Зьміцер Харытановіч (Drum Ecstasy): «Плявузгаць прасьцей, чым тварыць»
4227 / 1
14.11.2014

Зьміцер Харытановіч (Drum Ecstasy): «Плявузгаць прасьцей, чым тварыць»

На просьбу Tuzin.fm удзельнік гурта Drum Ecstasy, а таксама бубнач гуртоў :B:N:, Pomdor/off, Hasta La Fillsta, Зьміцер Харытановіч выказаў сваё стаўленьне да сытуацыі, у якой апынуўся лідэр Drum Ecstasy Філ Чмыр пасьля выказваньня адносна нянавісьці да беларускай мовы і беларускай нацыянальнай ідэі. На просьбу Зьмітра мы зьмяшчаем тэкст без скарачэньняў, захоўваючы стыль аўтара.

Адразу скажу з нагоды самой беларускай мовы. Безумоўна, яна павінна быць, як раўнапраўная мова разам з расейскай. Не замест, а разам. Усё, кропка. А цяпер пра ўсё астатняе.

Пэўны сэгмэнт беларускамоўнай журналістыкі ў вачах шмат якіх людзей даў маху. Адбыўся банальны ўкід інфармацыі ў стужцы сяброў у facebook. А далей пачаліся цуды. Вышэйзгаданы сэгмэнт беларускамоўнай журналістыкі ўспрыняў усё занадта літаральна, так, як яму зручна. Зь нічога была разьдзьмутая гіганцкая псэўдападзея з прэтэнзіяй на сусьветны пажар. Вельмі наглядны індыкатар жоўтай прэсы. Калі проста няма пра што пісаць. Ці пісаць пра тое, што больш зручна, не ўстаючы з канапы, бяз выезду ў палявыя ўмовы. Мінімум працазатратаў, максымум шуму.

І тое, што адбылося далей, як мінімум расчароўвае. Асабліва расчароўвае рэакцыя пэўнага сэгмэнта людзей, выказаная ў іх камэнтарах на некаторых беларускамоўных сайтах. Ня буду называць сайты, тым самым не рэклямаваць. Усе цікаўныя ўсё гэта бачылі ці пры жаданьні могуць знайсьці. Дык вось, рэакцыя зьдзівіла і прымусіла задумацца. Пераважная большасьць людзей нават не зразумела ў чым сутнасьць укіда (нагадаю, што вялося пра не статус, а пра навязваньне). Але затое ў абарону беларускай мовы яны выказваліся на чысьцюткай расейскай мове ў брыдкай хамскай манэры (у тым ліку зь зьнявагамі, пагрозамі і пераходамі на асобы). І не задумваліся пры гэтым, што іх пасты не сутыкаюцца з самой тэмай абмеркаваньня. Часам складалася ўражаньне, што некаторыя ашалелыя камэнтатары па ўзроўні інтэлекту толькі нядаўна зьлезьлі з дрэва і не прайшлі поўны курс эвалюцыі. І калі гэтых фарумчан нехта называем патрыётамі і абаронцамі нечага там беларускага, то асабіста я не хачу быць ТАКІМ патрыётам. І мне з вамі зусім не па шляху. Такія людзі могуць толькі разбураць, тварыць яны ня могуць, ня ўмеюць і ня хочуць. Разбураць і плявузгаць нашмат прасьцей, чым ствараць і тварыць. Пры гэтым самае цікавае — увесь гэты натоўп разьятраных абаронцаў нібы беларускіх каштоўнасьцей у суме і блізка не зрабіў таго ўнёску ў спадчыну беларускай культуры, колькі аб’ект ганеньняў, то бок Філіп. А гэта ўжо наогул ні у якія вароты. Што ж гэта за патрыятызм такі на ўзроўні ашалелага натоўпу, што паліць кнігі па нечым загадзе? Мы гэта ўжо праходзілі ў гісторыі і сузіраць паралелі было вельмі сумна.

Што пры гэтым бачаць людзі. А яны бачаць зусім нечаканыя вынікі ўкіда. Тых, хто дыскрэдытуе наогул усіх нармальных беларускамоўных людзей (якіх, трэба адзначыць, ёсьць нямала!) і раўняе гэтых нармальных з псэўдапатрыятычнымі хамамі пад адзін грэбень. Разумныя людзі розьніцу бачаць. Але ёсьць і такія, якія яе не заўважаюць. І такія, хто адмыслова ня хоча яе бачыць. І вось журналісты зь лёгкасьцю аб’ядноўваюць нармальных зь ненармальнымі. І тым самым дасягаюць непрыманьня такой «беларускасьці» ў пэўнага кола насельніцтва. Пытаньне — навошта? Гэта была ваша мэта?

За час сваёй творчасьці я пабачыў шмат людзей, якія былі непрафэсыянальнымі ў сваёй дзейнасьці, але якія пры гэтым не хаваліся за сымбалі. Нехта кустарна, нехта больш-менш налаўчыўся. Напрыклад, грае на якім-небудзь канцэрце якая-небудзь НІЯКАЯ Ў МУЗЫЧНЫМ І ПРАФЭСЫЙНЫМ ПЛЯНЕ беларускамоўная група. Рэакцыя залі такая ж ніякая. Але затым са сцэны, у паўзах паміж песьнямі - там, дзе павінны былі бы быць аплядысмэнты, а іх няма - вымаўляюцца ўратавальныя словы: «Жыве Беларусь!». І ўсё! Для пэўнага сэгмэнту гэтага дастаткова. Ня важна, што крыва. Ня важна, што кепска. Галоўнае махаць патрэбным сьцягам. Бо гэта ж лягчэй, чым працаваць, чым памыляцца і рабіць работу над памылкамі, чым тварыць і ствараць. Але! Існуе іншы сэгмэнт людзей, які бачыць гэта. І ў іх такая навязьлівая «жывебеларускасьць» проста асацыюецца з халтурай, лянотаю і непрафэсыяналізмам. Гэта як прыклад пра навязваньне, і як вынік — нашмат большае непрыманьне гэтага навязваньня. 

На жаль, усё, што адбываецца цяпер, у той ці іншай меры адбывалася і раней. Псэўдаідэйныя гультаі раўлі ва ўсе часы. Аднак, гэта не замінала нам, нягледзячы на іх і не зважаючы на іх колькасьць, тварыць і працягваць рабіць унёсак у беларускую справу.

Асабіста я працягваю займацца творчасьцю і ня маю ніякага жаданьня лезьці ў сваркі ды даводзіць некаму нешта на словах. Я аддаю перавагу доказу дзеяньнямі. Разумныя людзі мяне, спадзяюся, пачулі. А на дурняў ня маю часу. Я жадаю «Тузіну» таксама ня траціць час на ўсялякую лухту і не прыпадабняцца жоўтай прэсе. Лепей рабіць новыя праекты (як, напрыклад «Re:Песьняры»), чым весьці сьвятую вайну зь няісным ворагам. Нармальныя журналісты павінны дапамагаць тварыць, а не замінаць.

Перад тым, як канчаткова закрыць гэтую тэму, хачу проста прыкласьці ніжэй сьпіс маіх працаў, зь якіх больш за палову — беларускамоўныя альбомы. Паслухаць і спампаваць у mp3 можна тут. Назаву толькі некаторыя гурты і праекты, у якіх я браў удзел: :B:N:, Pomidoroff, Hasta La Fillsta, Zet, ili-ili, Hoha Band, Exist, праект Soliadarni z Bialorusia, Dali, IQ48. Гэта запісы, было яшчэ вялікае мноства канцэртаў з гэтымі ды іншымі гуртамі. Ну, і вядома ж DRUM ECSTASY! Канцэрты і запісы. Да слова, я адзіны чалавек, які чатыры разы займаў першыя месцы з чатырма рознымі гуртамі на самым галоўным беларускім фэсьце «Басовішча».

Уся гэта інфармацыя не для выхваленьня. А для таго, каб людзі, якія чытаюць мой адказ, бачылі, што я не галаслоўны. Я твару і раблю свой унёсак у беларускую культуру, нягледзячы на некаторыя думкі, якія не сыходзяцца з думкамі некаторых беларускамоўных журналістаў. І я ў аніякім разе не аб’ядноўваю ўсіх беларускамоўных журналістаў пад адзін грэбень.

З павагай, Зьміцер Харытановіч

Ад рэдактара Tuzin.fm

Дзякуй Зьмітру за зьмястоўны і годны адказ. Сапраўды, гэта той чалавек, для якога перадусім справа і вынік. Для агульнага разуменьня мусім патлумачыць, чаму ўзьнялі публічна тэму Філа і мовы. Справа тут не ў канкрэтным укідзе ў fb. Пра сваю нянавісьць і непрыманьне беларускага Філ пісаў і казаў раней пэрыядычна. Асабіста я гэты момант абмінаў увагаю, у тым ліку калі рыхтаваў фінальную вэрсію адной нашай размовы — ці мала якія могуць быць дзівацтвы ў чалавека. Справа ж перадусім. Але нядаўні зьняважлівы пра беларускую мову пост у fb быў той кропкай кіпеньня, калі ўжо ігнараваць тэму немагчыма... Ня дзіва, што Філа зацкавалі, часам у зусім бязьлітаснай, жорсткай манеры. Тут трэба разумець — калі заходзіць спрэчка пра мову, беларускасьць, ідэнтычнасьць, то ў беларусаў запускаецца абарончы мэханізм, выпрацаваны пад уплывам ад усіх тых драматычных падзеяў у нашай гісторыі. І літасьці ненавісьнікам чакаць тут не выпадае. Пра што наогул думаў Філ, калі пісаў гэтыя ганебныя (найперш для яго самога) радкі. Няўжо разьлічваў, на пахвальбу і агульную згоду, пішучы ў такім тоне? Уявіце сытуацыю хоць бы у суседняй Літве ці Польшчы, каб мясцовы культавы ў пэўных колах пэрсанаж, сказаў падобнае ў перакладзе на іх сытуацыю, і якія наступствы для яго маглі быць у публічнай сфэры. Варта аддаваць сабе справаздачу ў тым, што ты кажаш і разумець, якім чынам гэта можа паўплываць на цябе, тваю справу і тваю творчасьць.

І яшчэ. «Тузіну» важна ня толькі як назавуць свой новы альбом музыкі, на чые вершы запішуць будучы сынгл і ў якім горадзе зайграюць наступны канцэрт. Нам важна і тое, пра што яны думаюць, чым жывуць і якое маюць меркаваньне адносна таго, што дзеецца ў грамадзтве. Лухтой гэта ня лічам. Таму дзякуй Зьмітру за параду, але разам з рэалізацыяй музычных праектаў, мы надалей будзем зьвяртаць увагу і на выказваньні нашых музыкаў.

Cяргей Будкін

КАМЕНТАРЫ: