Алег Клімаў: «Беларуская альтэрнатыва не пазбавілася клінічных праяваў»
4159 / 10
15.12.2014

Алег Клімаў: «Беларуская альтэрнатыва не пазбавілася клінічных праяваў»

Экспэрт месяца на Tuzin.fm трымае прамову ў трох частках, у якой захапляецца Brutto і мантрапяюном .К, жорстка пляжыць гурт Dzieciuki i Варанко разам з усімі кліпамі ды распавядае анэкдот Стасу Мытніку.

Нелірычны ўступ. Ну вось што такое музычныя гіт-парады, чарты, у маім разуменьні і разуменьні Вікіпэдыі? Гэта сьпіс аўдыё/відэа-работ, якія рэсурс, што публікуе іх, вызначае найбольш папулярнымі на канкрэтным адрэзку часу. Каб доўга не распаўсюджвацца і адцягвацца ад сутнасьці, спасылаючыся на замежных правілы гульні, напішу, што ў нашых сярмяжных умовах часьцяком сьпісы гэтыя складаюцца, сыходзячы з смакавых перавагаў рэсурсных тружаннікаў. Закідаюць выканаўцы, скажам, інтэрнэт-партал А альбо FM-станцыю В сваімі нятленкамі, і абмежаваны нейкімі межамі чарту адказны за гіт-парад фармуе сьпіс, кіруючыся гэтым самым «падабаецца-не падабаецца», «торкнула-ня торкнула», «лажа-рэч». Гэта значыць, справу мы маем з так званай аб’ектыўнай суб’ектыўнасьцю або, што будзе дакладней, суб’ектыўнай аб’ектыўнасьцю. У якой і існуюць тыя, хто галасуе за трэкі лайкамі і пітбулямі. Пра густы, вядома, не спрачаюцца, але таму, уласна, і столькі бруду ў нас ўзнагароджваецца разнастайнымі прэміямі. Памаліўшыся — так, Сярожа? — пачнем…

Частка лірычная. Першая. Песенная.

Адслухаць мне даручылі чацьверты і пяты туры.

Валодаючы густам выключным, да кампазыцыяў, якія маюць безумоўнае права ратавацца, я аднёс недзе з палову абодвух ГП. Прыблізна па тры кампазіцыі і там, і там выклікалі ў мяне безумоўны сумнеў. А каля трох і там, і там, я дзень і ноч круціў бы сваім ворагам, калі б такія ў мяне былі. Больш канкрэтна і з назвамі/імёнамі.

Недзе шасьцёрка.

Nizkiz. З групы можа выйсці баявая, стадыённага ўзроўню каманда. Вось толькі час для гэтага сыходзіць і нешта не чуваць, каб нехта з прадусараў ўзяўся б як сьлед за раскрутку гэтага сымпатычнага калектыву.

«Мерада». Энэргічнае беларускае кантры. Просьценька, але гайдае, сапраўдная чартавая песьня.

Brutto. Ня лепшы трэк з дэбютніка новай групы Міхалка, які нашмат лепшы за шматлікія іншыя кампазыцыі, прадстаўленыя ў чарце.

«.К». Мантрапяюноў у нашым краі хапае. Да іх і «Троіцу» аднясем, і Сяргея Пукста, і Атмараві, што знаходзіцца ў працяглай замежнай камандзіроўцы… Гэты ж праект добры сваёй па-сапраўднаму шалапутнасьцю, прычым, не агрэсіўнай. Ён быццам магнітам уцягвае слухача ўнутр музычнага палатна. І вось ужо мэляман становіцца адной зь фігурак дадзенага мінімалізму. Вельмі добра!

«Iлюжан». Песьня нагадала тое, што рабіў маскоўскі калектыў «Квартал» часоў Артура Пілявіна (быццам бы, пасьля яго гібелі каманда працягвае час ад часу выступаць). У расейцаў, можа, «пачак» інструмэнтальны быў багацейшы, але з аранжыровачнай фантазіяй у нашых таксама ўсё ў парадку.

Vuraj. Такі грунтоўны мадэрн-фольк, але ашаламляльнага ўражаньня трэк не зрабіў. Прыблізна тройка.

Naka. Фронтвумэн гурта Наста Шпакоўская можа колькі заўгодна крыўдзіцца на крытыкаў, што прыляпілі да таго, што яна робіць ярлык «тэатральны рок», але дайце нам, «накі», іншае вызначэньне, і мы зь ім пагодзімся. Магчыма. Кожная песьня каманды гэта спэктакль. З аднаго сысьці хочацца, зь іншага не. Гэты я выседзеў да канца.

Sciana. У мяне да гэтай каманды стаўленьне рознае, залежыць ад канкрэтнага трэку, няма безагляднай любові да творчасьці калектыву ў цэлым. Гэтую песьню я сабе ў плэер не запампаваў бы.

«Нельга забыць». Мілы вакал, нічога лішняга ў музычным афармленьні, гэтакая «пастараль».

Zeman. Ну так, чаму б ня быць «беларускага рэпу», калі ёсць «расейскі рок»? Рэзкаму і вечна актуальнаму ў тэкстах.

«Крама». Даволі такі прахадная песьня для групы такога ўзроўню. Спатрэбіцца ў якасьці апэрытыву.

Haina. Мне падабаюцца кампазыцыі, у якіх ёсьць нэрв мэлядычны, тэкставы, вакальны. Можна паасобку, але лепш, калі ўсё разам, як у гэтай сьцежцы. Але чамусьці ня надта кранула. Каля тройкі.

NGe. Міма мішэні. І сьпета ўсё роўна, і сыграна так, як быццам музыкі камусьці пакрыўджана кажуць: «Ды адчапіся ты! На табе, і адчапіся…»

Вiталь Варанко. Пра кампазыцыі гэтага выканаўцы альбо добра, альбо нічога. Я вырашыў выбраць другое. А наогул, гэты трэк прыклад таго, за што я не люблю Tuzin.fm эмоцыя занадта моцная ў канкрэтным выпадку, але хай будзе яна. У сваіх прыхільнасьцях да беларускамоўнай песьні каманда партала нярэдка такое «шыла» ў свае гіт-парады зараджае, што дзіву даесься. Нібы разумныя людзі на рэсурсе працуюць, нібы і густ дакладна ёсьць. А глядзі ж ты што зь людзьмі «пункцік» робіць.

«Рокаш». Трэк ніякіх эмоцыяў ня выклікаў. І тое добра. Напэўна.

 

Частка лірычная. Другая. Трэці відэа-тур.

Нелірычнае адступленьне. Ведаеце, што такое тыповы беларускі «кліп»? Гэта калі музыкі граюць і сьпяваюць, а побач зь імі скачуць дзікія людзі; калі сюжэту па-мінімуму; калі дзеі ў кадры каля нуля. «Кліп», зьняты на апошнія рублі з апошняга ганарару за апошні клюбны канцэрт. Таму густаўшчына мая тут будзе проста-такі ашалелая, бо выбіраць нешта з высокамастацкага пункту гледжаньня, якім я, натуральна, таксама валодаю, не было чаго.

Проста камэнтары.

Нармуль.

Зьмiцер Вайцюшкевiч. Так і ёсьць добрае і вечнае. І чым далей жывеш, тым больш гэта разумееш. Праўда, часам занадта позна… Адзін з варыянтаў карцінкі, якая адпавядае настрою і зьместу песьні. Цяжка ацэньваць такія кліпы на такія трэкі.

Лявон Вольскi. Вольскі да сваіх 50-ці ўсё ніяк не наваюецца ні ў песьнях, ні ў кліпах. Адбяры ў яго гэтую магчымасьць ўставіць каму-небудзь кнот, так сапраўды памрэ творча. Я асабіста гэтага не хачу. Таму больш катаклізмаў. Унутраных і зьнешніх. Тым больш, што Анечка ўжо наліла газы ў бутэльку…

Цярпіма.

Ili-ili feat. Наста Шпакоўская. Нецікава мне было ўсю гэтую статычнасьць глядзець.

Алесь Камоцкi. Анімацыйнае відэа пра тое, як сустрэліся дзьве адзіноты. Ня важна, ці на самой справе яны былі самотныя і далёкія адно ад аднога, ці ж увесь час жылі адзін з адным, быўшы адзінокімі па-сутнасьці. Галоўнае, што знайшліся. Перажываць іх пошукі мяне не прымусілі.

Re1ikt. Мы ж ня якасьць песьні ацэньваем? Песьня добрая, акустычная вэрсія каманды цікавая. А відэа, як сюжэтнага кода, няма. Інструмэнталісты сядзяць, граюць. Вакаліст стаіць, сьпявае. Ну так, яшчэ абрадавая лялька ў траве. Як сымбаль чагосьці грандыёзнага. Можна было замяніць яе на абрадавую бутэльку партвэйну. Ня менш грандыёзна выйшла б.

«Крама». Таксама без асаблівага разумовага напружаньня з боку стваральнікаў зьняты кліп. Як вы думаеце, пульнула дзеваха ў гэтага казла?

Каламута.

Akute. Анэкдот для гітарыста групы Мытніка. На дарозе сустракаюцца двое нармальны і гарбаты. Нармальны просіць: «Дай закурыць» «Няма» «А ў заплечнічку?» Ня горбіся, Стас… Што называецца, той самы кліп за «пяць капеек».

BosaeSonca. Па настроі і эмоцыям добра. Але ж таксама ніякі гэта ня кліп, па вялікім рахунку.

Iver&Martin S. Відэаінсталяцыя. Пад «кіслату» нармальна зойдзе.

Dzieciuki. Добра, вядома, што памяць у некаторых яшчэ сыходзіць крывёй — з розных нагодаў, з трагічных у сусьветным маштабе ў тым ліку. Але неяк стромна ўсе гэтыя рэфлексіі чуць ад музыкаў з такімі выразамі іх твараў: асабіста я не зьдзівіўся, калі даведаўся, што артыстаў гэтага калектыву мянты зьвінцілі пры здымках чарговага кліпу.

Hurma. Адпілавала бы гэтыя нэўрастэнічка з стройнымі нагамі галованьку гэтаму флегматыку, кліп зайграў бы зусім іншымі фарбамі. За тупы канец варта было бы ўсю гэтую шарагу расстраляць на найбліжэйшым суку, прабачце ўжо мяне ўдзельнікі праекту «Апошнi золак», пра які ніжэй.

Pauline. Усе тыя пакуты, якія адрасуе гераіня песьні слухачам, сабе і таму паразіту, гаворка пра якога ідзе ў трэку, візуальна малююць танцоры. У каханьні, як вядома, адценьняў няма альбо чорнае, альбо белае. Такі і колер кліпа. Калі ўбачанае можна назваць гэтым словам.

Частка лірычная. Трэцяя. Трэці альбом-тур.

Без ўступленьня і адступленьня. Адзін суцэльны наступ. У парадку «захаджэньня».

Brutto. Я адношуся да тых нешматлікіх слухачоў, якім дэбютны альбом гурта спадабаўся. Нават вельмі. Не знайшоў я ў ім таго, за што на новы склад Міхалка абрынуліся ўсе тыя аслы, каму не лянота. Ён добры і цалкам, і патрэкава. Гэта зусім не набор просталінейных нязграбных кампазыцыяў і такіх жа лабавых тэкстаў, як камусьці здаецца на першы погляд. Проста ўслухайцеся.

Vuraj. Самае прышпільнае ў гэтым нацыянальна-арыентаваным альбоме, якое надае мудрагелістае зачараваньне, гэта выразныя інтанацыі а-ля піцерская група «Ноль» у трэку «Za Valom». У цэлым жа, не ізюм. Чарговы асабісты погляд на беларускую этніку. Але разыначкі (як кампазіцыя «Pole Chystaje»).

žygimont VAZA. Скрыпу мне проста прыемна слухаць, ня важна, чапляе ці не чапляе канкрэтны рэліз патрэкава альбо альбомна. Таму што добра сыграна, таму што нармальна запісана. Як у нашым выпадку.

«Нельга забыць». Рэліз добры сваімі асобнымі пошугамі, як, напрыклад, «Бяседная» гатовы гіт для вялікіх пляцовак, ці ж «Ой, грымi, грымi, труба…», здольны ператварыцца ў баевічок ў электрычнасьці. Ну і дзіўна, што фрывольныя аранжыровачныя абыходжаньні з тэкстам «Пагоні» ня сталі для пэўных колаў чырвонай анучай прэлюдыяй да скандальчыку зь Філіпам Чмыром і Ўладзімерам Шаблінскім. Прычым сварку і некантралюемае вылучэньне жоўці маглі б выклікаць абодва варыянты песьні. Першы ж у мэлядычным пляне пацешны, прывітаньне агульнасусьветнаму шлягеру «Кацюша». Не дачулі змагары як сьлед, мабыць.

Volski. Цяжка быць богам беларускага року. Ёсьць нейкі разбалянс між тым, як альбом запісаны, і якасьцю матэрыялу. Сьмяротных баевікоў няма (а калі апошні раз Лявон зьдзіўляў і цешыў слухача новым безумоўным гітом?). Затое ёсьць абсалютна «левыя» мэлёдыі і тэксты. Цяжка быць жывой легендай беларускага року…

«Апошнi золак». Калі да гэтага зборніка ставіцца як да ПраЭкту, накіраванага, прысьвечанага і бла-бла-бла, то для неабыякавых да заяўленай ідэі, дадзены акт прыйдзецца даспадобы, у незалежнасьці ад якасьці канкрэтных кампазыцыяў. Калі ж абстрагавацца ад пасылу і прасякацца папесенна, то асабіста я выбраў наступнае: А. Дзянісаў («U Toj Samy Momant»), А. Памідораў («Brama» і «Dym»), З. Вайцюшкевіч («Lepiej Sybieniki, Cym Caty», «Zmrok»), Л. Вольскі («Nielha Zabyc»).

«Мутнаевока». Нармальны, мускулісты ракешнік сапраўдных мужчын.

Akute. Група здабыла гонар называцца самай мэлянхалічнай айчыннай камандай, адабраўшы заслужаныя ляўры самога прадказальнага і сумнага калектыву, якім некалі зьяўляўся «J:морс». Пугач даказаў, што мяняцца у лепшы бок умее. Akute ж такімі тэмпамі прыйдзе да таго, што музыкі ансамбля хутка самі пачнуць рыдаць над уласнымі песьнямі са сваёй публікай.

Zeman. Да рэпу я практычна індыфэрэнтны. Выключэньні вельмі і вельмі рэдкія. Дадзены альбом да іх і адносіцца. Зласьліва, яхідна, ад пляча, гледзячы ў тэлевізар і кампутар, не па-дурному.

Like a Gossamer. Унушае. Манумэнтальна. Не папсавік які-небудзь пукнуў, нават ня брат-рокер гыркнуў. Гэткі дотык да вечнасьці, да ліхалецьця, дотык калі не да галяктыкі, то да сьветапарадку на канкрэтна ўзятай тэрыторыі Сонечнай сыстэмы. Цалкам цягне на сцэнічную візуалізацыю. І ўсё на гэтым.

Dzieciuki. Пэўна ж на прасторах вялікай і неабсяжнай Расеі ёсьць выканаўца, які рэгулярна складае і сьпявае песьні пра тое, як расейцы ў гістарычным мінулым цягалі так і сяк беларусаў (ды і сёньня, калі задумацца)… Гарадзенцы сьпяваюць часткова роўна пра адваротнае. І такім заняпадам ад гэтых кампазыцыяў вее, такой закамплексаванасьцю, што толькі і застаецца паціскаць плячыма. Я думаў, што ад клінічных праяў беларуская альтэрнатыўная музыка пазбавілася, але ж не.

Amaroka. Акрамя сьмешнага трэка «Trably» вылучыць больш і няма чаго. Поп-панк ў сваім самым прымітыўным выглядзе.

 

Вельмі кароткі пастскрыптум.

Выбачайце за шмат літар тыя, хто дачытаў.

Алег Клімаў, для Tuzin.fm

Экспэрт ТГ — журналіст, вядучы музычны крытык краіны. Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Ленінску (Байканур), Казахстан. Скончыў філіял Маскоўскага авіяцыйнага інстытуту (1988), працаваў на заводзе вылічальнай тэхнікі ў Менску, займаўся прыватным прадпрымальніцтвам. З 1995 — у журналістыцы. Рэдактар аддзелу расейскай і беларускай музыкі, сябра рэдкалегіі «Музыкальной газеты» (1997—1999), шэф-рэдактар «Музыкальной газеты» (1999—2007), шэф-рэдактар часопіса «НОТ 7» (2003—2009). Вядучы тэлевізійнага адборачнага туру сусьветнага конкурсу «The Global Battle of the Bands» (2005—2006), рэдактар тэлеперадачы «Звёздный ринг» (2009—2010). Адзін з заснавальнікаў парталу Experty.by. Калюмніст газэты «СБ-Беларусь сегодня» (2009), сайту Naviny.by (2010), журналіст газэты «СБ-Беларусь сегодня» (2010—2012), з 2013 працуе ў газэце «Культура». Прызнаны найлепшым журналістам (музычным крытыкам) на Нацыянальнай музычнай прэміі (2011).

КАМЕНТАРЫ:

  • Андрей Анисимов
    Андрей Анисимов / адказаць
    15.12.2014 / 16:23

    Критик-такой-критик. Я так тоже писать умею

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    15.12.2014 / 16:36

    Андрэй, напішыце і дашліце на рэдакцыйную скрыню. Калі сапраўды не галаслоўныя - абавязкова апублікуем.

  • Bademus / адказаць
    15.12.2014 / 22:29

    Апублікуйце, рэтакцыя, апулікуйце.
    Апублікуйце тэст песьні "Мужыцкая праўда" як адказ.

    Толькі, шаноўная рэдакцыя,
    падаецца мне што на гэты раз "слабо" будзе вам,
    бо тав. Клімаў да шляхты не належыць - выбар у яго невялікі:

    Супраць нас цары-расейцы, яшчэ паны і падпанкі
    Грукаюць у нашы дзверы ўжо заняўшы нашы ганкі
    Што нам шыбеніц баяцца - мураўёўскіх гальштукаў
    Нам з кален падняцца без чужых дарадчыкаў

    Dzieciuki

    Цытаваў па памяці, таму выбачайце

  • Stan / адказаць
    15.12.2014 / 16:59

    "Валодаючы густам выключным, да кампазыцыяў" ды "выбіраць нешта з высокамастацкага пункту гледжаньня, якім я, натуральна, таксама валодаю" - кажуць пра гэтага "крытыка" не проста шмат, а проста ўсё)))

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    15.12.2014 / 18:14

    Гэта называецца іронія:)

  • Stan / адказаць
    16.12.2014 / 09:22

    нажаль, ведаючы клімава, хачу вас засмуціць - ён сапраўды так думае

  • Valery Vitko
    Valery Vitko / адказаць
    15.12.2014 / 21:29

    дзе там спадар Клімаў пачуў у Дзецюкоў нешта менавіта пра рускіх?

  • Bademus / адказаць
    15.12.2014 / 22:35

    ооо, мора маскальскае ў Дзецюкоў :)

    толькі на падпанкаў-дарадчыкаў ня трэба крыўдзіцца, бо
    "А крытыкі?.. Майстры з разборам, —
    Не ўзнімуць воч вышэй халяў;"
    Янка Купала

  • Аляксандр Скарабагаты / адказаць
    16.12.2014 / 20:29

    Эх, спадары, спадары. Па-першае, не трэба наогул абражаць субяседнiкаў, а тым больш крытыкаў: праца ў iх такая, яны павiнны выказваць свае меркаваннi i разважаннi – падабаецца гэта каму, цi не. Па-другое, успрымаць крытыку даверлiва i легкадумна, асаблiва творцам, не варта, каб не ўзляцець без крылаў у эйфарыi , а потым, звалiўшыся, разбiцца ўшчэнт, цi не пакiнуць працу, разгубiшыся ў адчаi – бо адны з крытыкаў узносяць кагосьцi да нябёс, iншыя кагосьцi апускаюць да плiнтуса.
    Але ўсё ж такi прапаную з павагай ставiцца як да рэдактараў парталу (наогул любога выдання на даверы), калi нам там цiкава i слушна, i як след - да довадаў невыпадковых людзей, якiх яны запрашаюць, бо безумоўна, у сувязi з гэтым даверам, маючых вопыт, рацыю i хочаце цi не – i аўтарытэт, i развагу.
    Так, трэба спрачацца, выказваць свае меркаваннi, аргументы – але нi ў якiм разе не лаяцца па прынцыпу «сам дурань».
    А, насамрэч, усё нас задавальняе ў выступоўцаў i ў эстэтычных перавагах публiкi ? У першых - сэнс, густ, шчырасць, узровень выканання, самаадданасць у працы, у другiх – агульная чалавечая культура, разважлiвасць i таксама густ? Вядома, што не !
    Ну а паколькi так, то з мэтай паляпшэння становішча, хаця б будзем не толькi звонку ўважлiва слухаць адзiн аднаго, а i пачуўшы паспрабуем зразумець гаворачага i сёе тое падкарэктаваць у сабе (дзе ж яшчэ ?) і, як следства, у сваiх адносiнах да працы, асаблiва творчай.
    Дзякуй.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    17.12.2014 / 12:36

    +100

  • КАМЕНТАВАЦЬ