!OUT: «Альгарытмы» на Белрадыё (рарытэт 1969 году)
3110 / 7
30.09.2014

!OUT: «Альгарытмы» на Белрадыё (рарытэт 1969 году)

Tuzin.fm прадстаўляе запісы аднаго зь першых рок-гуртоў краіны. Гукавая сэсія адбылася 45 гадоў таму і доўгі час лічылася страчанай. Пра тыя часы ў матэрыяле Віктара Сямашкі згадваюць былыя ўдзельнікі «Альгарытмаў».

22 верасьня Яўгену Канавалаву магло б споўніцца 67 гадоў. Імя аднаго зь піянэраў айчыннага рок-н-ролу, выбітнага гітарыста неад’емна зьвязанае з ансамблем «Альгарытмы». Нагадаем, што менавіта «Альгарытмы» ў 1968 годзе былі афіцыйна прызнаныя найлепшым біт-ансамблем Менску, а Канавалаў адпаведна найлепшым сола-гітарыстам. Гэтая перамога дала магчымасьць «Альгарытмам» у першы й апошні раз прабіцца ў прафэсійную студыю. Невялікая гукасэсія адбылася ў 1969 годзе на базе Беларускага радыё на вуліцы Чырвонай. 

У архівах Белрадыё запісы «самадзейных» гуртоў не прынята было захоўваць. Акром таго, сховішча са стужкамі за мінулыя гады пасьпела перанесьці і пажар, і патоп, і абвал столі. Аднак недзе гадоў праз 30 пасьля тае гукасэсіі абедзьве песьні нечакана для самога сябе знайшоў Яўген Канавалаў — дома, сярод іншых стужак. Высьветлілася, што «Альгарытмы» пасьпелі зрабіць сабе копію. Яўген ўзгадваў: «Гэтыя стужкі ляжалі. Я іх ня чуў невядома колькі гадоў. Калі стаў у чарговы раз чысьціць камору, знайшоў, паслухаў… Да таго ж кампутар для адлічбоўкі зьявіўся».

На фота: Уладзімер Бяляеў і Яўген Адстаўноў

Склад «Альгарытмаў» узору 1969 году:

Яўген Канавалаў — лідэр-гітара, вакал;

Генадзь Старыкаў — другая сола-гітара, вакал;

Уладзімер Бяляеў — рытм-гітара, вакал;

Яўген Адстаўноў — бас-гітара, вакал;

Ігар Крупенія й Аляксандар Кукоўскі — бубны.

На фота: «Альгарытмы» падчас рэпэтыцыі ў МРТІ. А. Кукоўскі, Я. Адстаўноў, Ул. Бяляеў, Я. Канавалаў

Акалічнасьці гукасэсіі на Белрадыё памятае ўдзельнік тагачасных «Альгарытмаў», гітарыст Генадзь СтарыкаўПадчас працы над гукам адбылася сур’ёзная спрэчка між радыйным гукарэжысэрам і штатным тэхнікам гурту Ўладзімерам Янголем. Генадзь распавядае пра той выпадак, давячыся ад сьмеху: «Валодзя прымусіў гукарэжысэра падняць гучнасьць бас-гітары вышэй за ўсе нормы. Той сказаў, што яго з працы звольняць. Тым ня менш, Валодзя настаяў, бо лічыў, што басовы сыгнал губляеца пры радыёперадачы. Потым, калі мы слухалі гэтую музыку, нашыя прымачы папросту пляваліся дынамікамі й дыфузорамі з-за такога вар’яцкага басу, які ўсё перакрываў!»

Адметна, што «Альгарытмы» зафіксавалі ў студыі Белрадыё цалкам уласны аўтарскі матэрыял. Атрымаўся, можна сказаць, канцэптуальны, у меру псыхадэлічны трыптых пра аблокі, зямлю ды вецер між імі. 

«Облака». Бас-гітарыст «Альгарытмаў» Яўген Адстаўноў паведамляе: «Гэтую песьню мы напісалі разам зь Ігарам Крупенія. Ён напісаў тэкст, я — музыку. А ўся апрацоўка, аранжыроўка — агульная справа ўсяго гурту». Сьпяваюць у гэтым трэку Адстаўноў і Канавалаў.

«Земля». Гэта цалкам песьня Ігара Крупенія - і музыка, і словы ягоныя. А за лідэр-вакал у ёй адказваў Генадзь Старыкаў.

«Если б я был ветром». Музыка й вакал належаць Яўгену Адстаўнову. Песьня зьявілася праз знаёмства Яўгена з маладым паэтам Валерам Мягковым. Той даў яму пачытаць самавыдадзены зборнік уласных вершаў. На адзін з тэкстаў Адстаноў і напісаў сваю першую песьню. Трохі пазьней, у 1970 Мягкоў удзельнічаў у вядомых хваляваньнях моладзі ў цэнтры Менску. Іх прычынай сталася забойства аднаго зь мясцовых хіпі. Паэта тады затрымалі й прысудзілі тэрмін. Яўген Адстаўноў узгадвае: «На той момант у Злучаных Штатах была узьнятая кампанія ў абарону вязьняў сумленьня. Не магу сьцьвярджаць, што гэта 100-адсоткавая інфармацыя, але нам тады сказалі менавіта такім чынам: Валеру неяк вызваліла з турмы дзяўчына-амэрыканка. Неўзабаве яны пабраліся шлюбам, займелі дзяцей і жылі ў Менску».

На фота: Яўген Адстаўноў і Аляксандар Кукоўскі

З удзельнікаў гукасэіі «Альгарытмаў» на Белрадыё большасьць ужо пакінула гэты сьвет: Уладзімер Бяляеў загінуў маладым у 1974 годзе пры нявысьветленых абставінах, Аляксандар Кукоўскі памер ў 2006-м, Ігар Крупенія — у 2007-м, Яўгена Канавалава ня стала ў 2011 годзе. А што тычыцца «альгарытмаўскіх» запісаў, то ў 1969—1971 музыкі самастойна зафіксавалі на стужку яшчэ шэраг песень, інструмэнтальных кампазыцыяў ды імправізацыяў. Але гэты матэрыял варта прэзэнтаваць асобна.

На загалоўным фота: «Альгарытмы» падчас гукавой сэсіі на Белрадыё

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота й аўдыё з архіву Яўгена Канавалава

КАМЕНТАРЫ:

  • Евгений Отставнов
    Евгений Отставнов / адказаць
    30.09.2014 / 14:33

    Стариков, как всегда, и здесь соврал…
    Давится от собственного смеха и врёт, не останавливаясь - это он.

    На самом деле это был не Володя Беляев, а Володя Янголь, наш инженер-оператор, если можно так сказать.

    При прослушивании очередного дубля Володя попросил оператора добавить "низов" - тот не хотел.

    После короткого спора и аргумента "Или пишем так, или не пишем совсем" оператор сдался, сказав: "Делайте, что хотите."

    Запись завершилась "под управлением" Вовки Янголя - вот и всё.

  • Віктар Сямашка / адказаць
    30.09.2014 / 14:51

    Можа быць, гэта я не зразумеў пра якога з Валодзяў размова была :)

  • Денис Куковский / адказаць
    30.09.2014 / 16:33

    В статье ошибка!
    Александр Куковский умер в 2006-ом...

  • Віктар Сямашка / адказаць
    30.09.2014 / 20:03

    Дату паведаміў Яўген Канавалаў. А Вы - Кукоўскі-малодшы?

  • Денис Куковский / адказаць
    30.09.2014 / 20:17

    Да.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    01.10.2014 / 10:10

    Папраўлена, дзякуй за ўдакладненьні!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    10.10.2014 / 10:16

    Артыкул дапоўнены інфармацыяй пра песьні, знайшлі таксама яшчэ адну кампазіцыю з той гукавой сэсіі, якую дадалі ў аўдыёсэт.

  • КАМЕНТАВАЦЬ