«Ягорава Гара». Прачнуцца, каб пабудзіць астатніх (аўдыёпрэм’ера!)
4980 / 0
15.11.2014

«Ягорава Гара». Прачнуцца, каб пабудзіць астатніх (аўдыёпрэм’ера!)

Лідэр адметнага гомельскага фольк-праекту «Ягорава Гара» Ягор Палешук распавёў Tuzin.fm небанальную гісторыю стварэньня гурта і прадставіў песьню «Як пад гаем», што ўвойдзе ў будучы альбом музыкаў.

Ягорава гісторыя пра стварэньне гурта дагэтуль зьдзіўляе яго сяброў. Лідэр фольк-фармацыі ня меў аніякага дачыненьня ані да фольку ў прыватнасьці, ані да музыкі наогул. Хіба ў юнацтве сьпяваў пад гітару, вывучыўшы пяць акордаў. «Некалькі гадоў таму на адным са зборных канцэртаў я пачуў беларускую народную песьню ў выкананьні сёньняшняй салісткі майго праекту — Дзівы, Натальлі Дубровай. Калі я яе слухаў, штосьці пульсавала ўнутры. Я называю гэта абуджэньнем. Я да гэтага ніколі спэцыяльна ня слухаў беларускія народныя песьні. Па-сутнасьці і мовы ня ведаў беларускай. Мне сёе-тое падабалася ў апрацоўках Песьняроў“, „Палацу“, „Троіцы“, але ня больш за тое». Зачараваны сьпевамі Ягор вырашыў пазнаёміцца зь сьпявачкай, каб даведацца, калі і дзе яна выступіць у найбліжэйшы час, каб прыйсьці і паслухаць. Але высьветлілілася, што Натальля ў фольк-праектах задзейнічана не была.

Ягор зьдзівіўся гэтаму факту і вырашыў сабраць знаёмых музыкаў ды паспрабаваць апрацавць некалькі беларускіх песень для Натальлі. Але гэта апынулася няпростай справай, бо кожны дасьведчаны музыка меў свае пляны. «Такім чынам я пачаў сам займацца музыкай, зьбіраць народныя інструмэнты, вывучаць віртуальную студыю. Прасіў абазнаных навучыць граць на тым ці іншым інструмэнце. Паспрабаваў апрацаваць некалькі песен. Ужо першая „Дубе“ вельмі спадабалася Натальлі і знаёмым… Вось так пачаўся мой творчы шлях», — апавядае Ягор Палешук.

У 2013 годзе пачаў дзейнасьць праект «Ягорава гара», які паўстаў дзякуючы Ігару Архіпаву. Ягор зьяўляецца ў ім прадусарам, кампазытарам, аранжыроўшчыкам. Акрамя яго, у гурце задзейнічаны Ірына Глушэц, Зося Бабакова і Натальля Дуброва — тая самая Дзіва. Падчас канцэртаў і працы ў студыі склад «Ягоравай Гары» часам пашыраецца да 10 чалавек.

«Ягорава Гара» — гэта сынтэз архаікі і сучаснасці. Музыкі раскрываюць глыбіню старажытнай народнай музычнай культуры праз апрацоўку традыцыйных песень Гомельшчыны. Усе яны запісаныя ўдзельнікамі праекту ў экспэдыцыях. Музычны бок праекта характарызуецца імкненьнем перадаваць перанятую ад носьбітаў традыцыйную манеру народных сьпеваў.

Ягор Палешук згадвае сваю першую экспэдыцыю па вёсках Веткаўскага раёну: «Размаўляючы з бабулькай, якая сьпявала нам народныя песьні, я спытаў ці сьпяваюць яе дзеці разам зь ёй, калі прыяжджаюць дадому. Яна адказала, што дзеці ня хочуць сьпяваць гэтыя песні, бо яны несучасныя. Дзіўна выходзіць, сказаў я ёй тады, дзеці ня хочуць прымаць у сваіх бацькоў тое, што яны ад сваіх продкаў прынялі. Але застаюцца людзі, ня родныя, якія просяць перадаць ім гэта. Мне вельмі б захацелася, каб беларусы пачулі і прынялі тое, што яны не змаглі прыняць ад сваіх бацькоў, якія самі ўжо калісьці абарвалі духоўную сувязь з продкамі. Я і сам такі быў, пакуль не прачнуўся. Можа пачуўшы песьні, што мы сьпяваем, хтосьці яшчэ прачнецца».

«Ягорава Гара» ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх фольк-фэстах. Іх можна пабачыць на фэстах «Купальскае кола», «Берагіня», «Камяніца», «Покліч Палесься». На фэсьце «Берагіня» сёлета яны сталі ляўрэатамі. Да Калядаў-2014 праект рыхтуе рэліз свайго дэбютнага альбому. Песьню з будучай кружэлкі «Як пад гаем» яны прапануюць да ўвагі наведнікаў парталу Tuzin.fm.

«Як пад гаем» беларуская народная песня. Музыка Ягора Палешука. Сьпяваюць і выконваюць музыку: Ягор Палешук — вакал, бубен, сьвірэль, сынтэзатар; Дзіва — вакал, шаргуны; Зося Бабакова — флейта; Ірына Глушэц — вакал, колавая ліра.

Tuzin.fm