Генадзь Шульман: «Да арышту я быў проста добры чалавек, а цяпер вельмі добры»
2146 / 0
29.12.2014

Генадзь Шульман: «Да арышту я быў проста добры чалавек, а цяпер вельмі добры»

Былы дырэктар прадусарскага цэнтру «Клас-Клуб ДК» Генадзь Шульман, асуджаны да шасьці гадоў турмы, даў інтэрвію парталу Tuzin.fm.

Славутага прадусара, які меў ліцэнзію на ажыцяўленьне канцэртнай дзейнасьці пад №1, асудзілі ў сьнежні 2010 году да шасьці гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Яго вінавацілі па трох артыкулах. Па двух («Хуліганства» і «Прычыненьне маёмаснай шкоды») апраўдалі, а па артыкуле «Махлярства» прызналі вінаватым. Паводле вэрсіі суду, ён пазычаў грошы і не вяртаў іх у тэрмін. Называлася сума ў больш чым 485 мільёнаў рублёў , якую меўся сплаціць пацярпелым асуджаны (першапачаткова быў 641 млн). Генадзь знаходзіцца ў зьняволеньні з кастрычніка 2009 году. Тэрмін яшчэ ня скончыўся, але летась з турмы яго перавялі на вольнае пасяленьне, а зь лістапада — на адбываньне хіміі ў Менску. Так што Генадзь паступова вяртаецца да жыцьця, засвоіў Facebook і думае над працягньнем сваёй справы.

 

ТГ: Генадзь, ці можна казаць, што «Клас-клуб» працягвае існаваць?

        «Клас-клуб» ліквідаваны, як кляса. Я пакуль адзін і ёсьць «Клас-клуб». Але не фармальна, на паперцы, а пакуль ідэйна-ідэалягічна. Я ж толькі-толькі вярнуўся.

ТГ: Ці пасьпелі ўжо асэнсаваць у якім стане цяпер знаходзіцца беларускі шоў-біз?

        Толькі прыглядаюся і аналізую. Але ведаеш, што са старту кідаецца ў вочы? Што рок- і альтэрнатыўныя гурты на парадак круцей сябе падаюць, чым папса. Я кажу менавіта пра нашы каманды, беларускія.

ТГ: Якія канкрэтна прыклады кінуліся ў вочы?

        «Крама», Neuro Dubel з сваімі навагоднімі імпрэзкамі. «Jорс»… Ды проста шалёная раскошша навагодніх рок- і таму падобных вечарынак!

ТГ: Наколькі вы зьмяніліся самі за час адсутнасьці?

        Да арышту я быў проста добры чалавек, а цяпер вельмі добры…

ТГ: Няўжо абстаноўка спрыяла таму, каб стаць дабрэйшым?

        Думаю, не ў абстаноўцы справа. Уся справа ў нас саміх, як мы ставімся да таго трызьненьня, што адбываецца з намі. Але гэта доўгая размова — і за сталом, пад чарачку, з тлумачэньнямі… Так складана сказаць сьцісла.

ТГ: Вас асудзілі на шэсьць гадоў калёніі, але яны яшчэ не мінулі…

        У мяне цяпер хімія з накіраваньнем. Гэта значыць, што я працую па накіраваньні адміністрацыі хіміі і начую ў іх у інтэрнаце. Ён знаходзіцца ў раёне менскага аэрапорту на вуліцы Караткевіча.

ТГ: А дзе да гэтага былі?

З кастрычніка 2009 да красавіка 2011 году на Валадарцы, з красавіка 2011 да сьнежня 2013 году ў Шклоўскім лягеры, з сьнежня 2013 па лістапад 2014 году на вольным пасяленьні ў Гезгалах, на Гарадзеншчыне. Ну і цяпер тут, у Менску, на хіміі.

ТГ: І калі сканчаюцца гэтыя пакуты?

27 верасьня 2015 году — званок. Раней, мяркую, рэжым не адпусьціць. З зыскамі людзей трымаюць да званку, калі не пагашана 100%.

ТГ: Вы па-ранейшаму ня згодныя з абвінавачваньнямі?

Так.

ТГ: Каб проста раставіць усе кропкі над і гэтую справу вы чым тлумачыце? Зьвядзеньне рахункаў?

Такі зьбег абставінаў. Ну і зайздрасьць блізкага былога сябры.

ТГ: Што вас падтрымлівала і натхняла ў гэты няпросты час?

Вера і сям’я. І творчасьць. Мяне на Валадарцы торкнула і я пачаў пісаць вельмі прыстойныя, а недзе і непрыстойныя вершыкі. Цяпер іх назьбіралася больш за 700.

ТГ: Нішто сабе! Можаце паказаць самы ўлюбёны?

ТРЕВОЖНОЕ

Порой себя загонишь так,

Что носом кровь и скулы сводит.

Ценой не в ломаный пятак

Достался путь мне к несвободе.

Моя тоска — не булка сдобы:

Я срок выхаркиваю кровью

И капельки бессильной злобы

От глаз стекают к изголовью.

Я — раб! И даже тень свободы

Передо мной закрыла дверцы:

В неволе прожитые годы

Камнями падают на сердце.

Но надо все-таки собраться:

Чаек по кругу, сигарета

Да духом близкие собратья —

Вот так и доживем до лета.

Отвержен светом, опорочен,

Прибит неволею к острогу —

Забыт на годы я! А, впрочем,

Не я один! Нас тут помногу,

Кто сроком замурован в склепе,

Покинутом до срока Богом

И кто от несвободы слепнет

В своем Отечестве убогом.

03.11.11

Даведка Tuzin.fm. Генадзь Шульман нарадзіўся ў Менску ў 1960 годзе. Скончыў Інстытут культуры па спэцыяльнасьці «Работнік культуры і асьветы» (1987). Працаваў у моладзевым цэнтры «Крыніца», з 1991 году — у канцэртным бізнэсе, атрымаў пасьведчаньне на ажыцяўленьне гастрольна-канцэртнай дзейнасьці ў Беларусі пад нумарам 1. Стварыў прадусарскі цэнтар «Клас-Клуб Джаз Крафт». У 90-х — пачатку 00-х арганізатар найбуйнейшых канцэртаў замежных выканаўцаў. Дзякуючы Шульману Менск упершыню наведалі Робэрт Плант, Deep Purple, Scorpions, Патрысія Каас ды іншыя. У 1994 годзе выступіў сузаснавальнікам і арганізатарам цырымоніі «Рок-Каранацыя».

 

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm, фота Натальлі Крывец