу, дастаткова. І яшчэ: а як раптам Вольскі ня дасьць згоду на выкарыстаньне сваіх песень? :) Паглядзеўшы вокладкі двух альбомаў, пераканаўся, што аўтарства песень не пазначана. А вось на чыё імя яны зарэгістраваныя гэта ўжо пытаньнечка»

Акрамя Myslovitz, свае вэрсіі песень N.R.M. выказалі гатоўнасьць зрабіць гурты «Мутнаевока», «Тлушч», Re1ikt, Tonqixod, Nizkiz, Indra. Заявы прымаюцца бяз пэўнага тэрміну. 20-гадовы юбілей каманда мае сьвяткаваць цягам году. Зьвязацца з камандай можна праз афіцыйную суполку ў Facebook.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by