Аляксандар Ільюкевіч: «Беларускі шоў-біз адстае ад сусьветнага на гадоў 20» (відэа/аўдыё)
3554 / 2
20.01.2015

Аляксандар Ільюкевіч: «Беларускі шоў-біз адстае ад сусьветнага на гадоў 20» (відэа/аўдыё)

Беларускі рокер зь Лёндану распавёў пра свой брытанскі гурт, запіс на Abbey Road і няўдалы візыт у Менск, калі ён быў вымушаны плаціць арганізатарам за выступ, а таксама праанансаваў будучы альбом.

Яшчэ гадоў 10 таму тое б гучала як сэнсацыя: нікому невядомы рок-музыка зь Беларусі стварыў у Лёндане свой гурт, а дэбютны альбом майстарынгаваў на студыі Abbey Road. Зрэшты, і цяпер такая навіна ўспрымаецца нязвыкла й зь вялікай прыемнасьцю, якую б музыку той беларус ні граў. Свой кірунак музыка вызначае як «belarusian rock‘n’roll». Наконадні прэзэнтацыі сваёй другой кружэлкі Аляксандар Ільюкевіч адказаў на пытаньні рубрыкі !OUT на Tuzin.fm.

ТГ: Дык як жа ж Вы апынуліся ў Вялікабрытаніі?

А.І.: Упершыню я прыехаў у Лёндан у 2001 годзе па студэнцкай праграме. Зьбіраў трускаўкі на фэрмэрскіх палёх. А ў вольны час наведваў Лёндан, дзе мне вельмі спадабалася. У 2004-м скончыў геафак БДУ й вырашыў паехаць далей вучыцца ў брытанскую сталіцу, дзе й «вучуся» дагэтуль. Акром музыкі, займаюся фота й антыкварыятам.

ТГ: Дзіўна, чаму Вы, выдатна валодаючы беларускай ды ангельскай мовамі, пішаце песьні па-расейску. 

А.І.: Я ніколі ня меў шанцу й часу, каб вывучыць беларускую мову дасканала. Калі выходзіш на вельмі толькі эмацыйны ўзровень — там, дзе на самой справе гэтыя песьні пішуцца — фразы атрымоўваюцца на расейскай мове. Сьпяваць па-беларуску ў маім выпадку можа быць ненатуральна. Па-беларуску фактычна я размаўляю толькі раз на год, наведваючы маці ў Беларусі.

ТГ: А з каго Вы скалацілі сваю каманду The Highly Skilled Migrants? Наколькі назоў адпавядае статусу ўдзельнікаў?

А.І.: На адной тусоўцы брытанскія сябры папрасілі сыграць — усім спадабалася, і неўзабаве сабраўся такі інтэрнацыянальны квартэт: два ангельцы, шатляндзец і я — беларус. Да асобных выступаў альбо запісаў наш склад пашыраецца за кошт запрошаных музыкантаў, як правіла духавікоў.

ТГ: Як Вашую музыку успрымаюць брытанцы?

А.І.: На іх думку, мае песьні гучаць арыгінальна й экспрэсіўна, што ім вельмі даспадобы. Для брытанцаў галоўную ролю грае музыка, а ня тэкст. На нас ходзяць зусім не эмігранты з былога СССР, як можна падумаць, а менавіта карэнныя жыхары Злучанага Каралеўства ды суседніх краінаў Эўропы. Мы рэгулярна выступаем на фэстах ды ў клюбах, ладзілі тур па Заходняй Эўропе.

ТГ: Чаго чакаць у новым альбоме? Там таксама ўсё па-расейску?

А.І.: За выключэньнем аднае англамоўнае песьні. Ёсьць ідэя запісаць беларускамоўны альбом. Ён застаецца ў плянах, але не ў кароткатэрміновых. На жаль, фінансавы бок зьяўляецца асноўнай сілай трэньня ў рэалізацыі запісу й выданьні альбомаў. Таксама мы бы з радасьцю выступілі ў Беларусі, чакаем на запрашэньні!

ТГ: Здаецца, Ваш гурт ужо завітваў у Менск.

А.І.: У нас быў трагічны тур у 2010 годзе Масква — Піцер — Менск. Пра яго нават выйшаў дакумэнтальны фільм. Мы былі вельмі амбітнымі музыкамі, але насамрэч наіўнымі. На нашыя канцэрты ніхто не прыйшоў, зламалі кантрабас… У Менску арганізатары папрасілі ў нас грошай за тое, што мы ў іх гралі. Навогул, сытуацыя з арганізацыяй канцэртаў і, так званым, шоў-бізам у Беларусі застаецца вельмі сумнай і адстае ад сусьветнае практыкі на гадоў 20. У беларускіх мястэчках ды вёсках жывуць геніяльныя творцы, але пра іх ніхто ня ведае.

Адзіная ангельскамоўная песьня з новага альбома The Highly Skilled Migrants

 

Дарэчы, сам Аляксандар Ільюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Янавічы, што на Клеччыне пад Менскам. Песьні пачаў пісаць з 15—16 гадоў, але ж упэўненасьць у музычных здольнасьцях атрымаў толькі на Туманным Альбіёне. Яго дэбютны альбом «Га Нума» майстарынгаваўся на студыі Abbey Road, а выйшаў на расейскім лэйбле «Бомба-Питер» у 2009 годзе. Як сьцьвярджае Аляксандар, дзьве песьні з альбома («На Восток» і «Слово о сыне Родины») спачатку гучалі прынамсі на адной менскай FM-станцыі, але неўзабаве былі забароненыя й зьнятыя з этэру акурат перад выбарамі 2010 году. Новы альбом «Песни под мостом» будзе апублікаваны 28 лютага 2015 году. Ужо можна замовіць уласны асобнік.

Сачыць за творчасьцю Алеся Ільюкевіча можна празь яго старонкі ў сацсетках: Bandcamp/Facebook/ Twitter/Livejournal/Kroogi

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі выканаўцы

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    27.01.2015 / 10:05

    Чакаем беларуски альбом Алеся!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    25.02.2015 / 16:53

    Альбом Сашы Ільюкевіча Songs Under The Bridge спампаваць і паслухаць тут http://34mag.net/piarshak/post/song-under-the-bridge/

  • КАМЕНТАВАЦЬ