Sciana адзначыць 15-годзьдзе вялікім канцэртам у Менску
2935 / 0
11.11.2014

Sciana адзначыць 15-годзьдзе вялікім канцэртам у Менску

Берасьцейскі гурт справіць юбілей у клюбе «Піраты» 5 сьнежня разам з сваімі сябрамі з гурта TerraKod. Адмыслова да гэтай падзеі Менск наведае гурт «Роллікс» з Украіны.

Да будучага канцэрту музыкі з гурт Sciana рыхтуюцца з усёй адказнасьцю. «Для нас гэты выступ надзвычай важны, бо падводзіць рысу пад цэлай эпохай у нашай гісторыі», — кажуць берасьцейцы. Адмыслова да канцэрту з нагоды 15-годзьдзя яны кшталтуюць песьні розных гадоў. Некаторыя зь іх ня граліся дзесяць і больш гадоў. Sciana хоча зрабіць мікс з старых і новых трэкаў ды прайсьціся па ўсёй сваёй гісторыі — рарытэтныя альбомы «Суб’ектывізм» і «Рулет», першы поўнафарматнік «Рыфы лёсаў» і перамога на палескім рок-фэсьце «Крок» ды на «Басовішчы», яскравы кавэр «Я еду» для трыб’юту N.R.M., фурор на конкурсе «Генэралы айчыннага року», першы кліп на «Можна быць», непаўторная «Вясна.by», трыюмф на польскім фэсьце «Рок-ноч», туры па Польшчы ды Ўкраіне, сьпелыя альбомы «Кропка вяртаньня» і «Мы застанемся» ўрэшце рэшт… Гісторыя гурта багатая на падзеі, гэтаму будзе прысьвечаны асобны матэрыял.

«Мы працягваем працаваць, пішам новыя песьні і шмат гастралюем, часам насуперак неспрыяльным жыцьцёвым абставінам. Бо рок-н-рол гэта рух, і мы таксама рухаемся наперад. Таму што ўпэўненыя, што самае цікавае яшчэ за лініяй гарызонту», — кажуць музыкі і запрашаюць усіх сваіх прыхільнікаў 5 сьнежня ў «Піраты».

Гасьцямі канцэрту будзе гурт TerraKod зь Берасьця, які неад’емна зьвязаны зь «Сьцяною». З Хэрсону прыедзе павіншаваць сваіх даўніх сяброў гурт «Роллікс», які сыграе сэт з сваіх самых значных песень.

Канцэрт праходзіць у межах акцыі «Жывы Тузін», якую чацьверты сэзон запар ладзяць партал Tuzin.fm з партнэрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». У якасьці вядучага канцэрту дэбютуе паэт Віталь Рыжкоў.

5 сьнежня. 19:00. Клюб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). 15 гадоў гурту Sciana. Пры ўдзеле TerraKod і «Роллікс» (Украіна). Квіткі, з улікам камісіі апэратара — 92 000 (танцпляц), 112 000 (столік). У дзень канцэрту будзе даражэй. Можна набыць он-лайн праз Kvitki.by ці ў касах па ўсёй Беларусі. Інфа: + 375 29 687-20-93/+375 29 727-30-97.

Падзея у FB/VK

Tuzin.fm, фота Budzma.by, Алега Горбача (загалоўная), афіша — студыя «Адліга»