Mesak. Ціўцер-лекцыя пра skweee (аўдыё)
4364 / 0
03.10.2014

Mesak. Ціўцер-лекцыя пра skweee (аўдыё)

Напярэдадні свайго прыезду ў Менск адзін з пачынальнікаў стылю skweee — фінскі музыка Mesak распавёў галоўнае пра сваю музыку ў фармаце ціўцер-лекцыі.

Mesak едзе ў Менск, каб выступіць у межах «Дзён скандынаўскай электроннай музыкі». Гэты музыка безумоўна варты ўвагі — гэта знакавае імя ў фінскай ды сусьветнай электроніцы. Mesak пачынаў у сярэдзіне 90-х у праекце Mr. Velcro Fastener, які здабыў славу ў прыхільнікаў дып-гаўсу. Музыка супрацоўнічаў з Claws Costeau, Marco Carola, DJ Zuzu. У 2006 годзе ён заснаваў лэйбл Harmonia, які спэцыялізуецца на выданьні музыкі ў стылі skweee, адзін з заснавальнікаў якога ўласна і лічыцца сам Mesak.

Адмыслова для Tuzin.fm музыка прачытаў віртуальную лекцыю пра skweee у ціўцер-фармаце:

У чым адметнасьць стылю? Пра skweee я даведаўся дзесяць гадоў таму. Гэта была павольная, «замаруджаная» электронная музыка. Нешта цалкам скажонае, хоць і не гардкор, але даволі юрлівае.

Хто і што паўплывалі на яго зьяўленьне? Па маіх назіраньнях кожны музыка меў свой асабісты падмурак і ўплыў, кожны музыка меў свой асаблівы стыль у стварэньні skweee. Для мяне гэты стыль — па сутнасьці магчымасьць зьбегчы ад абмежаваньняў стандартнай клюбнай сцэны. Пазьней, калі skweee больш сфармаваўся, ён стаў у адзін шэраг зь іншымі жанрамі сучасных дзіўных стыляў.

У якіх краінах skweee атрымаў найбольшую вядомасьць? Я ня ўпэнены ў тым, што skweee па-сапраўднаму папулярны дзе-небудзь. Але ж андэграўндная музыка не павінна быць папулярнай. Тады яна чапляе. Ці ня так?

Ці абапіраецца skweee на канкрэтную публіку па ўзросьце і статусе? Я не заўважаў, каб аўдыторыя мела нейкія свае спэцыфікі. Гэта даволі шырокі спектар людзей. Нават жанчыны часам любяць такую музыку.

Галоўныя вызначальныя працы у гэтым стылі? Daniel Savio — «Dirty Bomb» LP, Pavan — Norra Kvarken, «Default Deluxe» 7, Randy Barracuda — «Skweee Like a Pig».

У якім стане знаходзіцца цяпер skweee? У посттраўматычным.

Што яго чакае далей? За апошнія пару гадоў было выдадзена шмат складанак, у тым ліку і лічбавых. Я б хацеў, каб пачало зьяўляцца больш сольных альбомаў.

Мы падабралі для Mesak’а некалькі трэкаў новай беларускай музыкі. З усіх ён вылучыў праект Shuma з трэкам «Ой, еду я дарогаю», суправадзіўшы яго камэнтаром: «Мне падабаецца, што прадакшан не зрабіў з гэтага трэку поп-музыку. Часам вельмі легка патрапіць у пастку, калі спалучаеш традыцыйную музыку з электроннай».

Mesak выступіць з сваім сэтам у менскім клюбе «Піраты» у ноч з 17 на 18 кастрычніка.

Tuzin.fm

Аўдыё. Канал выканаўцы на Soundcloud

Тэгi: