«Тутэйшая шляхта». Песьні гонару (прэзэнтацыя EP)
5212 / 0
23.12.2014

«Тутэйшая шляхта». Песьні гонару (прэзэнтацыя EP)

Народны калектыў краіны з 22-гадовай гісторыяй «Тутэйшая шляхта» прадстаўляе на Tuzin.fm свой новы самотнік. Музыкі пераўтварылі старадаўні калядны сьпеў у сучасную фольк-рок кампазыцыю.

Ансамбль «Тутэйшая шляхта» існуе з 1992 году. Тады ў нэтрах Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту паўстала ідэя стварэньня калектыву, які выконваў бы як народныя, так і ўласныя творы ў фольк і фольк-рок стылістыцы. Цікава, што на зьяўленьне гурта паўплываў Кандрат Крапіва. Пра гэты факт згадвала ўнучка паэта Алена Атраховіч: «Дзед наогул быў чалавекам хлебасольным і гасьцінным. Зьбіралася ўся радня — чалавек 60… Шмат жартавалі, пелі, дзед чытаў эпіграмы, якія, на жаль, ніхто не запісваў. З гэтых вечароў вырас цэлы ансамбль — „Тутэйшая шляхта“. Яго ядро склалі нашы родзічы, мастацкі кіраўнік ансамбля Лявон Махнач — сваяк Кандрата Крапівы».

Праграма калектыву складаецца ў асноўным з малавядомых беларускіх песьняў. Асаблівая ўвага надаецца адраджэньню музыкі, калісь папулярнай у асяродзьдзі беларускай шляхты. Увесь гэты час музыкі часта гастралявалі, але ў студыі працавалі ня часта. Ня так проста запісаць калектыў, у які ўваходзіць да 20 (!) чалавек.  На іх рахунку ўсяго два альбомы. Першы выйшаў у 2001 годзе, а другі дыск пабачыў сьвет ажно праз 10 гадоў — пры канцы 2011 году. У яго ўвайшло 19 музычных твораўстаражытныя ваенныя песьні, сьвецкія сьпевы і музыку, песьні местачковай шляхты, а таксама ўласныя творы калектыву. Цікава, што ўжо амаль 15 гадоў ансамбаль носіць ганаровае званьне «Народны».

Лявон Махнач так тлумачыць сэнс існаваньня свайго гурта: «Нам хацелася б адрадзіць музыку і сьпевы, якія гучалі калісьці, у XVI—XVII стагодзьдзях у шляхетных салёнах Вялікага Княства Літоўскага. Нават магнаты-шляхцічы ўдзельнічалі ў сьвецкіх сьпевах пры дварах. Сярод зьбяднелай шляхты было нямала тых, хто меў музычную адукацыю і складаў песьні, многія зь якіх сталі народнымі. Мы зьвяртаемся і да такіх песьняў. Імкнемся сьпяваць мнагагалосна, шукаем шляхетна-інтэлігентную манеру выкананьня».

У склад калектыву ўваходзяць як выкладчыкі, так і студэнты. Пасьля заканчэньня БДУ многія зь іх ад’яжджаюць па разьмеркаваньні, і таму прыходзяць новыя. Але ёсць у нас і выканаўцы, якія працуюць у калектыве ад пачатку. Лідэрам калектыву зьяўляецца дачка Лявона — Вольга Грышчанка, яна стварае як правіла аранжыроўкі, грае на цымбалах ды пяе. Усяго ж на сёньня ў «Тутэйшай шляхце» задзейнічана 17 чалавек. Выступаць такім складам няпроста, здараецца так, што на канцэртах папросту не стае мікрафонаў.

«Калектыў наш аматарскі, — распавядае Лявон. — Самадзейны, створаны і дзейнічае пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, існуе з датацыяў. Аднак і камэрцыйная пэрспэктыва ў такой музыкі, канечне, ёсьць. Інфармацыя пра ансамбль прысутнічае ў даведніку „Шоў-бізнэс у Беларусі“ і выступ калектыву можна замовіць на камэрцыйнай аснове. Досьвед падобных выступаў мы маем».

Адмыслова да зімовых сьвятаў калектыў падрыхтаваў самотнік «Каляда-Калядзіца», які прэзэнтуе на Tuzin.fmГэта глыбокая перапрацоўка народнай песьні, запісанай у 2002 годзе ў вёсцы Лутоўе Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці і выдадзенай Юрыем Выдронкам у 2007 годзе ў аўдыёзборніку «Каляды. Залаты фонд каляндарна-абрадавага фальклору Беларусі».

Мадэрнізаваць старадаўні сьпеў у сучасную фольк-рок кампазыцыю задумала Вольга Грышчанка. Яна напісала адпаведную аранжыроўку, а таксама ўпрыгожыла запіс гучаньнем сваіх цымбалаў і ўласным бэк-вакалам. Трэк багаты на інструмэнтальны складнік: дуда, дудка, скрыпка ствараюць народнае гучаньне, жывыя рок-інструмэнты надаюць адпаведны драйв, а навагоднія бубенчыкі натхняюць сьвяточным настроем. Сольную партыю выканала салістка гурта з шляхетным прозьвішчам і неверагодна лагодным голасам Марыя Копцель-Сьцяпура.

У дадзены момант «Тутэйшая шляхта» займаецца актыўнай студыйнай працай, і зусім хутка сьвет пабачаць новыя фольк-рокавыя творы, ці творы ў стылі «сармацкі рок», як вызначаюць яго самі музыкі.

25 сьнежная гурт запрашае ўсіх на свой канцэрт, які адбудзецца ў Чырвоным касьцёле. Падрабязнасьці ў нашай афішы.

Сачыць за навінамі «Тутэйшай шляхты» можна празь іх афіцыйны сайт, а таксама праз афіцыйныя суполкі УК/FB/SC.

Tuzin.fm