На прэміі «Героі году» выступіць шасьцёра намінантаў
3293 / 0
20.11.2014

На прэміі «Героі году» выступіць шасьцёра намінантаў

Гурты Dzieciuki, Navi, Landau, Leibonik, Bristeil, праект .K, а таксама «Аляксандра і Канстанцін» выступяць на музычнай прэміі «Героі году» ад парталу Tuzin.fm, якая пройдзе 12 сьнежня ў клюбе «Піраты». Колькасьць месцаў абмежаваная!

12 сьнежня ў клюбе «Піраты» будзе названы гурт, які стаў адкрыцьцём у беларускай музыцы сёлета, а таксама «Героі году» — найлепшая каманда на беларускай незалежнай сцэне па вэрсіі найстарэйшага музычнага парталу Tuzin.fm, які ўжо 12-ы год падсумоўвае вынікі музычнага году.

«Вядома ж, наша прэмія суб’ектыўная, бо мы называем найлепшыя каманды на наш уласны густ. Але нашы ўпадабаньні мусяць абавязкова быць падмацаваныя рэальнымі справамі. Пры вызначэньні пераможцаў нашай прэміі мы ўлічваем рэальную і віртуальную актыўнасьць музыкаў, канкрэтныя дасягненьні ў музычнай справе, унікальнасьць іх творчай прапановы і ў прынцыпе здольнасьць мысьліць крэатыўна», — кажа кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін.

За месяц да канцэрту быў абвешчаны шорт-ліст прэтэндэнтаў на перамогу ў абедзьвюх намінацыях. У намінацыі «Адкрыцьцё» пяць гуртоў і выканаўцаў: Haina, .K, Сяргей Башлыкевіч, Віталь Варанко і Bristeil. У катэгорыі «Героі году» намінуюцца — Лявон Вольскі, Navi, Dzieciuki, Vuraj, Landau, Akute і «Ляпіс Трубяцкі». Пераможцы будуць абвешчаныя непасрэдна на канцэрце, у якім выступяць па тры прэтэндэнты ў кожнай з намінацыяў — Leibonik, Bristeil, .K, Dzieciuki, Navi, Landau, а таксама «Аляксандра і Канстанцін», як аўтары найлепшага альбому сэзону па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm.

Канцэрт ладзіцца пры падтрымцы сталага партнэру Tuzin.fm — кампаніі «Будзьма беларусамі!».

12 сьнежня (пятніца). Менск, клюб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). 19:00. Прэмія «Героі году» ад парталу Tuzin.fm пры ўдзеле Dzieciuki, Navi, Landau, Leibonik, Bristeil, праект .K, а таксама «Аляксандра і Канстанцін». Кошт квіткоў (пры папярэднім продажы, з улікам камісіі апэратара) — 120 000 (танцпляц), 150 000 (столік). У дзень канцэрту будзе даражэй. Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93.

Падзея ў Facebook/Падзея ЎКантакце

КВІТКІ НА ЦЫРЫМОНІЮ МОЖНА НАБЫЦЬ ОН-ЛАЙН ТУТ АБО Ў КАСАХ KVITKI.BY ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ