Кліп месяца на Tuzin.fm — «Дачакайся, матуля» ад Вайцюшкевіча (відэа)
2970 / 0
13.11.2014

Кліп месяца на Tuzin.fm — «Дачакайся, матуля» ад Вайцюшкевіча (відэа)

Праца рэжысэра Расьціслава Смольскага на песьню Зьмітра Вайцюшкевіча перамагла ў другім туры відэачарту. Выканаўца з гэтай нагоды падзівіўся, бо не разьлічваў на такую падтрымку. І прысьвяціў перамогу Генадзю Бураўкіну.

«Не чакаў, што мы зоймем першае месца», — прызнаўся Вайцюшкевіч пасьля таго, як мы павіншавалі зь перамогаю ў чарце. Ролік на кампазыцыю «Дачакайся, матуля» зьняў Расьціслаў Смольскі. Кліп знакавы для выканаўцы, бо «першы рэальны», да ўсяго ў ім распавядаецца асабістая гісторыя. «Песьня нібы важная, але ня меў спадзеваў на яе посьпех у чарце, бо твор пра маці ўспрымаецца ўсё ж большасьцю, як нешта банальнае, нямоднае. Тым больш прыемна, што яе падтрымалі», — кажа музыка. Ён прысьвячае перамогу памяці Генадзя Бураўкіна, аўтара кампазыцыі.

Цяпер Вайцюшкевіч распачынае актыўную працу па падрыхтоўцы новага альбому на вершы чэскіх паэтаў. Да ўсяго, толькі што выйшла перавыданьне з бонусамі аднаго з самых запатрабаваных альбомаў Зьмітра — «Калыханкі». У сьнежні музыка разьлічвае на карпаратыўныя выступы з нагоды сьвятаў і чакае прапановаў ад усіх, хто хоча надаць у адзначэньне беларускага калярыту. Кажа, што ў яго WZ-Orkiestra існуе гнуткая сыстэма зьніжак. Зьвязацца з выканаўцам непасрэдна можна праз email todar@tut.by

Tuzin.fm