Альбом месяца на Tuzin.fm — «Mertvets» ад гурта «Нельга забыць» (аўдыё)
5022 / 0
19.01.2015

Альбом месяца на Tuzin.fm — «Mertvets» ад гурта «Нельга забыць» (аўдыё)

Праграма на вершы Максіма Багдановіча заняла 1-е месца ў альбомным чарце з вынікам 304 галасы.

Па выніках 4-га туру ў сэзоне 2014/2015 «Mertvets» ад гурта «Нельга забыць» апярэдзіў альбомы «Рэальнасьць і сны» (Akute) і «Раёк» гурта «Vuraj» у студзеньскім альбомным гіт-парадзе. Музыкі з гэтай нагоды цешуцца. Яны разглядаюць удзел у чарце як лішнюю магчымасьць зацікавіць сваіх патэнцыйных слухачоў. «Вельмі прыемна, што наш альбом ізноў першы. Ды і песьня „Залілось сьлязьмі“ яшчэ ў абойме ў аўдыёчарце. Я сам заходжу на „Тузін“, каб пачытаць навіны і пазнаёміцца з удзельнікамі чартаў. Хай сабе і не адназначна стаўлюся, але зь цікавасцю сачу за „, пра які дагэтуль ня чуў. Інтрыгуе куды скіруецца камяк пасыянарнай энэргіі праекту Brutto. У астатнім — мае любімыя дзядзьякі ды цёткі пакуль не ў ратацыі, таму асабліва нікога ў чарце не падтрымліваю», — кажа лідэр каманды Міхал Бараноўскі.

За альбом «Mertvets» галасуе ў асноўным маладая публіка. Статыстыка афіцыйнай суполкі каманды сьведчыць, што творчасьцю «Нельга забыць» цікавяцца хлопцы ва ўзросце ад 21 да 35 (60%) і 40% дзяўчатаў (у асноўным ад 18 да 27). Праўда, як зазначае Міхал, на яго канцэртах назіраецца публіка ў адваротнай прапорцыі — усё ж большасьць дзяўчат.

«Мы не працуем мэтава на нейкую пэўную аўдыторыю, мо гэта і няправільна і дзейнасьць нашая выглядае крыху раскідана. Але, песьня мусіць (хаця на самой справе нікому нічога ня мусіць) стварацца для чалавека… Таму вельмі клёва, калі пасьля канцэрту да цябе падыходзіць дзядуля гадоў за 70 з падзякай, альбо выпадкова патрапіўшая на выступ кампанія рабацяг з „трактарнага“, альбо ўзрушаны дзядзечка ці цётачка, ці хто зусім малады. Тады ёсьць адчуваньне, што ты рабіў нешта сапраўднае, а не прадукт пад пэўнага нішавага слухача», — разважае музыка.

Міхал прызнаецца, што ў яго няма ўлюбёнага альбому як такога. Ён знаёміцца з музыкай агулам — гады з два таму запоўніў прагалы рокавай адукацыі ды паслухаў праграму «Опыт рока» Арцемія Троіцкага, праслухаў яго рэйтынгі песень з 1955 да 1990 году ды яшчэ песьні з рэйтынгу Rolling Stone «500 найвялікшіх песень усіх часоў». «Адкрываю для сябе шмат цікавых гуртоў, пра якія за часам свайго расейскарокавага ды бардаўскага юнацтва ня чуў — Can, Pere Ubu, The Velvet Underground, усялякіх панкаў, постпанкаў, ньювэйвэраў. Россып цудоўных песень, карацей», — апавядае лідэра «Нельга забыць».

Зь беларусаў для яго самым любімым выканаўцам зьяўляецца Павал Сілівончык. «Я нават ня буду даваць характарыстыкі ягонай творчасьці, проста знайдзіце і паслухацей, бо гэта песьні якіх вельмі не хапае». Таксама ён вылучае Дашу Кадамскую і гурт «Бабэобі», Яўгена Барышнікава, а з гуртоў — Pukstband і этна-трыё «Троіцу». Яшчэ Міхал сочыць за перадачай пра беларускую музыку «Кракатук», якую робіць журналіст Tuzin.fm Віктар Сямашка на хвалях «Радыё Рацыя»: «Калі адыйду крыху ад лікбэзаўскага заплыву па сусьветнай музыцы, больш уважліва паглыблюся ў архівы „Кракатуку“, бо нягледзячы на заўсёдны скепсіс адносна нашага музычнага жыцьця, яно не такое ўжо і беднае на ідэі, мо толькі абгортак бліскучых бракуе і з рэалізацыяй траблы».

Што да навінаў гурта, то праект «Нельга забыць» узяў цяпер творчы адпачынак. «Я асабіста зьнечакаўся на электрычнасьць і пры першай магчымасьці, якраз гэтым з „НЗ“ і займуся», — кажа Міхал і запрашае ўсіх, каму даспадобы яго творчасьць, завітваць на афіцыйныя суполкі каманды, дзе будзе зьмяшчацца інфармацыя пра найбліжэйшыя выступы.

«Нельга забыць» УКантакце/Facebook

Tuzin.fm, фота з суполкі гурта