Экспэрт Tuzin.fm Зьміцер Падбярэзскі. Два крокі наперад, адзін — назад
2859 / 1
15.10.2014

Экспэрт Tuzin.fm Зьміцер Падбярэзскі. Два крокі наперад, адзін — назад

Найстарэйшы беларускі музычны журналіст падрыхтаваў агляд першых тураў трох чартаў на Tuzin.fm і даступна патлумачыў, чаму не атрымаў чаканага задавальненьня ад пачутага і ўбачанага.

Па-першае, хачу падзякаваць за прапанову праз амаль ТУЗІН гадоў зноў праслухаць і выказацца пра песьні ўдзельнікаў гіт-параду. Па-другое, адразу адзначу, што чаканага задавальненьня ад пачутага і ўбачанага не атрымаў.

КЛІПЫ

Агульнае ўражаньне такое: яны падзяліліся для мяне асабіста неяк самі сабою на тры групы: кліпы годныя ўвагі і прафэсійна зробленыя, кліпы так сабе і для ўнутранага спажываньня і кліпы (адзін кліп, калі дакладней) анімацыйныя.

Да першай групы аднёс бы «Пачакай» (Pauline), якія нясе цікавую ідэю, хоць калі паспрабаваць сумясьціць зьмест песьні і вырашэньне відэа, дык мяне асабіста крыху раздражніла пэўнае залішняе драматызаваньне апошняга. Адзначу добрую апэратарскую працу. «Дачакайся, матуля» Зьмітра Вайцюшкевіча. Вельмі фактурны, запамінальны хлопчык, дый тое, што роля сьпевака на некаторы час у канцы перайшла ад Зьмітра да яго, — годны ход. А вось адносна мантажу маю заўвагі. «Дзяўчынка» ад «Крамы» — хіба што найбольш прафэсійна зробленае відэа. Адзінае, што рэзка «садзіць» ролік — гэта зьяўленьне пісталету ў кодзе. Людзі, ну дзе густ?! Гэта ж, мякка кажучы, дзікая банальнасьць! «У маёй галаве» ад BosaeSonca — найбольш вясёлы і арыгінальны паводле задумы кліп. Але больш нічога сказаць не выпадае… «B.E.Z.R.A.Z.L.I.C.H.I.E.» і Zolki band: за назву песьні забіў бы! Але гэта па-сапраўднаму аўтарскі выдатна выкананы хорар! Той выпадак, калі міжволі пачынаеш глядзець, а ня слухаць. Для мяне — хіба найлепшы ролік усяго туру! Iver & Martin S, «Пампея». Цікавая рэжысура і крыху залішняя калейдаскапічнасьць кадраў, якія зьнятыя прафэсійна, з адчуваньнем агульнай стылістыкі роліка. ili-ili і Наста Шпакоўская з ролікам «Мядзьведзіца»: вельмі годна зроблены кліп, хоць і з парачкай, як падалося, выпадковых кадраў.

Алесь Камоцкі быў прадстаўлены даўно зробленым кліпам на песьню «Шукай мяне», які ва ўсім туры быў адзіным, зробленым у жанры анімацыі. Толькі і адзначу: тонкая, вытанчаная нават праца!

А вось рэшта… «Чаго ты, лося?» і Re1ikt. І мантаж, і апэратарская праца маглі быць куды больш дакладнымі. Вельмі раздражняе, калі камэра бяз дай прычыны сьлізгае, сваволіць з расфокусам, рве кадр, сутыкаючы кадры аднаго амаль пляну. Хоць сама песьня вельмі добра аранжаваная! «Сумнае рэгі» і Dzieciuki: выдатна разумею, наколькі няпроста вырашыць такую песьню з дапамогай відэа. І тут таксама не атрымалася. Мабыць, з-за таго, што шмат штучнасьці ўкладзена ў відэа. І штучнасьць тая хутка накрывае цэлае. «Хопіць ламаць камэдыю» і Hurma. Вельмі танная праца на ўзроўні дзіцячага садка! Той выпадак, калі відэашэраг цалкам адпавядае самой песьні. І гэта адзіная ўдача роліка. А так, як той казаў, оба цвай! «Разьмеркаваньне» і «Тлушч»: амаль тое ж, што і папярэдні ролік: безнадзейна што па музыцы, што па відэа…

АЛЬБОМЫ

Праслухаўшы гэты тузін, прыйшоў да несуцяшальнай высновы: шмат чаго з гэтага сьпісу неўзабаве забудзецца і назаўсёды, відаць. І таму спынюся толькі на тым, што выклікала хоць нейкія эмоцыі. «Апошні золак» падаўся мне не да канца прадуманым і дастаткова выпадкова сабраным зборнікам, нягледзячы нават на пару даволі добрых песень. Але ж канцэпцыя раскрытая не да канца, як і адна вельмі вядомая ў Сеціве тэма:). «Like a Gossamer», калі сьцісла, выдалі альбом, у якім мне давялося слухаць шмат чаго для мяне асабіста лішняга, тут для старонняга прадусара было б шмат працы. «Rajok» ад групы Vuraj: дакладная, густоўная праграма, хоць і ня шкодзіла б крышачку больш драйву. Akute выставілі свой ці не найбольш гітовы альбом, які, на маю думку, павінен быў наогул узначаліць увесь тузін, бо… Лічыце мяне старым калдыром, але я аніяк не зразумеў «Грамадазнаўства» шануемага мною Лявона Вольскага. Ну не зразумеў я ідэю гэтых куплетаў, прабачце! Як і агульнай ідэі альбому «Mertvets», які выклікаў адну рэакцыю: усяму поўны гамон! Суцэльны змрок, безнадзёга і лапці ў сьметнік! Гэта — квінтэсэнцыя тыповай беларускай творчасьці, калі ідэя душыць музыку з імпэтам Атэла. Дый музыкі тут няшмат, прызнацца, за выключэньнем хіба сёмага трэку — нечаканай ці не пярлінкі на агульным фоне.

ТУР «RE:ПЕСЬНЯРЫ»

Усяго альбому ня чуў, але тое, што было выстаўлена ў туры, пацьвердзіла мае засьцярогі: ад часоў «Песьнярка» 1997 году ў айчыннай рок-музыцы праблема пошуку ідэі для вырашэньня кавэраў і адпаведна адшуканай ідэі аранжаваньняў зь месца наперад амаль не скранулася. Бо, па вялікім рахунку, з гэтага тузіну, не кранаючы SP Kava, па-сапраўднаму творча ўдалых кавэраў тут вобмаль. І што цікавае: яны зноў на апошніх месцах. Міжволі прыходзіш да высновы: ці тая грамада, што галасавала, не разумее, што такое кавэр, ці то, што яе, грамады, музычная адукаванасьць кульгае на абедзьве нагі. І калі, прыкладам, Akana з «Калядачкай» дамаглася стварэньня ці ня цалкам самастойнага твору, калі DeTroit стварыў цудоўны, сапраўдны кавэр «Чырвонай ружы», дык чаму тады TonqiХod атрымаў столькі галасоў за нейкую дзіўную кампазыцыю, якую і кавэрам назваць неяк не выпадае, і якаснай копіяй таксама. Rel1kt неяк начудзіў з мэлёдыяй, месцамі даволі неахайна паставіўшыся да яе, хоць сама вэрсія і неблагая. Таксама перагрузілі стылістычнай стракатасьцю свае «Лапці» людзі з Pomidor/Off, бо падчас прэзэнтацыі трыб’юту гэтая песьня прагучала крыху прасьцей і больш пасьпяхова. Akute зноў жа невядома зь якой прычыны пачалі бавіцца з мэлёдыяй «Алесі», а Dzieciuki наогул стварылі нешта такое, што згадала публікацыю ў савецкай прэсе, зь якой пачалося цкаваньне кампазытараў Шастаковіча і Мурадэлі, пад назваю «Сумбур вместо музыки». А вось BosaeSonca, як і Akana, дамагліся стварэньня творчага, самастойнага кавэру, а Зьміцер Вайцюшкевіч паказаў ці не адзіны ва ўсім туры твор, у якім выканаўца дамогся плёну і пры гэтым застаўся самім сабой на ўсе 100%.

ТУР №1

Калі гэтак будзе і ў наступных турах, нічога не застанецца, як зламаць на ўласнай галаве адзін зь вінілаў гіт-параду «Беларускай маладзёжнай». Чакалася, што першы тур новага сэзону прынясе куды больш творчых, цікавых песень. Але ж пасьля праслуханага вялікага жаданьня паставіць галачкі насупраць тых песень, якія зрабілі ўражаньне, часам проста няма. «Шчасьце» дуэту Navі — гэта неблагая заяўка на шлягер, але, відаць, за выключэньнем радыё «Сталіца», ён больш нідзе гучаць ня будзе. Алена і Павал Аракеляны адважыліся паспаборнічаць з рэштай выканаўцаў сваім блюзам. Але нашая публіка блюз відавочна ня любіць: яна прагне рок-ынд-ролу, наўпроставага ды дубаватага. І гэты дуэт з цалкам неблагой кампазыцыяй патрапіў не ў сваю патэльню. Як, дарэчы, і Chiefs Band: і куды падзелася дзікая энэргетыка бэнду?! Tanin Jazz: ну навошта Тані такое MTV? Млявы «Сэрпанцін», бадзёрая ды няшчырая Дыяна Громава, Віталь Варанко, пра якога было столькі гаворкі, неяк для мяне асабіста пакуль выдадзеных авансаў не апраўдаў (неблагі запіс песьні, дарэчы, нейкі насамрэч небеларускі). Brutto: шчыра ня ведаю, куды далей пакрочыць Міхалок. Пакуль што такія куплеты ня ўражваюць. А вось «Залілось сьлязьмі» — гэта той твор, які сапраўды варты самай пільнай увагі і прызнаньня.

«Мерада» зь песьняй «Проста вер» рэальна прэтэндуе на перамогу: тут і форма песьні, і яе падача насамрэч адпаведныя, хоць раней што да вакальных здольнасьцяў салісткі я ставіўся крыху скептычна. Але тут адбылося пераваўсабленьне: стылёва, густоўна, драйвова! Заслужаны лідар — гэта песьня «Як мае быць» ад гурта «Ілюжан». Вось што падумалася: гэты калектыў сымбалічна перахапіў эстафэту ў Tanin Jazz у сэнсе адшуканьня своеасаблівай стылістыкі, якую Таня Гарошка, на мой погляд, у апошняй працы проста расьцерушыла…

Агульная выснова: айчыннай папулярнай музыкай завалодвае куплетна-прыпеўная структура. Але ж гэтая цыганшчына (габрэйшчына ў горшым сэнсе гэтага вызначэньня) завядзе яе ў тупік і можа аб’яднаць зь цяперашняй расейскай эстрадаю. Шукайце, музыкі, іншыя формы, каб заставацца сабою!

Зьміцер Падбярэзскі, для Tuzin.fm

Экспэрт Tuzin.fm нарадзіўся ў Менску ў 1952 годзе. Скончыў беларускае аддзяленьне філфаку БДУ (1974), працаваў настаўнікам у вясковай школе, адміністратарам на «Беларусьфільме», рэдактарам літрэдакцыі на Беларускім тэлебачаньні (1978), рэдактарам музрэдакцыі БТ (1981), вядучым тэлепраграмаў «Сустрэнемся пасьля 11-ці» і «Тэледыскатэка». Рэдактар аддзелу музыкі (1981—1991) і намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва» (1991—2002), аўтар і вядучы музычных праграмаў на «Радыё 101,2» і «Радыё Свабода». Аўтар кнігаў прозы, суаўтар «Тэрміналагічнага слоўніка папулярнай музыкі» (1995)  і «Энцыкляпэдыі беларускай папулярнай музыкі» (2008).

КАМЕНТАРЫ:

  • Аляксандр Скарабагаты / адказаць
    16.10.2014 / 15:29

    Здаўна i паважліва стаўлюся да музычнай крытыцы Зьміцера Падбярэзскага.
    І сёння таксама ў значнай ступені пагаджуся з яго ацэнкамі. Яго скепсіс цалкам падзяляю і я. З адным выключэннем, а менавіта ў дачыненні да альбома «Mertvets» гурта «НЗ».
    Мы знаходзімся ў мiравым асяроддзі з пастаянна зніжаючымся ўзроўнем культуры, следствам чаго з'яўляецца таксама і цяперашні даўлеючы музычны фон. Бессэнсоўнасць i невыразнасць, пошласць і безгустоўнасць, штампы i запазычаныя шаблоны і прыёмы, усё разлічана на поспех у непрыдзірлівага масавага слухача. Гэты музычны гул, якi навязваецца культрэгерамi і камерсантамі ад «культуры» (якія маюць нахабную ўстойлівую перакананасць аб прымітыўным узроўні публікі), рэальна псуюць густ слухачу. Такая сумная карціна прымушае са скепсісам ставіцца да ўсяго новага, міжволі і сам становішся заложнікам гэтай парадыгмы і ўжо не чакаеш свежага ветру.
    Але чаму менавiта «Mertvets» для мяне сёння дзіўнае выключэнне? Якія мае аргументы?
    Па-першае, дзіўны выбар тэмы «Чалавек перад тварам блiзкай смерці» - сведчанне як светапогляднай сталасці стваральнікаў, так і iх усвядомленнай адказнасці перад слухачамі. Гэта немала - выклкае адразу давер i павагу, калі мэта працы дасягаецца.
    Па-другое, адказнае і ўважлівае стаўленне да выбару тэкстаў. Менавiта зварот да якаснага матэрыялу - творчасці Максіма Багдановіча, вершам пранізліва шчырым, сумленным і чыстым.

    Па-трэцяе, сэнсавыя кампаноўка і чарговасць тэкстаў у альбоме. Псіхалагічна дакладна перададзена гама душэўных перажыванняў чалавека пры прыняцці весткі аб блізкай смерці: пратэст, разгубленасць, трывога і прыгнечанасць, адчай, апатыя, пакора, погляд у мінулае ўласнага жыцця і перадача насамрэч самага важнага наказа на дарогу спадчыннікам. Нарэшце, светлае і трывожнае чаканне таямнічага будучага. Тое, што гэта інтуітыўна адгадана гуртоўцамi - для мяне гэта сведчанне вельмі глыбокага пранікнення ў тэму і ўласнага дачынення да Багдановіча.
    Па-чацвёртае, музычнае афармленне адпавядае сэнсу тэкстаў. Музычныя тэмы ярка і пераканаўча выказваюць пералiчаныя вышэй чалавечыя пачуццi. Кампазіцыі цікавыя, выразныя, запамінальныя. Аркестроўка, партытуры і выкананне на добрым узроўні.
    Мне сапраўды дзіўна, як маладым гуртоўцам удалося так трапна, дакладна і далiкатна дакрануцца да такой няпростай тэмы, адкуль узяліся смеласць і сілы дацягнуцца да гэтых глыбінь чалавечых пачуццяў. Мяркую, што яны і самі ў поўнай меры яшчэ не зразумелі маштаб зробленага.

    Такiм чынам, па-мойму, альбом - сапраўдная творчая з'ява ў нашым культурным жыццi, гэта доўгачаканы прарыў да сэнсу, і тое, што гэта адзначана ўважлівымі і абачлівымі слухачамi - вельмі ўцешна.

  • КАМЕНТАВАЦЬ