Гісторыя N.R.M. у 20 рэдкіх фота
5967 / 2
03.11.2014

Гісторыя N.R.M. у 20 рэдкіх фота

З нагоды 20-гадовага юбілею гурта N.R.M. Tuzin.fm публікуе рэдкія фота гурта з камэнтарамі Піта Паўлава: першыя фотасэсіі, выступы галяком і ў чырвоных пінжаках, Вольскі ў вобразе трансвэстыта, апошні канцэрт у залатым складзе, сустрэча з Браянам Мэем ды шмат чаго іншага.

Cваё 20-годзьдзе N.R.M. пачынае адзначаць канцэртам 7 лістапада і зьбіраецца прысьвяціць гэтай падзеі ўвесь наступны год — наперадзе тур, запіс і выданьне трыб’юту і вялікая прэзэнтацыя з гэтай нагоды. Пра гісторыю N.R.M. мы размаўляем зь Пітам Паўлавым, дзякуючы імпэту якога гурт працягвае знаходзіцца ў цалкам працоўным стане. Праўда, старых фота ў ягоным архіве захавалася ня так і шмат, затое безьліч рарытэтаў знайшлося ў калекцыі добрага сябры N.R.M., мастака, музыкі і фатографа Андрэя Плясанава. Зь яго ласкавай згоды гэтыя фота і публікуюцца, некаторыя зь іх упершыню. Піта мы папрасілі пракамэнтаваць фота, згадаць пра самыя цікавыя і малавядомыя факты з багатай на падзеі гісторыі беларускага гурта.

ПЕРШЫ ВЫСТУП, АСЯТРЫ І САША «МАЛОДШЫ»

Першы выхад на сцэну N.R.M. адбыўся ў межах «Рок-каранацыі», якая праходзіла 12 студзеня 1995 году ў памяшканьні Альтэрнатыўнага тэатру. Лявон Вольскі ў інтэрвію «Музычнай газэце» прыгадае пазьней, што выступ той выглядаў трохі камічна, бо музыкі выйшлі пасьля таго, як усе ўзнагароды былі раздадзеныя. Надта ім хацелася засьвяціцца, таму і ўпрасілі арганізатара Юрыя Цыбіна выпусьціць іх на сцэну. Аднак, аніякай цікавасьці да новай каманды публіка не выявіла — усе імкнуліся на фуршэт. Піт Паўлаў кажа, што на банкеце тым найбольш усім запомніліся вялічэзныя асятры, якія на той час былі вялікай рэдкасьцю. Праўда, музыкі пра іх толькі чулі — калі яны адыгралі свой сэт, на сталах ужо засталася толькі крыху гарэлкі. Кажуць, што менавіта там адзін з гасьцей Эдуард Ханок прамовіў сакрамэнтальную фразу: «З усіх мастацтваў для нас найважнейшым зьяўляецца банкет».

«На тым канцэрце мы гралі ўпяцёх, — згадвае Піт. — У нас быў малады гітарыст Аляксандар „Малодшы“ Дудар. Дарэчы, ён зьяўляецца суаўтарам некаторых песень зь першага альбому, як „Дзе тое слова?“, „Трактар“. Недзе шэсьць песень мы запісалі пры яго ўдзеле».

Дэбютны фотасэт N.R.M. (1995), фота з архіву П. Паўлава

ВАЛАСАЧЫ НА НЯМІЗЕ

Гледзячы на гэты стары здымак, Піт узгадвае: «Была такая газэта „Знамя юности“. Юры Цыбін падказаў нам чалавека з гэтай газэты, які зрабіў сэрыю фотаздымкаў. Мы выйшлі з выдавецтвва „Ковчег“, якім Юры кіраваў у тыя часы, а базаваўся ён каля памяшканьня Саюзу кампазытараў. Прайшлі да маста празь Нямігу, расьселіся там і зрабілі гэты кадар. Тады мы ўсе былі валасачамі. Мы апранутыя ў звычайныя паўсядзённыя шмоткі. На той момант у нас яшчэ засталіся адзнакі часу, калі мы гралі старую музыку. Яшчэ не пасьпелі пераўтварыцца ў сапраўдных тагачасных музыкаў. Наша музыка пачала трансфармавацца раней за нас».

Цікавы факт — Лявон Вольскі ўзяўся за гітару якраз у першыя месяцы існаваньня N.R.M., дагэтуль у «Мроі» ён граў на клявішах. Першая Лявонава гітара добра запомнілася Піту: «У нас застаўся інструмэнт Вэні (Вэнэдыкта Конева-Петушкевіча, гітарыста „Мроі“ — заўвага ТГ). Яна выглядала, як нейкае самапальнае страшнае бервяно. І вось на гэтым „бервяне“ Лявон рэпэтаваў, пакуль дырэктар „Радыё 101,2“ Зьміцер Новікаў не падараваў Лявону Ibanez, на якім ён грае дагэтуль».

З гэтай гітарай зьвязаны і наступны выпадак: «Недзе ў 2000-х мы былі ў Познані. Перад канцэртам у Лявона зламалася гітара. Для яго была страшная сытуацыя: хутка канцэрт, а гітары няма. Я больш прызвычаены да падобных сытуацыяў, бо ў мяне шмат гітар і зь імі шмат чаго адбывалася. Супакойваў Лявона, як мог. Знайшлі майстра і ён тэрмінова замяніў масток. Ён стаіць на гітары Лявона па сёньня».

На фота: Лявон Вольскі з той самай легендарнай гітарай, фота Аляксандар Tarantino Ждановіч

 

ЯК «ЛЯПІСЫ» ЛЕДЗЬВЕ НЕ САРВАЛІ ВЫСТУП N.R.M.

Гледзячы на чарговы здымак, Піт узгадвае ўжо пра прыгоды з сваёй гітарай. Справа была на прэзэнтацыі трыб’юту «Песьнярам» у парку Янкі Купалы. N.R.M. падрыхтаваў для праекту сваю вэрсію песьні «Я паставіў коніка»: «Тут я граю не на сваёй гітары. Гітарыст „Ляпісаў“ Руслан Уладыка, папрасіў у мяне гітару, а яны гралі пасьля нас. Інструмэнт яму даў, але папрасіў прынесьці яго на наш выступ. Руслан не прыйшоў у азначаны час, і я разумею, што на сцэну няма з чым выйсьці. На дапамогу прыйшоў Сяржук Надзёшкін з „Торнадо“, ён даў мне сваю гітару, на якой я граў першы і апошні раз, але гэтага ніхто асабліва не заўважыў».

N.R.M. выступае на прэзэнтацыі праекту «Песьнярок» (1997), фота з архіву Андрэя Плясанава

ЧЫРВОНЫЯ ПІНЖАКІ

1997 год стаў зорным для N.R.M., у тым ліку дзякуючы прызнаньню на той жа «Рок-Каранацыі». Піт згадвае, як яны хваляваліся падчас цырымоніі: «Да гэтай „Каранацыі“ мы былі грунтоўна падрыхтаваныя, нават набылі чырвоныя пінжакі для агульнага вобразу. Да апошняга моманту ня ведалі, узнагародзяць нас галоўнай каронай ці не. Па выніку мы атрымалі самую першую і галоўную рок-карону, якая для нас вельмі істотная».

Алезіс Дземідовіч, Піт Паўлаў і Лявон Вольскі (у чырвоных пінжаках) на «Рок-Каранацыі-1997», зьлева ад іх Ігар Варашкевіч, справа — Аляксандар Памідораў, фота Андрэя Плясанава

ЛЯВОН-ТРАНСВЭСТЫТ НА БТ

Гэтае забаўнае фота было зроблена падчас здымак кліпу на песьню «Чыстая-сьветлая» . Калі ён толькі зьявіўся на тэлебачаньні, журналісты наўпрост пыталі ў музыкаў: што за «підарскі» ролік яны зьнялі? Па задумцы рэжысэра Анатоля Вечара, Лявон выконвае галоўную ролю ў якасьці трансвэстыта. Здымкі праходзілі ў кавярні Johnny B. Goode, якая атрымала назву ў гонар адмысловай песьні Чака Бэры. Знаходзілася тая кавярня каля Ратушы. Піт кажа, што Вечар зачапіўся за радок зь песьні: «Мы крочым назад, мы вяртаемся позна». Ён зрабіў эфэкт, быццам усё адмотваецца назад, ад канца гісторыі да пачатку. Прэзэнтацыя кліпу адбылася на БТ. Музыка адзначае, што гэта была першая сьвядомая спроба зрабіць пасьпяховы кліп, які б мог доўгі час знаходзіцца ў тэлэратацыі.

Лявон Вольскі і Піт Паўлаў падчас здымак кліпу на «Чыстая-сьветлая», фота Андрэя Плясанава

ГОЛЫЯ КАРАЛІ

У даволі правакацыйным выглядзе N.R.M. выйшлі на сцэну «Рок-Каранацыі-2000». Напярэдадні музыкам далі зразумець, што ніякіх прызоў ня будзе. «Магчыма, што гэта падштурхнула да думкі пра „голага караля“, і мы вырашылі ўвасобіць ідэю, — кажа Піт. — Але зьдзейсьніў яе толькі я, бо быў зусім голы. Бачна, што Лявон у майтках і нейкіх дасьпехах. Мяне размалявала мая жонка, Зоя Луцэвіч, Лявона — Алезіс, а Юрась з Алезісам былі апранутымі. Перад выхадам на сцэну да мяне прычапіўся ахоўнік, які не дазваляў мне выходзіць да публікі ў „касьцюме Адама“. Я апрануў майткі, але як толькі зьявілася магчымасьць, скінуў іх. Калі мы выступалі, я падняў гітару… Мне падалося, публіка не асабліва зразумела, што адбылося».

Фота Андрэя Плясанава

ЧАС «ТРОХ ЧАРАПАХ»

У 2000-х БМА-group на чале зь Віталём Супрановічам ініцыяваў праект «Вольныя танцы». Выйшла тры кружэлкі «Вольных танцаў»: «Слухай сваё» (1999), «Новая альтэрнатыва» (2000) і «Альтэрнатыва_by» (2001). Праект падмацоўвалі вялікімі канцэртамі, у якасьці хэдлайнэраў на іх выступалі N.R.M. Гэты выступ адбыўся каля помніка Янку Купалу, а фота зроблена на ягоным пастамэнце.

Фота Андрэя Плясанава

Да выхаду альбому «Тры чарапахі» музыкі зладзілі прафэсійную фотасэсію. «Гэта мы на прыступках опэрнага тэатру. Тут яшчэ брукаванка зроблена з цагліны, якой ужо няма. Фатаграфаваў нас Сяргей Кажамякін. Рэжысэрам усёй гэтай фотасэсіі быў Міхал Анемпадыстаў. Ён хадзіў побач і кіраваў намі падчас здымак. Вопратку прадаставіў буцік „Каміла“, якога не існуе цяпер. З гэтых здымкаў быў зроблены канцэртны плякат».

Фота Сяргея Кажамякіна

«Тры чарапахі» без сумневу лічацца самым пасьпяховым альбомам каманды. Падчас яго прэзэнтацыі, канцэртная заля «Мінск» была запоўненая цалкам.

Фота Андрэя Плясанава

N.R.M. UNPLUGGED

Гэты здымак з апошняга акустычнага канцэрту N.R.M., які таксама праходзіў у КЗ «Мінск». Канцэрт прысьвячаўся калядам-2009. Прайшоў ён настолькі ўдала, што ў апытанцы на Tut.by быў названы падзеяй году.

«Дарэчы, менавіта N.R.M. былі першымі на беларускай рок-сцэне, хто прапанаваў праграму ў акустычнай вэрсіі, так званы unplugged. У мяне была добрая акустычная гітара, Лявон браў гітару ў Касі Камоцкай. Потым Юрась набыў сабе акустычны бас, вось дзякуючы гэтаму, і паўстаў альбом „Акустычныя канцэрты канца ХХ стагодзьдзя“. Цяпер мы таксама граем акустычна, але ўжо з дадаткам цымбалаў, дуды і іншых інструмэнтаў», — камэнтуе Піт.

Фота з архіву Піта Паўлава, аўтар Юрась Сідун, generation.by

АПОШНІ ВЫХАД ЗЬ ЛЯВОНАМ

10 лютага 2010 году N.R.M давалі сольны канцэрт у клюбе «Рэактар». Імпрэзу назвалі «Іх „Мроя“. Іх N.R.M.», паводле кнігі Віктара Дзятліковіча, што выйшла ў 2005 годзе. Музыкі і прыхільнікі яшчэ ня ведаюць, што Лявон Вольскі больш ня выйдзе на сцэну ў складзе гурта N.R.M. Пра гэта стане вядома ў студзені 2011 году, калі Паўлаў, Ляўкоў і Дземідовіч абвяшчаюць, што далей рушаць безь Лявона. Для самога Вольскага такое рашэньне было нечаканым, але тэму N.R.M. ён дагэтуль публічна не камэнтуе.

Фота з апошняга канцэрту «залатым складам». Прадастаўлена аўтарам Alexandra Fevra

НАЙЛЕПШЫ ГУРТ 15-ГОДЗЬДЗЯ

Выступ на «Рок-каранацыі-2010» быў першым з буйных, на якім музыкі прэзэнтавалі гурт у новым выглядзе. Да гэтага яны ўжо выступілі ўтрох у Полацку. На самой жа «Каранацыі» N.R.M. ушанавалі як найлепшы гурт па выніках 15 гадоў. 

На той час музыкі яшчэ думалі наконт таго, каб знайсьці новага вакаліста. Гэтым займаўся Юрась Ляўкоў, яму даручылі гэтую справу Піт і Алезіс. Піт кажа, што пэўны час становішча гурта было незразумелым — яны ня ведалі ў якім фармаце працягваць дзейнасьць, ці далучаць да гурта зусім новага чалавека. Сярод кандыдатур, якія ўсур’ёз разглядаліся на месца вакаліста N.R.M. Паўлаў называе Зьмітра Вайцюшкевіча і… Пятра Ялфімава: «Цяжка ўявіць, хто б мог заняць гэтае месца. Вайцюшкевіча — выдатна! Але ён асоба, якая займае ўласную нішу. Мною быў прапанаваны ідэальны „аўтамат“ для выкананьня нотаў — Пятро Ялфімаў. Прыгожы малады чалавек, вядомы беларус, клясна сьпявае, чэмпіён сьвету па вакале. Мы ўявілі яго на месцы Лявона. Але Юрасю гэта не спадабалася…» «Энэрэмаўцы» нават думалі абвесьціць адкрыты кастынг на вакаліста, але агульнага паразуменьня на гэты конт не знайшлі і канчаткова вырашылі выходзіць на сцэну ўтрох. Так пачаўся новы этап у існаваньні каманды.

N.R.M.  на на «Рок-каранацыі-2010», фота Аляксандар «Tarantino» Ждановіч

НА ВУЛІЦЫ МЕНСКАЙ У ВАРШАВЕ

Першы праект трыё N.R.M. — супраца зь вядомым польскім мастаком Павалам Альтхамэрам, які ўзяўся зьняць для беларускага гурта кліп на песьню «Прамень». «Тое, што вы бачыце, адбывалася ў Варшаўскім клюбе „М25“, які знаходзіцца на вуліцы Менскай, 25. Фарбавалі нас, інструмэнты і вопратку… Сьнег і лёд у кліпе штучны. У памяшканьні было даволі халодна. Нас выратоўваў ацяпляльны апарат, але ў нейкі момант перастаў працаваць, і ва ўсіх зьявіўся марозны подых. Кліп здымаўся ў пяці-шасьці месцах. Шмат чаго, што я б хацеў убачыць, не ўвайшло ў відэа, ёсьць моманты, якія на мой погляд, залішнія, але на агульны вынік працы наракаць цяжка».

Алезіса ператвараюць у сапраўднага палярніка. Фота з архіву Піта Паўлава

НАМАЛЯВАНА НАГОЮ ЦЭСЬЛЕРА

На гэтым здымку ўвесь N.R.M. разам з Глебам Галушкам завітаў у майстэрню да вядомага мастака Ўладзімера Цэсьлера. Ён трымае першы ў гісторыі N.R.M. вініл, дызайнэрам якога зьяўляецца. Яму належыць вокладка і лёга «Д.П.Б.Ч.», якое ён зрабіў запалкай, уставіўшы яе паміж пальцаў левай нагі. Потым ўсё гэта адсканавалася, а калі ў музыкаў зьявілася пытаньне, аб тым, як уставіць лёга самога гурту, мастак параіў ім наклеіць яго асобна, што і было зроблена.

Майстэрня Цэслера. Фота з архіву Піта Паўлава. Аўтар фота Вячаслаў Радзівонаў, ultra-music.com

СЬВІТАНАК У ГДЫНІ

«Гэта было падчас Opener Festival. Можна сказаць, што ён адбываецца ў Гдыні, на тэрыторыі аэрадрому. Вялізны фэст які ладзіцца на працягу чатырох дзён, неверагодная колькасьць людзей… На фэсце асабіста мяне ўразілі выступы гуртоў Вlur і Arctic Monkeys. Мы зачынялі фэстываль. Выступ N.R.M. cкончыўся з узыходам сонца, падчас песьні „Прамень“. У гэтым жа сэце, але крыху раней, выступіў гурт Harotnica. Мы выйшлі ў залатых скафандрах. Усе гледачы пераапрануліся ў „золата“ і калі выступ скончыўся, пайшлі сустракаць сьвітанак», — дзеліцца ўражаньнямі Піт.

N.R.M. на Opener Festival 2013, фота з архіву Піта Паўлава. Аўтар Валянцін Хасяневіч, ultra-music.com

КАНТАКТ УСТАЛЯВАНЫ

Адзін з самых удалых выступаў N.R.M. у новым фармаце. Музыкі гралі прыканцы фэсту «Рок па вакацыях — 2013». Музыкі выканалі некаторыя кампазыцыі з новага альбому і некалькі ўсім вядомых гітоў. «Выступ атрымаўся эмацыйны, дзякуючы ўсталяванаму кантакту з публікай», — зазначае Піт.

Фота з архіву Піта Паўлава. Аўтар Кацярына Лісіца.

N.R.M. У МАСКВЕ

У 2013 годзе N.R.M. у межах прэзэнтацыі альбома «Д.П.Б.Ч.» упершыню выступіў ў Маскве. Канцэрт праходзіў у адным з маскоўскіх клюбаў пры поўнай залі. Піт кажа, што тагачасны арт-дырэктар клюбу, прэс-аташэ гурта «Ляпіс Трубяцкі» Аляксандр Бергер пад уражаньнем ад іх выступу запрасіў іх даць яшчэ адзін канцэрт на наступны дзень. Здымак жа зроблены падчас невялічкай экскурсіі па Маскве.

Фота з архіву Піта Паўлава

ДУЭТ З MYSLOVITZ І ПАДАРУНАКІ АД GUANO APES

Упершыню за тры гады правядзеньня фэстывалю Europejski Stadion Kultury ў межах маштабнага праекту Wschód Kultury выступілі ўдзельнікі зь Беларусі гурт N.R.M. «Сэнс акцыі ў тым, што музыкі абменьваюцца песьнямі зь іншымі ўдзельнікамі і выконваюць іх на канцэрце. Мы абмяняліся песьнямі з гуртом Myslovitz. Яны сьпелі нашу песьню „Прамень“, а мы іх вядомы гіт „Peggy Brown“. Гэта было неверагодна! Вельмі шыкоўна выглядала публіка, якая апранулася ў залатыя плашчы, цэлы стадыён! Пасьля выступу да мяне падыйшоў бубнач гурта Guano Apes. Ён быў уражаны і нагаварыў мне шмат камплімэнтаў. Я падараваў яму альбом „Д.П.Б.Ч.“, ён ня ведаў, што падараваць узамен і аддаў свае барабанныя палачкі. Я пры ім перадаў іх Алезісу. Увогуле, на фэстывалі панавалі вельмі файная сяброўская атмасфэра», — з захапленьнем распавядае Піт.

Фота прадастаўлена Пітам Паўлавым

Гітарыст і цяперашні франтмэн N.R.M. падараваў кружэлку свайго гурта і яшчэ аднаму знанаму музыку — Браяну Мэю. «Ён адзін з гітарыстаў, які значна паўплываў на мой гук і падыход да аранжыровак. Я выказаў падзяку за ягоную кар’еру і падараваў наш новы альбом. Спадзяюся, што ён знойдзе час, каб яго паслухаць», камэнтуе з усьмешкай Піт.

Летась песьня гурта N.R.M. «Мроя мая» намінавалася на «найлепшую беларускамоўную песьню» на тэлепраекце «Нацыянальная музычная прэмія Беларусі». Кампазыцыя не перамагла, але музыкі былі запрошаны ў залю. Піт тлумачыць: «Мы скарысталі магчымасьць і паглядзелі ўласнымі вачыма на гэты канцэрт. Шчыра кажучы, я быў страшна расчараваны. У гэты праект кінуты найлепшыя сілы: камэры, гук, сьвятло, але ўсё яно настолькі кепска працуе… Большасьць артыстаў выступае пад фанаграму, а яна часамі вырубаецца. Выглядае ўсё гэта неяк нацягнута і крыва. Нашым сябрам з гурта Apple Tea прапанавалі сыграць жыўцом, але на саўндчэк не хапіла часу, з-за таго што „фанаграмныя“ артысты рэпэтавалі як яны выйдуць, як закоцяць вочы… Гэта можна адрэпэтаваць перад люстэркам дома, таму яны проста адмовіліся выходзіць на сцэну без саўндчэку. Вынік ня ўразіў. Можа людзям, якія раз на год, ці раз у жыцьці трапілі на канцэрт, было прыемна ўбачыць гэтых артыстаў. Я і сам рады бачыць сваіх калег, тую ж Іну Афанасьеву. У мяне няма ніякіх адмоўных пачуцьцяў да іх, хоць мы і з розных палюсоў».

Фота з архіву Піта Паўлава

Існуюць розныя меркаваньні наконт сёньняшняга N.R.M. Ёсьць тыя, хто не ўспрымае гурт бяз Вольскага. Аднак, нямала і ўдзячных Піту, Алезісу і Юрасю за тое, што яны ўсё ж не распусьцілі гурт, а працягваюць ствараць нешта новае. І абавязкова згадваюць на канцэртах і свае даўнія гіты.

Канцэрт N.R.M. з нагоды 20-годзьдзя адбудзецца 7 лістапада ў клюбе «Піраты». Падзея FB/VK

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Валентин Хасеневич
    Валентин Хасеневич / адказаць
    04.11.2014 / 17:27

    N.R.M. на Open’er Festival 2013, фота з архіва Піта Паўлава. Аўтар ВАЛЯНЦИН ХАСЯНЕВІЧ, ultra-music.com

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.11.2014 / 11:08

    Паправілі

  • КАМЕНТАВАЦЬ