Героі 2014: Leibonik і Dzieciuki (фота/аўдыё/відэа)
7398 / 0
12.12.2014

Героі 2014: Leibonik і Dzieciuki (фота/аўдыё/відэа)

У клюбе «Піраты» абвесьцілі вынікі музычнай прэміі ад парталу Tuzin.fm.

У намінацыі «Адкрыцьцё году» найлепшым прызнаны Сяргей Башлыкевіч і яго гурт Leibonik. Ён пераехаў у Менск з Ашмянаў. Выступае як сольны сьпявак і разам з гуртом. Акром уласных твораў любіць выконваць песьні вельмі розных выканаўцаў, часам цалкам пераасэнсаваныя — ад Аляксандра Башлачова і Боба Дылана да Ланы дэль Рэй. Асаблівай папулярнасьцю на яго канцэртах карыстаецца песьня «О, Купала» — пераробка сусьветнага поп-гіта другой паловы 80-х «Rock Me Amadeus». Сяргей зьвярнуў на сябе ўвагу сёлета, ён даў шэраг пасьпяховых сольных канцэртаў і стаў ляўрэатам фэстывалю «Бардаўская восень». Tuzin.fm віншуе Сяргея зь перамогаю і нагадвае, што прызнаньне «Адкрыцьцём году» — гэта хутчэй аванс, які добра было б апраўдаць у наступным годзе ды зрабіць усё магчымае, каб намінавацца ў галоўнай намінацыі «Герояў».

Героямі 2014 году ў беларускай музыцы прызнаны гарадзенскі фольк-панк гурт Dzieciuki. Каманда складаецца з музыкаў, якія былі задзейнічаныя ў гурце «КальЯн», частка зь іх грае таксама ў праекце «Людзі на балоце». На меркаваньне рэдакцыі Tuzin.fm менавіта гэты гурт заслугоўвае сёлета пачэсную ўзнагароду. Dzieciuki выдалі ў лютым дэбютны альбом «Гарадзенскі гармідар». Яго прэзэнтацыя на Tuzin.fm выклікала вялікі інтарэс — матэрыял стаў самым чытаным па выніках 2014 году. Іх песьні стала знаходзяцца ў топ-12 паводле праслухоўваньняў на канале Tuzin.fm на Soundcloud. Музыкі таксама зьнялі за год чатыры кліпы, паўдзельнічалі ў праекце «Re:Песьняры» ды зьезьдзілі ў тур па Эўропе, дзе далі 14 канцэртаў за 14 дзён.

Канцэрт-узнагароджаньне прайшоў у клюбе «Піраты». Вядучым вечара быў Максім Жбанкоў.

Гурт Navi адзначаныя за «Кліп сэзону» па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm

Гурт landau ўзнагароджаны за «Песьню сэзону» па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm

Гурт «Аляксандра і Канстанцін» адзначаныя за «Альбом сэзону» па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm

Cяргей Башлыкевіч і Leibonik — адкрыцьцё 2014 году ў беларускай музыцы паводле вэрсіі Tuzin.fm. Самы крайні справа — Мікіта Найдзёнаў з гурта Hurma, уладальнік мінулагодняй узнагароды

Адзін зь яскравых момантаў канцэрту — выступ Жэні Кучмейны (праект «.К») — намінанта на «Адкрыцьцё году»

ГЕРОІ 2014 ГОДУ — DZIECIUKI. Гарадзенцы атрымалі ўзнагароду з рук удзельнікаў гурту Re1ikt — «Герояў-2013»

Tuzin.fm, фота Марыны Серабраковай, відэа Алеся Баразенкі

Відэа.

Сяргей Башлыкевіч і гурт Leibonik

Dzieciuki прадставілі падчас свайго сэту некалькі абсалютна новых песень. Адна зь іх — «Давыд Гарадзенскі»