Месца, дзе шукаюць шчасьця. Новы альбом Несьцярэнкі (інтэрнэт-прэм’ера)
4624 / 2
28.01.2015

Месца, дзе шукаюць шчасьця. Новы альбом Несьцярэнкі (інтэрнэт-прэм’ера)

Юры Несьцярэнка прадстаўляе на Tuzin.fm свой новы альбом «Аэрапланы ў вырай», песьні да якога запісваліся цягам пяці год.

Першапачаткова альбом  мусіў называцца «Сіндром Вавілона». Але сэнс самой назвы, як і зьмест аднайменнай песьні – гэта непаразуменьне паміж людзьмі. Таму зьявілася патрэба прыдумаць нешта больш пазытыўнае.

Аднак песьня «Сіндром Вавілона» жыла сваім жыцьцём, і аднойчы знаёмы музыкант, уразіўшыся яе стылізацыяй пад гішпанскую музыку, нечакана прапанаваў: «А чаму б табе не даслаць гэтую песьнюна конкурс, які зьвязаны з буйной кампаніяй супраць карыды, дакладней, супраць жорсткага абыходжаньня з быкамі?». Я ня ведаў, як паставіцца да гэтай прапановы – мне карцела пажартаваць, бо я быў вельмі далёкі ад гэтае тэмы, ды і песьня была зусім пра іншае. Але я зрабіў выгляд, што цалкам сур’ёзна паставіўся да інфармацыі і паабяцаў свайму знаёмаму пацікавіцца пытаньнем. 

А ў пэўны момант мяне азарыла: а якая розьніца, дзе адбываецца карыда? І на маёй радзіме па вуліцах час ад часу таксама бягуць людзі, а за імі гоніцца статак раз’юшаных быкоў! І не замежныя, а нашы, мясцовыя рамантыкі-тарэадоры спрабуюць стаць перад статкам, каб спыніць гэтую навалу.

Пакуль я лунаў у гэтых сумных думках, таварыш мой, на хвалі гішпанскае тэмы, патэлефанаваў сваёй знаёмай, якая жыве ў Гішпаніі і якраз зараз прыехала на радзіму ў адпачынак. Мы сустрэліся ва ўтульнай кавярні з гішпанскай назвай і вырашылі пасмакаваць сапраўднага гішпанскага віна.  У хуткім часе майму таварышу патэлефанавалі, ён перапрасіўся і развітаўся. Нам пашанцавала – размова захапіла нас цалкам. Бармэн негучна ўключыў «Сіндром Вавілона» – наш агульны знаёмы паклапаціўся пра гэта перад тым, як сысьці. Па іроніі лёсу, беларуская гішпанка была ў чырвонай вопратцы. Мы павольна прыгублялі чырвонае віно, і ў нейкі момант мая суразмоўніца сказала: «А давай вып’ем за час, калі па ўсім сьвеце будзе ісьці кампанія па захаваньні апошніх беларускіх быкоў!».

Што мне заставалася рабіць? Я ня стаў разважаць пра сындром непаразуменьня паміж людзьмі і папрасіў бармэна, каб ён паставіў песьню «Аэрапланы ў вырай».

Юры Несьцярэнка

Слова «вырай» у беларускай мове мае некалькі значэньняў. Напрыклад месца, якое ведаюць ці шукаюць птушкі, калі ляцяць ў цёплыя краіны. Акрамя гэтага, так пазначаецца сама па сабе птушыная супольнасьць, якая папярэдне ведае, куды ляцець – клін, касяк, чарада і г.д.  А яшчэ так называецца час, калі трэба адлятаць. У пераносным жа значэньні, вобразным, што тычыцца жыцьця чалавека – гэта месца, дзе шукаюць шчасьця. Альбом Юрыя Несьцярэнкі ахоплівае ўсе значэньні гэтага слова – туды, за далягляд, уяўны вырай сягаюць яго думкі і памкненьні. Яго песьні якраз пра жыцьцёвую мітусьню ды вечны пошук месца, дзе цёпла ды ўтульна. Пра тое, што лучыць людзей і птушак. Пра важнасьць быць разам і адчуваць сябе супольнасьцю хаця б дзеля самазахаваньня. І пра патрэбу калі-некалі зьехаць-схавацца. Каб аддыхацца ды ізноў паляцець.

На альбоме «Аэрапланы ў вырай» сабраныя розныя песьні Несьцярэнкі за апошнія некалькі гадоў. Частка іх добравядомая сталым наведнікам «Тузіна Гітоў», бо прадстаўлялася ў межах нашага чарту. Адна зь песень з дыску – «Неба навокал» у 2010 годзе атрымала відэаўвасабленьне аўтарства рэжысэра Анатоля Вечара.

Песьня «Восеньскі мінор» была запісана ў Польшчы ў дуэце з Ілонай Карпюк-Дамброўскай. «Маю адзіноту» Юры запісаў з адным з сваіх гуртоў – White Night Blues. «Адкажы» і «Сіндром Вавілона» удзельнічалі ў розных беларускіх гіт-парадах, на хвалях шматлікіх радыястанцый і па тэлеканалах. Але ж на альбоме прадстаўлены невядомыя іх версіі – першая ў канцэртным варыянце, другая ў студыйным акустычным. «Аэрапланы ў вырай», «Пэўныя знакі» і «Мора зімы» – адносна новыя кампазыцыі, запісаныя напрыканцы 2013 года. Як вынікае –  трэкі паўсталі ў розны час, у розных месцах і з рознымі людзьмі. Але яны яднаюцца ў адзін альбом дзякуючы пазнавальнай манеры выкананьня і аўтарскаму стылю. Юры Несьцярэнка традыцыйна застаецца аўтарам усёй музыкі. Аўтарам амаль што ўсіх тэкстаў зьяўляецца Алена Беланожка (акрамя «Мора зімы», у якой тэкст Людмілы Рублеўскай і песьні «Пэўныя знакі», дзе тэкст напісаў Несьцярэнка).

На CD рэліз адбыўся ў 2014. Першая яго прэзэнтацыя прайшла яшчэ да яго выхаду – улетку 2013 году ў Маладэчна з удзелам Алеся Камоцкага, Вольгі Акуліч і Ірыны Снапковай. Ёсьць спадзяваньне, што шырокая прэзэнтацыя адбудзеццца і ў Менску ўжо ў 2015-м.

Tuzin.fm

Юры Несьцярэнка – Аэрапланы ў вырай

1.            Аэрапланы ў вырай

2.            Пэўныя знакі

3.            Восеньскі мінор (у дуэце з Ілонай Карпюк-Дамброўскай)

4.            Адкажы (фрагмент з музычнай казкі «Па слядах ваўка»)

5.            Сіндром Вавілона

6.            Неба навокал

7.            Мая адзінота (з гуртом White Night Blues)

8.            Мора зімы

Музыка Юрыя Несьцярэнкі.

Тэксты:  Алена Беланожка (1, 3 – 7), Юры Несьцярэнка (2), Людміла Рублеўская (8).

Вялікі дзякуй Аляксею Аўдацейку за сур’ёзную працу над музычным матэрыялам, Лукашу Стэпанюку (запіс песьні «Восеньскі мінор» на ўласнай студыі «W.19-65» у Беластоку) і Тамары М., якая дапамагла зладзіць вандроўку; музыкам, якія ўдзельнічалі ў запісу: бубначу Жэню Зьвераву, бас-гітарысту Сашу Сеўруку, клявішніку і гукарэжысэру Юрыю Дзеравяшкіну, гітарысту і аранжавальніку Сашу Камлюку. Асобная падзяка мастаку Вадзіму Калацэю за працу над вокладкай, кіраўніку кампаніі «Ковчег» Уладзімеру Кузьміну за хуткае рэагаваньне, спадарыні Вікторыі Л. за арганізацыю творчага працэса.

Спампаваць адным файлам з Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Aleg Krupenich
    Aleg Krupenich / адказаць
    29.01.2015 / 17:43

    Выдатна, але здаецца, што трэкi "Мая адзiнота" i "Неба навокал" памянялiся назвамi ... Вельмi даспадобы прыйшлася песня "Сiндром Вавiлона"!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    30.01.2015 / 09:31

    Дзякуй за пільнасьць, паправілі

  • КАМЕНТАВАЦЬ