Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Дубавец: «У беларускую музыку вярнулася энэргетыка і якасьць»
2906 / 0
14.01.2015

Экспэрт Tuzin.fm Сяргей Дубавец: «У беларускую музыку вярнулася энэргетыка і якасьць»

Журналіст і літаратар Сяргей Дубавец месяц слухаў удзельнікаў чартаў на Tuzin.fm і зрабіў выснову, што энэргетыка, вялізны патэнцыял творчасьці і якасьць вяртаецца ў нашу музыку.

Мяне ўразілі дзьве рэчы: як даўно я ня лазіў на «Тузіне» і як вырас узровень таго, што на «Тузіне», з тых часоў, калі я тут лазіў. Якасьць на парадкі вышэйшая, таму я зараз пачну вымучваць зь сябе крытыку. «Тузін» расьце, разьвіваецца і дасканаліцца. Мне шчыра шкада, што я не сачыў за працэсам апошнія гады. Дапускаю, што тое самае здарылася з многімі, бо палітычныя навіны затулілі на час цікавасьць да культуры. Але гэты час праходзіць і расчараваньні ў палітыцы адступаюць разам з самой палітыкай, якая мусіць заняць частку нашай сьвядомасьці, а ня ўсю сьвядомасьць. На прыкладзе чартаў я бачу, як энэргетыка, вялізны патэнцыял творчасьці, якасьць вяртаецца ў музыку.

Такім чынам, аўдыёчарт. Я слухаў песьні ўдзельнікаў сёмага і восьмага тураў, а таксама навічкоў.

Адзін зь якіх — «Нагуаль» ды іх «Маладзік удалы». Хацелася б, каб і актуальныя тэксты сьпяваліся па-беларуску. Тут жа стылізацыя пад нешта народнае, прычым у эстэтыцы 1970-х гадоў. Але зроблена выдатна, таму песьня ідэальная для дзяцей. А вось Nizkiz трапляюць дакладна ў кропку, такая музыка і павінна панаваць на беларускіх каналах. І ня толькі на беларускіх. Харош і «Рокаш», што пяе пра «Ноч лістапада», але малавата эмоцыі, адрыву, аддачы. У гурта Vuraj мне бракуе нейкай такой расквашанасьці ў матэрыяле. Застаецца вузкая вакуўмная палоска паміж выканаўцамі і матэрыялам. Як бы гэта ўсё сьпяваць як зусім-зусім сваё, сваю сутнасьць. Вінсэнт  гэтым разам падаўся крыху манатонным. Відаць, паспадзяваўся на бяспройгрышны тэкст. Хоць, можа, мне проста не хапіла відэа. А вось Pauline — соры, пра «жыцьцё аддаць» не паверыў. Такія словы неяк па-іншаму пяюцца. Нармальны экспэрымэнт выйшаў у M.G. зь «Дзецюкамі». Але вершы Геніюш настолькі самадастатковыя, што я ведаю хіба толькі аднаго выканаўцу, якому яны давяраюцца класьці сябе на музыку — гэта Вальжына Цярэшчанка.

У Tonqixod атрымалася кампіляцыя брытанскай псыхадэлікі 1960—1970-х. Калі я пра гэта ўспамінаю, «Валенрод» мне здаецца неарыгінальным. Таму лепш не ўспамінаць. Або наадварот, успамінаючы, кайфаваць. Harotnica сьпявае песьню цудоўную, як і ўсё, што робіць Такінданг. Толькі пройгрыш падаўся надта знаёмым. «Эківокам» больш бы арыгінальнага гучаньня — музыкі, выдумкі, а тэкст клясны. Intelligency нагадалі, што ў нас быў Валік Грышко, які рабіў падобную музыку. А ў HandmadE неяк усё пра ўсё. У «Мерада» абалдзенны патэнцыял (я б такое слухаў)! Здаецца, дай ім клясных тэкстаў, і будзе нумар 1.

Мой нумар 1. Гэта Haina. Іхняя «Дыхаць» — песьня-тэатар (я б такое слухаў). Яшчэ з таго, што зачапіла надзвычай — тое, што робіць . Насамрэч гэта і ёсьць музыка. Сучасная псыхадэлія, якая прамаўляе не да кішок, як папса, не да мазгоў, як кампазыцыя, а проста да сэрца. «Як мае быць» ад «Ілюжан» — дасканала. Проста хацелася, каб вакалістка хоць разок злазіла ўніз, на басы, але ня злазіла. Усё ў парадку ў «Нельга забыць» — ні разу ня чуў, каб зь вершаў Багдановіча выходзіла няўдалая музыка. Ну, і вядома ж, «Крама» па-за канкурэнцыяй!

Відэачарт. Цалкам удалае відэа ў Вайцюшкевіча — яно абсалютна адпавядае музыцы, словам, настрою, таму ня дзіўна, што перамагае ўжо другі раз. У Pauline прыгожы кліп. Адно характар музыкі, здаецца, нічым не перасякаецца з чорна-белым францускім кіно. Тут бы акардэон ці фано ці хоць скрыпку. Будзем лічыць, што сувязь тут — са словамі, са зьместам песьні. Akute мае файны кліп. Крыху можа разрэджаны, як на мой густ, магла быць больш насычаная карцінка, хоць і песьня такая разрэджаная.

Вольскі бездакорны. Я б такое глядзеў. Прыкольныя дзядзькі — гэтыя Re1ikt. І лялька ў іх клясная, прыгадалася Echoes у Пампэях 1971 году. Але музыка не мая, таму нічога казаць ня буду. Здаецца, карцінка ня вельмі прафэсійна зроблена.

Стваральнікі відэа на «Мядзьведзіцу» па-мойму перасядзелі над ідэяй, перагрузілі карцінку. А «Мутнаевока» адразу нагадала дзясяткі падобных кліпаў з розных музканалаў, што зусім не прыніжае вартасьці гэтай працы. Можа наадварот.

Мне крыху не хапіла агрэсіўнасьці ў «агрэсіўных» сцэнах у гурта Hurma. Кліп выйграе, калі ёсьць гісторыя і выдумка. У відэа на песьню гурта Dzieciuki можна было ня проста склейку зрабіць, а прадуманую склейку — артысты, кроніка, гурт. Нейк мне тут эстэтычнага ізыску не стае, тонкага ходу. «Пампея» ад Martin S. цалкам можа быць, хоць усё магло быць і інакш.

Вядома, «Крама», як заўжды, па-над усімі. Камоцкі таксама.

Пра альбомы скажу каротка. Проста назаву тыя, якія б слухаў. Вось проста зараз зганю на флэшку, каб былі ў машыне. Гэта Вольскі, Zeman, Akute і «Апошні золак».

Музыка на «Тузіне» прадстаўленая вельмі розная, яе цяжка скласьці ў адзіную карціну, і гэта добра. Шмат перайманьня заходніх узораў, што ёсьць нармальнай вучобай. Але шмат і пошукаў арыгінальнага беларускага. Гэта, само сабою, фальклёр, а таксама шмат болей псыхадэлічных матываў, болей, чым у суседзяў і ў музыцы ўвогуле. Я гэта тлумачу беларускай мэнтальнасьцю, бо сучасная псыхадэлія не гучыць як архаіка — як бы яна гучала ў іншых. У нас яна актуальная, яе хочуць ствараць, яна трапляе ў нацыянальны мэйнстрым.

Яшчэ адна характэрная рыса — мэлядызм. Здаецца, немэлядычных кампазыцыяў у гіт-парадах на Tuzin.fm няма ўвогуле, тады як у суседзяў з усіх бакоў гэта таксама можа ўспрымацца як архаіка. У нас — не. Магчыма, таму, што рэальна жывая музыка робіцца ў паўпадпольных умовах, пры тым прадстаўляючы ўсю ўвогуле сучасную беларускую музыку. Мэлядызм тут — знак адказнасьці творцаў за сваю дзялянку нацыянальнай культуры, бо мэлядызм — жывучы.

Афіцыйныя трансьлятары-манапалісты круцяць пераважна ня-музыку або сэрвільную музыку, «мэлёдыі і рытмы беларускай эстрады», якая ня можа прадстаўляць жывую нацыянальную культуру, бо ствараецца для абслугі мерапрыемстваў і тэлеканалаў.

Магчыма сёньня, калі я пасьля доўгага перапынку зноў зайшоў на «Тузін», сытуацыя пачне зьмяняцца.

Сяргей Дубавец, для Tuzin.fm

Экспэрт Тuzin.fm Сяргей Дубавец нарадзіўся 17 верасьня 1959 году ў Мазыры. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. У 80-х быў адным зь лідэраў таварыства «Тутэйшыя», яго называюць галоўным ідэолягам тагачаснага беларускага культурніцкага нонканфармізму. Да гэтага ўваходзіў у нефармальнае аб’яднаньне «Майстроўня». Працаваў у выдавецтве БелСЭ, газэце «Гомельская праўда», нелегальным друку. Рэдактар аддзелу крытыкі часопіса «Нёман» (1987—1990), галоўны рэдактар газэт «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія хвалі» (2000—2001), аўтар штотыднёвай перадачы «Вострая Брама» на «Радыё Свабода» (з 1997). Цяпер рэдактар беларускай службы «Радыё Свабода». Аўтар кніг «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009), «Майстроўня» (2012), «Errata» (2013). Узнагароджаны прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтру і літоўскім мэдалём «За адвагу».